Спробы ажыцьцяўленьня краёвай ідэі ў XX стагодзьдзі
(эфір 31 Жніўня 2000 г.) Удзельнік: навуковец і літаратар Арсень Ліс.Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі. (Ракіцкі: ) “У сьнежні 1915 году, у Вільні адбыўся зьезд прадстаўнікоў беларускіх, польскіх, літоўскіх і гэбрайскіх арганізацыяў. На якім яны аформіліся ў блёк пад назовам “Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага”. У прынятым дакумэнце “Ўнівэрсал” была сфармуляваная і мэта канфэдэрацыі:
Каб літоўскія і беларускія землі, што здаўна прыналежылі да ВКЛ, пры новых гістарычных варунках станавілі неразьдзельнае цела на грунце незалежнасьці Літвы й Беларусі як суцэльнае дзяржавы, засьцерагаючы ўсім нацыям у яе межах усе правы.Гэткім чынам, краёвая ідэя, што грунтавалася на ўсьведамленьні беларуска–літоўскага краю як радзімы й зямлі продкаў, пераводзілася ў практычную плашчыну. Рабіліся захады супрацьстаяньня палітыцы русіфікацыі і ўніфікацыі Беларусі й Літвы. Адбудаваньне колішняй агульнае дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Пра гэта наш сёньняшні расповед. Маім госьцем навуковец і літаратар Арсень Ліс… Спадар Ліс, утварэньне канфэдэрацыі азначала практычна захады на аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага на пачатку ХХ стагодзьдзя?” (Ліс: ) “Так. Стварэньне канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 15-га году было практычным крокам, спробаю адбудовы Вялікага Княства Літоўскага і спробаю рэалізаваць ідэю краёвасьці, якая ўзьнікла яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя. Прадстаўнікі інтэлігэнцыі і творцы ідэі краёвасьці бачылі ў гістарычнай памяці народаў аўтахтонных літоўска-беларускіх земляў, што ў гістарычнай памяці жыве дзяржава Вялікае Княства Літоўскае, якая забясьпечвала талерантнае сужыцьцё чатырох народаў, якія насялялі гэтыя землі. Яна ня зьнікала на працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя”. (Ракіцкі: ) “Мне вельмі цікавыя заўсёды былі словы Кастуся Каліноўскага “з-пад шыбеніцы” — гэты разьвітальны зварот да беларускага народу. Кастусь Каліноўскі пісаў:
…Калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і за свабоду, тагды і ты не аставайся ззаду… цэлай грамадой ідзі ваяваць за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную.Ці ня тут перадумовы і прычыны, і сутнасьць краёвай ідэі?” (Ліс: ) “У дзейнасьці Каліноўскага ляжала бязспрэчная краёвая ідэя. Паўстаньне было накіравана ня толькі на тое, каб вызваліцца ад царызму. Адам Станкевіч добра пазначыў у сваёй выдатнай рабоце “Мужыцкая праўда Кастуся Каліноўскага і ідэя незалежнасьці Беларусі” тое, што Каліноўскі марыў пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага, пра стварэньне Літоўскай Рэспублікі, дзе літоўскі, беларускі народ мелі б дзяржаўнасьць і жылі б на дэмакратычных асновах. Ідэя набывала практычны, палітычны сэнс, але ж ня толькі ў Каліноўскага. Папярэднікі Каліноўскага спрабавалі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Можна ўзгадаць паўстанцаў пад кіраўніцтвам Касьцюшкі. Знакаміты кампазытар і палітычны дзяяч Агінскі ў 1811 годзе з праектам выходзіў на Аляксандра І, дзе раіў заняцца адбудоваю ВКЛ (у пляне аўтанамічным)”. (Ракіцкі: ) “Няўжо ён думаў, што расейскі цар проста так мог аддаць гэтыя землі?” (Ліс: ) “Па-першае, гэта быў больш-менш лібэральны з расейскіх цароў. Ён вярнуў з эміграцыі Агінскага, даў яму званьне саветніка (радніка), фактычна наблізіў да сябе… І выкарыстоўваючы гэты давер, Агінскі падумаў пра лёс сваёй Бацькаўшчыны. Бясспрэчна, што калі нават Аляксандар і хацеў бы даць Агінскаму з-за павагі гэтую аўтаномію — у Агінскага былі канкрэтна пазначаныя краёвыя людзі, адміністрацыя, якія б узначальвалі структуры гэтай адноўленнае дзяржавы — дык царскае атачэньне гэтага б не дапусьціла. А ў той час яшчэ набліжаўся Напалеон, які задумваў, напэўна як і расейскі цар, выкарыстаць нацыянальныя рухі”. (Ракіцкі: ) “Мы разумеем, што ў канцы ХІХ стагодзьдзя фармавалася нацыянальная ідэя, але ж паралельна фармуецца і ідэя краёвасьці — мірнага суйснаваньня розных народаў. Як спалучалася нацыянальная ідэя, ідэя беларускае дзяржавы зь ідэяй краёвасьці?” (Ліс: ) “Вельмі наглядна гэтае спалучэньне выражалася ў функцыянаваньні газэты “Кур’ер краёвы”. Фактычна ініцыятарам гэтага выданьня быў Антон Луцкевіч, браты Луцкевічы. Яны паслалі ў “Кур’ер краёвы” аднаго з супрацоўнікаў “Нашай Нівы”, дарэчы добрага публіцыста, сёньня забытага, Язэпа Манькоўскага. І вось гэты беларуска–польскі праект пэрыёдыкі, быў як раз імкненьнем практычна спалучыць інтэнцыі нацыянальнага поліэтнічнага рэгіёну. Трэба было яднаць дэмакратычныя сілы супроць царызму. Гэтае яднаньне як раз праз краёвую ідэю і адбывалася”. (Ракіцкі: ) “Дзейнасьць краёўцаў абмяжоўвалася ўладамі. Краёўцамі зьвязаная і такая зьява, як масонства ў Вільні, і як правіла, яны працавалі не лягальна, на поўпадпольна, маручы пра аднаўленьне старое дзяржавы ў новых умовах. Яны напэўна распрацоўвалі й розныя аспэкты функцыянаваньня гэтае дзяржавы. Што гэта былі за ідэі і хто за імі вылучаўся?” (Ліс: ) “Гэта была вельмі цікавая суполка інтэлігэнцыі, інтэлектуалаў. Надзвычай цікавай постацьцю зь вялікімі дэмакратычнымі традыцыямі ва ўласным родзе, у сваёй сям’і, быў адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Яго дзядзька, Валеры Ўрублеўскі, генэрал Парыскае Камуны, быў паплечнікам Каліноўскага. Бацька Ўрублеўскага быў заснавальнікам першае публічнае бібліятэкі ў Вільні. Звычайна мы ведаем, што Ўрублеўскі бараніў лейтэнанта Шмідта. Але ня ведаем такіх цікавых фактаў, што Тадэвуш Урублеўскі — і гэта была практычная дзейнасьць краёўца — бараніў рэдактара беларускае газэты “Наша Ніва” Аляксандра Ўласава, якому пагражалі за артыкулы “Думай народ”, “Год крэпасьці”. Бараніў групу беларускіх настаўнікаў на чале з Кастусём Міцкевічам. У 23-м годзе Ўрублеўскі на працэсе ў Беластоку, у працэсе 45-ці беларускіх незалежнікаў, бараніў беларускіх эсэраў”. (Ракіцкі: ) “У палітычным пляне, у эканамічным — якія былі праграмы? Ці йснавала ўвогуле распрацоўка дзяржавы ВКЛ у ХХ стагодзьдзі?” (Ліс: ) “У поўным памеры не йснавала такое праграмы, але асобныя пытаньні былі распрацаваныя. Цікава, што аграрным пытаньням займаўся такі прадстаўнік ідэі краёвасьці, як Раман Скірмунт. Раман Скірмунт яшчэ ў 1906 годзе апублікаваў сваю брашуру, празь якую зьвяртаўся да мясцовай інтэлігенцыі, перадусім да аграрыяў, даводзячы ім, што яны не палякі, што яны беларусы ці ліцьвіны, і што аграрнае пытаньне вельмі актуальнае для нашага краю, і што яго трэба рашаць не радыкальна, а рашаць эвалюцыйным шляхам, каб не пакрыўдзіць ані сялян, ані памешчыкаў. Спасылаўся на прыклад рашэньня яго ў Ірляндыі”. (Ракіцкі: ) “У 15-м годзе яны аформіліся ў блёк пад назовам “Канфэдэрацыя”, прынялі Ўнівэрсал, сфармулявалі сваю мэту. Да якое ступені рэалізацыі гэтае мэты яны дайшлі?” (Ліс: ) “Палітычны аспэкт краёвай ідэі фактычна ўжо дзесьці да 17-га году быў ня толькі зрэалізаваны, а і атрымаў паразу. Таму што кожныя нацыянальнасьці сталі будаваць свой дом асобна. Перадусім летувісы, магчыма іх бянтэжыла йснаваньне ў адной дзяржаве з дамінантаю славянскае масы: польскае, беларускае. Натуральна, асабліва польская нацыянальная дэмакратыя — яны таксама хацелі будаваць сваю нацыянальную дзяржаву. І беларусам, відаць, нічога не заставалася як таксама практычна прыступіць да адбудовы сваёй дзяржавы ўжо на нацыянальным грунце. Краёвая ідэя заставалася з боку. І ў сакавіку 18-га году на Ўсебеларускім зьезьдзе, дзе былі прадстаўленыя ўсе палітычныя сілы — пры чым была ахопленая ўся этнічная Беларусь — была аб’яўлена Беларуская Народная Рэспубліка… Адзін з краёўцаў, Тадэвуш Урублеўскі, у сваім артыкуле “Дзяржава й народ”, вітаў гэты акт і казаў, што гэта быў абсалютна дальнабачны акт, менавіта супадзеньне нацыі і дзяржавы ёсьць аптымальным вырашэньнем нацыянальных праблемаў”. (Ракіцкі: ) “У палітычным пляне ідэя краёвасьці аказалася ўтапічнаю, але напэўна можна й сказаць, што шмат у чым яна абумовіла разыходжаньне гэтых нацыяў па сваіх “кватэрах” і ўтварэньне самастойных дзяржаваў, якія ў гістарычнай пэрспэктыве пацьвердзілі сваю паўнавартасьць. Але, як доўга яшчэ жыла ідэя краёвасьці?” (Ліс: ) “Ідэя краёвасьці адгуляла сваю пазытыўную і канструктыўную, калі хочаце, ролю, але асабліва не ў палітычным пляне, а ў культурніцкім. І адгуляла яна пазьней яшчэ, у 20-я гады. Такія прадстаўнікі краёвасьці й творцы самой ідэі як Людвіг Абрамовіч, напрыклад, заставаліся вернымі ідэі краёвасьці ды ідэі дэмакратыі, талерантнага сужыцьця народаў было ВКЛ. А ў 20-я гады, калі была створаная польская дзяржаўнасьць, і калі дзейнікі польскія сталі ігнараваць жыцьцёвыя памкненьні беларускіх і летувіскіх грамадзтваў, дык газэта “Przeglad Wilienski”, рэдагаваная і выдаваная Абрамовічам, давала беларускім дзеячом Антону Луцкевічу, Адаму Станкевічу, Альбіну Стэповічу выказваць свае ідэі ў прэтэнзіі да польскае грамадзкасьці, якая занядбала агульныя ранейшыя дэмакратычныя традыцыі, калі разам у паўстаньнях ішлі поруч “за вашу і нашу свабоду””. (Ракіцкі: ) “Сёньня ў маладзёвым асяродзьдзі, здаецца, зноў назіраецца цікавасьць да краёвай ідэі. З Вашага гледзішча, спадар Ліс, наколькі гэтая ідэя можа быць актуальнаю?” (Ліс: ) “Я думаю, што яна ня страціла сваёй пэрспэктыўнасьці ў пляне аб’яднаньня дэмакратычных сілаў і ў пляне культурніцкім, бо мае бясспрэчны свой яшчэ нявычэрпаны пазытыў у пляне разьвіцьця кантактаў і аб’ектыўнай ацэнкі нашае агульнае мінуўшчыны. Можна глядзець больш упэўнена ў наступны дзень, зыходзячы з досьведу нашага гістарычнага мінулага”. Вячаслаў Ракіцкі