Прычыны адмоваў у дзяржаўнай рэгістрацыі некаторым беларускім суполкам Расеі; навіны з жыцьця беларусаў Малдовы і Бэльгіі.

Удзельнічаюць: Генадзь Лех, Уладзімер Дзяржыцкі, Ігар Лазарчук.

(эфір 22.12.2000)

Аўтары і вядучыя: Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш.

(Сурмач: ) “Сёньня мы працягваем тэму дзейнасьці беларускіх арганізацыяў у Расеі. У нашай перадачы ад 1 сьнежня паведамлялася пра тое, што старэйшая беларуская суполка – Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Скарыны – ніяк ня можа прайсьці дзяржаўнай перарэгістрацыі. Мы абяцалі нашым слухачам высьветліць прычыны. Днямі да нас прыйшла інфармацыя, што Таварыства ўрэшце зарэгістраванае. Але, зь вялікімі цяжкасьцямі. Чаму? На гэтае пытаньне адказвае старшыня суполкі Генадзь Лех”.

(Лех: ) “У адпаведнасьці з пастановаю расейскага ўраду да 1 ліпеня 1999 г. усе грамадзкія арганізацыі краіны павінны былі прайсьці перарэгістрацыю. Як патрабаваў закон, мы падалі дакумэнты на перарэгістрацыю ў сакавіку мінулага году. Але атрымалі адмову. Падалі яшчэ раз, атрымалі другую адмову. Пасьля гэтага мы зьвярнуліся да вядомай юрыдычнай фірмы ў Маскве, якая займаецца рэгістрацыяй грамадзкіх арганізацыяў і камэрцыйных структураў. Зь яе дапамогаю яшчэ сем разоў падавалі дакумэнты. У чым прычыны? Справа ў тым, што рэгістрацыю грамадзкіх арганізацыяў праводзіць Упраўленьне юстыцыі г. Масквы. Яно не давала згоды на нашу рэгістрацыю, шукалі самыя розныя прычыны. Нашымі дакумэтамі займаліся вельмі кваліфікаваныя юрысты, але пытаньне не вырашалася.

Упраўленьне рабіла ўсё, каб нас не зарэгістраваць, бо нашая арганізацыя аб’ядноўвае людзей, якія выступаюць за нацыянальнае адраджэньне і незалежнасьць Беларусі. Урэшце рэшт яно зрабіла памылку. У адказе на нашу чарговую заяву аб перарэгістрацыі яны патлумачылі прычыну тым, што існуюць акалічнасьці, з-за якіх нашая арганізацыя ня можа быць перарэгістраваная. Такі адказ катэгарычна забаронены законам. Мы зьвярнуліся з пратэстам у Міністэрства юстыцыі, там юрысты прагледзелі нашыя дакумэнты і ў адпаведны тэрмін вырашылі гэтае пытаньне, нас зарэгістравалі. Але ўся гэта справа заняла больш за год часу”.

(Сурмач: ) “Сп. Генадзь, вядома, што Вы зьўляецеся кіраўніком і Міжрэгіянальнага аб’яднаньня беларусаў Расеі, што было створана ў сакавіку мінулага году. Я была на ўстаноўчым сходзе і ведаю, што яго заклалі тыя беларускія суполкі, якія таксама падтрымліваюць ідэі нацыянальнага адраджэньня і дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, у тым ліку і Таварыства імя Скарыны. Ці маеце вы праблемы з рэгістрацыяй і гэтай арганізацыі?”

(Лех: ) “На гэты дзень арганізацыя не зарэгістраваная. Мы падавалі дакумэнты на яе рэгістрацыю двойчы, праблема ўсё ж тая. Рэгістрацыяй займаецца тое самае Упраўленьне юстыцыі г. Масквы.

У Расеі ёсьць дзьве плыні ў беларускай дыяспары. Адна падтрымлівае прэзыдэнта Лукашэнку і ўсё, што ён робіць, другая выступае за незалежнасьць Беларусі, супраць усякіх саюзаў. Наша арганізацыя і ўсе шэсьць суполак з розных рэгіёнаў, якія ўваходзяць у яе склад, належаць да другой плыні. Безумоўна, таму мы і не зарэгістраваныя”.

(Сурмач: ) “Пасьля таго, як узьнікла Міжрэгіянальнае аб’яднаньне беларусаў Расеі, літаральна праз тыдзень, 2 красавіка, было створана новае аб’яднаньне. Мне давялося прысутнічаць на ўстаноўчым сходзе і гэтай арганізацыі. Было відавочна, што яна стваралася пры поўнай падтрымцы ўладаў і згуртавала, у большасьці, прыхільнікаў расейска-беларускага саюзу. Зразумела, што праблемаў з дзяржаўнай рэгістрацыяй у гэтым выпадку не было.

Такім чынам, можна сказаць, што ўжо вясною мінулага году сярод беларусаў Расеі адбыўся раскол, За паўтара году ён толькі паглыбіўся, бо дзяржаўныя структуры як Расеі, так і Беларусі няроўна ставяцца да ўсіх беларускіх суполак, што дзейнічаюць у Расейскай Фэдэрацыі. Аб праблемах беларускай дыяспары ў гэтай краіне мы і надалей будзем распавядаць у нашых перадачах”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А зараз пяройдзем да навінаў з жыцьця беларусаў Малдовы”.

(Сурмач: ) “Прапануем вашай увазе інфармацыю старшыні беларускай суполкі ў Кішынэве Уладзімера Дзяржыцкага”.

(Дзяржыцкі: ) “Мы ў Малдове нядаўна адсьвяткавалі Дні беларускага кіно. У праграме быў фільм “Дзікае паляваньне караля Стаха” паводле твору Караткевіча. Была поўная заля гледачоў, ня толькі сяброў суполкі, але і ня толькі беларусы прыйшлі. Беларускія фільмы паказваліся ў Кішынэве, Бельцах, Ціраспалі. Сапраўды, гэта было вялікае сьвята для нас.
На пасяджэньні Рады нашай суполкі мы таксама ўшанавалі юбілей Уладзімера Караткевіча.

Цяпер рыхтуемся да сустрэчы Калядаў і Новага году, вызначылі, што нам трэба зрабіць, каб сьвяты прайшлі цікава.

Наша суполка мае добры аўтарытэт. Мы кожны месяц сустракаемся, сьвяткуем разам усе сьвяты, жывем тут адной беларускай сям’ёю. Да нас прыходзяць зь іншых нацыянальных суполак і просяць, каб мы іх прынялі да сябе”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Мы атрымалі вестку з Бэльгіі пра тое, што нядаўна там створана новая беларуская суполка ў Антвэрпэне. З просьбаю расказаць пра гэтую адметную падзею мы зьвярнуліся да старшыні суполкі Ігара Лазарчука”.

(Лазарчук: ) “21 верасьня ў Бэльгіі афіцыйна адчыніўся Беларускі цэнтар. Яго стварылі 35 чалавек, у асноўным, гэта палітычгыя ўцекачы зь Беларусі, прадстаўнікі вядомых апазыцыйных палітычных партыяў – БНФ, Грамадзянскай партыі, Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ і інш.

Пачыналі мы ў 1999 годзе. Я выказаў ініцыятыву і пачаў шукаць аднадумцаў. Я
ведаў адрас штаб-кватэры “Хартыі-97”у Брусэлі, які мне даў сп. Саньнікаў. Там мы пазнаёміліся са сп. Жучкам і Арэшкам”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Патлумачым, што узгаданыя сп. Жучка і Арэшка – гэта вядомыя беларускія дзеячы ў Бэльгіі, якія належаць да паваеннай эміграцыі”.

(Лазарчук: ) “Першая нашая акцыя была накіраваная супроць недэмакратычных выбараў у Беларусі, мы яе правялі каля беларускай амбасады”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Ігар, ваш Цэнтар знаходзіцца ў Антвэрпэне, а ці ўваходзяць у суполку людзі з іншых мейсцаў?”

(Лазарчук: ) “Зараз нашыя прадстаўнікі ёсьць ва ўсёй Бэльгіі, у буйных гарадах, такіх як Брусэль, Шарлеруа, Хассэльт і інш.
Не сакрэт, што плыня палітычных уцекачоў і іншых незадаволеных рэжымам Лукашэнкі павялічваецца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Я так разумею, што ваш Цэнтар больш займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю, арганізуе, пераважна, акцыі пратэсту?”

(Лазарчук: ) “Адпачатку мы планавалі рабіць толькі палітычныя акцыі, каб прыцягнуць увагу бэльгійскай грамадзкасьці, а таксама Эўрапарлямэнту і іншых структураў да падзеяў у Беларусі. Калі праходзіць сэсія Эўрапарлямэнту, і побач з будынкам стаяць палітуцекачы і трымаюць плякаты з надпісамі пратэсту супраць дыктатуры ў Беларусі, - гэта аказвае большы ўплыў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ваша суполка аб’ядноўвае, у большасьці, палітычных уцекачоў зь Беларусі. А ці ёсьць іншыя сябры?”

(Лазарчук: ) “Ёсьць іншыя людзі - грамадзяне Бэльгіі, Францыі, Галяндыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сп. Ігар, Вы ўспомнілі пра кантакт са старэйшымі эмігрантамі. Ці супрацоўнічаеце вы з суполкаю ў Брусэлі, якая была створана імі ў паваенны час і дзейнічае да сёньняшняга дня?”

(Лазарчук: ) “Мы падтрымліваем цесныя сувязі са старой эміграцыяй. Мы сумесна ладзілі пікеты. Яны былі запрошаны на адкрыцьцё нашага Цэнтру”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якое мерапрыемства плянуеце на бліжэйшы час?”

(Лазарчук: ) “Рыхтуемся да сьвятаў – Калядаў і Новага году. 25 сьнежня будзем праводзіць культурную праграму для нашых дзетак”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць сярод вас студэнты?”

(Лазарчук: ) “Так, ёсьць студэнты, якія былі выключаныя з навучальных установаў Беларусі за апазыцыйную дзейнасьць. Двое зь іх уплывова працуюць у Генце. Гент – гэта студэнцкі горад Бэльгіі, дз ёсьць студэнты з усяго сьвету. Яны там праводзяць выступы, знаёмяць іншых студэнтаў са становішчам у Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як паведаміў сп. Лазарчук, наваствораную суполку, пераважна, складаюць маладыя людзі. Гэта дае надзею, што моладзь прадоўжыць беларускую працу ў Бэльгіі, распачатую паваеннай эміграцыяй і захавае такім чынам беларускую прысутнасьць у краіне, дзе знаходзіцца сёньня цэнтар эўрапейскага палітычнага жыцьця”.

Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага