Працаўладкаваньне ў Канадзе
(эфір 29 жніўня 2000)
Аўтар і вядучы – Мікола Іваноў.
ХХІ стагодзьдзе – час надзвычай актыўнай міграцыі працоўнай сілы. Для
высокаякасных спэцыялістаў паняцьце “дзяржаўная мяжа” страціць сваё значэньне.
Так лічаць экспэрты ААН. Якім жа чынам у гэтых міграцыйных рухах змогуць
удзельнічаць беларусы? Якія новые пэрспэктывы выезду на заробкі адкрываюцца
для іх? Сёньня ў сэрыі “У сьвет на заробкі” – пра некаторыя аспекты выезду
на заробкі ў адну з самых багатых краінаў сьвету – Канаду.
Узровень тэхнічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, як і некаторых іншых
краінаў былога Савецкага Саюзу, адзін з самых высокіх у сьвеце. І гэта
дае Беларусі надзвычай добрыя стартавые пазыцыі ў ХХІ стагодзьдзе, якое
вучоныя ўжо сёньня называюць стагодзьдзем электронікі. Але ці гэтыя добрыя
стартавые пазыцыі могуць сапраўды гарантаваць эканамічны і сацыяльны росквіт
Беларусі ды іншых посткамуністычных краінаў?
Нядаўна ўсясьветна вядомая кансалтынгава-экспэртная фірма “Макконэл
Інтэрнэшнл” правяла шырокамаштабнае дасьледаваньне посткамуністычных краінаў
і краінаў трэцяга сьвету ў справе: як яны падрыхтаваныя да электроннай
эры. І хаця Беларусь у гэтым дасьледаваньні не вывучалася, мы можам меркаваць
пра яе падрыхтаванасьць на падставе тых ацэнак, якія атрымала Расея.
Экспэрты “Макконэл Інтэрнэшнл”, нягледзячы на наяўнасць у Расеі высокакваліфікаваных
кадраў спэцыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў, ацанілі яе шанцы
быць перадавой кампутарнай дзяржавай як мінімальныя. Кліфард Гэды, навуковы
супрацоўнік Бруклінскага каледжа, адзін з аўтараў дакладу, лічыць, што
галоўная праблема Расеі ў тым, што яна будзе ня ў стане затрымаць сваіх
высокакваліфікаваных спэцыялістаў, неабходных для паскоранага разьвіцьця
кампутарных галінаў эканомікі. Ён лічыць, што прычынай гэтага можа стаць
глябалізацыя ўсясьветнай эканомікі:
(Гэды) “Я скептычна стаўлюся да расейскіх пэрспэктываў у сувязі з некалькімі
прычынамі. І адна зь іх – менавіта глябалізацыя усясьветнай гаспадаркі.
Глябалізацыя ахопіць усе галіны эканамічнага жыцьця, у тым ліку і рынак
працоўнай сілы”.
Другі амэрыканскі экспэрт, які ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гэтага дакладу
Джэральд О’Дрыскол лічыць, што толькі шырокі прыток замежных капіталаў
у расейскую кампутарную галіну можа гарантаваць Расеі месца сярод перадавых
краінаў электроннага стагодзьдзя. Але падобны прыток капіталаў зусім не
прадбачыцца. О’Дрыскол у інтэрвію нашай радыёстанцыі гаворыць:
(О’Дрыскол: ) “Бальшыня краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы – асабліва
прыбалтыйскія краіны, Чэхія, Вугоршчына, Польшча – адкрылі свае гаспадаркі,
яны лібэралізавалі іх, яны зрабілі значны крок у кірунку прававой дзяржавы,
у іх добрая юрыдычная сыстэма, яны ў агульных рысах сумленныя і справядлівые,
карупцыя тут – не такая сур’ёзная праблема, яна не пагражае бізнэсу. Людзей
не крадуць, іх не забіваюць на вуліцах. І гэтыя гаспадаркі будуць расьці.
Але ўсе гэтыя фактары адсутнічаюць у Расеі”.
І хацелася б за экспэртам “Heritage Foundation” Джэральдам О’Дрыскалам
сьцьвердзіць, што ўсе гэтыя фактары адсутнічаюць таксама і ў Беларусі.
І таму будучая непазьбежная глябалізацыя міжнароднага рынку працоўнай сілы
будзе спрыяць выезду беларусаў на заробкі па-за межы Бацькаўшчыны.
Але калі нехта з нашых радыёслухачоў рэальна плянуе выезд на заробкі
ў замежжа, дык зрабіць гэта самому без кансультацыяў і дапамогі з боку
спэцыялістаў практычна немагчыма. Але якую ж пасярэдніцкую фірму выбраць,
і ў якую краіну паехаць?
Станоўча раім карыстацца паслугамі фірмаў з краіны, у якую вы хацелі
б паехаць, а не пасярэдніцкімі прапановамі расейскіх, беларускіх ці іншых
фірмаў на тэрыторыі былога СССР. Дарэчы, бальшыня замежных фірмаў, якія
дапамагаюць выехаць на заробкі ў замежжа, маюць свае прадстаўніцтвы ў посткамуністычных
краінах.
Вось і мы сёньня, каб атрымаць кансультацыю для гэтай перадачы ў справе
працаўладкаваньня ў замежжы, вырашылі зьвярнуцца да сябра Ўсясьветнай асацыяцыі
эміграцыйных адвакатаў Лёры Рэндл, юрыдычнае бюро якой знаходзіцца ў Таронта
(Канада). Вось што яна адказала на пытаньне, датычнае спэцыфікі канадзкай
палітыкі прыняцьця тых, хто хоча прыехаць сюды на заробкі.
(Pэндл: ) “Канада ў адрозьненьне ад ЗША зьяўляецца абсалютна адкрытай
краінай у справе выезду туды на заробкі. Гэта краіна з вялізнай тэрыторыяй
і ня вельмі густанаселеная. Працэс афармленьня дакумэнтаў туды даволі лібэральны.
Цяпер працэс іх афармленьня займае ад 12 да 18 месяцаў, але хутка будзе
прыняты новы іміграцыйны закон і тэрміны скароцяцца”.
Вядома што ў Канадзе ўжо даўно дзейнічае спэцыяльная праграма прыёму
на працу высокакваліфікаваных спэцыялістаў пад назвай “Пайлот”. Гэта не
іміграцыя, а менавіта выезд на заробкі. У галоўных рысах яна нагадвае тое,
што цяпер робіць Нямеччына, якая прыймае да 20 тыс. спэцыялістаў-кампутарнікаў,
каб быць канкурэнтназдольнай на міжнародных рынках. Канада ж мае куды большыя
дасьведчаньні ў гэтай галіне. Расказвае канадзкая адвакатка Лёра Рэндл:
(Pэндл: ) “Так, у нас існуе спэцыяльная праграма “Пайлот”, разьлічаная
спэцыяльна на праграмістаў і спэцыялістаў-кампутарнікаў. Яна прадугледжвае
выезд на заробкі на кароткі пэрыяд. Гэта не іміграцыя. Людзі ў рамках гэтай
праграмы прыяжджаюць па працоўнай візе. Яны маюць дазвол на працу. Такі
выезд звычайна адбываецца на два гады, а пазьней, калі чалавек хоча іміграваць
у Канаду, ён павінен прайсьці ўсю працэдуру складаньня неабходных іміграцыйных
дакумэнтаў”.
А як канадзкае эміграцыйнае заканадаўства ставіцца да гэтай працоўнай
катэгорыі? Хто такі “спэцыяліст-кампутарнік паводле канадзкага закону?
Адвакатка Рэндл з Таронта адказвае:
(Pэндл: ) “Гэта новая праграма, распрацаваная міністэрствам эміграцыі
галоўным чынам для кампутарнікаў. Спэцыяліст-кампутарнік – гэта, зразумела,
ня просты ўжывальнік Пі-Сі (пэрсанальнага кампутара). Ён павінен быць сапраўдным
спэцыялістам у такой галіне, як кампутарнае праграмаваньне і валодаць іншымі
галінамі кампутарнай навукі. Прапанова працы, звычайна, зыходзіць адсюль,
з Канады, ад кампаніяў, якія патрабуюць адпаведных спэцыялістаў. І вось
на працягу гэтых двух першых гадоў людзі жывуць і працуюць у Канадзе ў
сытуацыі замежнікаў. Яны ня маюць права атрымаць статус сталага жыхара”.
А ці існуе нешта падобнае на гэтую канадзкую праграму “Пайлот” у Злучаных
Штатах Амэрыкі? Ці Амэрыка таксама на дзяржаўным узроўні ўдзельнічае ў
канкурэнцыі на міжнародным рынку спэцыялістаў-кампутарнікаў?
(Рэндл: ) “У Амэрыцы дзейнічала падобная праграма некалькі гадоў таму,
але апошнім часам выезд на заробкі ў ЗША і эміграцыя туды крыху ўскладніліся.
Канада значна больш папулярная сярод тых, хто шукае працы за мяжой”.
Канада – краіна, якая на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў праводзіць
даволі выразную эфэктыўную іміграцыйную палітыку прыёму на працу высокакваліфікаваных
спэцыялістаў. У гэтым, акрамя іншых фактараў, палягае прычына надзвычай
высокага дабрабыту гэтай краіны, яе эканамічных посьпехаў і высокага міжнароднага
аўтарытэту.
Падобную, але разам з тым вельмі спэцыфічную палітыку ў дачыненьні да
тых, хто хоча працаўладкавацца за мяжой, праводзяць і Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Гэтай тэме будзе прысьвечаная адна з наступных перадачаў сэрыі “У сьвет
на заробкі”.
Мікола Івноў, Прага