9 Сьнежня 1999.
Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.
Пачну зь ліста Алесі Казаневіч зь Пінску. Яна піша: “Усё сваё жыцьцё я
не любіла камуністаў і ніколі не была разам зь імі. Сёньня ў нас парадкі
амаль такія, як і пры камуністах. Лукашэнку выбіралі на пяць гадоў, а ён
спачатку яшчэ два з паловай гады сабе прыбавіў, а цяпер ідзе на новыя хітрыкі,
на хлусьню, каб як найхутчэй пераехаць у Маскву. Тады зноў можна будзе
падоўжыць тэрмін свайго валадараньня”.
Алеся напісала й пра тое, якіх вынікаў яна чакае ад новага хаўрусу:
“Цяперашняга старшыню Пінскага раённага выканкаму прывезьлі да нас з Камянецкага
раёну. А будзе хаўрус з Расеяй – адтуль будуць перамяшчаць у Беларусь у
якасьці вялікіх спэцыялістаў расейцаў. Нібыта нашыя мясцовыя жыхары такія
дурныя і неадукаваныя. Так ужо было ў нас у пасьляваенны час, калі везьлі
й везьлі з Усходу палітрукоў, каб вучыць жыць па-савецку. І кожнага забясьпечвалі
жыльлём у першую чаргу”.
Пра кватэрную праблему Алеся Казаневіч распавядае з хваляваньнем. Яна
на пэнсіі, у яе муж інвалід 1-й групы. З 87-га году стаяць у чарзе на паляпшэньне
жыльлёвых умоваў. “Калі атрымаем на гэтым сьвеце двухпакаёвую кватэру –
абавязкова паведамім вам”, – з горкай гіроніяй піша спадарыня Казаневіч,
якая паведаміла ў лісьце сваё сапраўднае прозьвішча, але папрасіла ў эфіры
назваць псэўдонім: яна ўсё ж мае надзею на кватэру.
Сваю нелюбоў да камуністаў Алеся Казаневіч ня надта хавала і ў савецкія
часы, хоць пра гэта цяпер, падобна, шкадуе. “Ніхто пра мяне ня ўспомніць,
акрамя знаёмых, якія будуць на кухні асуджаць, што ня ўмела жыць па-халуйску
і так нічога й не атрымала пры жыцьці”, – заканчвае яна свой ліст.
Шкадаваньне гэтае, здаецца, крыху паказное. У адрозьненьне ад многіх
іншых людзей свайго пакаленьня, спадарыня Казаневіч, мяркуючы па лісьце,
заўсёды ведала прычыны таго, чаму мы жывем так, як жывем. І ёй не давялося,
як многім сваім аднагодкам, перажыць духовую драму, калі ў канцы жыцьця
даведваесься, што верыў і служыў ілжывым ідэалам. Жыць у згодзе з уласным
сумленьнем, напэўна, больш важна, чым дачакацца напрыканцы жыцьця двухпакаёвую
кватэру. І спадарыня Казаневіч, па-мойму, і сама гэта добра ўсьведамляе.
У пошце апошніх тыдняў усё больш лістоў пра лёс беларускае мовы. Працытую
ліст слухача, які вельмі незадаволены нашымі праграмамі на гэтую тэму:
“Ці маеце вы рацыю на “Радыё Свабода”, калі выносіце на ўвесь сьвет
пытаньне аб мове?, – піша ён. – Гэта вельмі нагадвае часы лукашысцкага
рэфэрэндуму. У нармальнага грамадзяніна Беларусі такое пытаньне не паўстане.
Нешта з вамі нядобрае робіцца, спадары. Азірніцеся! Мусіць, у вас працуе
КГБ Расеі і вы адпрацоўваеце ягоныя грошы. У здаровым асяродку пытаньне,
на якой мове размаўляць, ніколі не паўстае”. Ліст падпісаны ініцыяламі:
А.М. зь Менску. Аўтар тлумачыць, што падпісваецца так, бо ўжо не давярае
нам.
Яшчэ адзін ліст на гэту тэму (і таксама зь Менску) нам даслаў Віктар
Скараход, вэтэран вайны й працы, і як ён падпісаўся “жабрак-мільянэр”.
“У нашай краіне роднае слова запануе толькі тады, калі мы будзем жыць у
беларускай дзяржаве пры беларускім кіраўніцтве, а не на паўночна-заходняй
ускраіне азіяцкай Імпэрыі, якая дзьвесьце год затыкала Беларусі рот, каб
не чуць нашага слова, якое для расейцаў “русский диалект, испорченный польщизною”,
– напісаў Віктар Скараход. Ён жа лічыць, што радыёстанцыя “Свабода”,
правільна робіць, ведучы вяшчаньне на Беларусь па-беларуску: тут і павага
да краіны й народа, і доказ таго, таго, што нашая мова ня бедная, як пра
тое казаў Лукашэнка. Спадар Скараход таксама зьвяртае ўвагу, што 90 адсоткаў
насельніцтва Беларусі цалкам разумее таго, хто гаворыць па-беларуску: “Калі
б сёньня Лукашэнка і ўся ягоная “вэртыкаль” загаварылі, як таго патрабуе
здаровы сэнс, на мове свайго народа, то заўтра загаварыла б на ёй усё насельніцтва
– ад міністра да токара”, – напісаў Віктар Скараход.
Пачуцьці нашага слухача, які падпісаўся ініцыяламі, зусім зразумелыя.
Гэта натуральнае жаданьне: жыць у сваёй дзяржаве, размаўляць на сваёй мове
і быць упэўненым, што ані гэтую дзяржаву, ані гэтую мову ніхто не асьмеліцца
зьняважыць. У Беларусі сёньня ўлада ў тых, хто й незалежнасьць, і мову
ня лічыць каштоўнасьцямі. У многім гэта – прычына цяперашняе моўнае сытуацыі
ў Беларусі. Выходзіць з гэтага становішча рана ці позна давядзецца, а каб
выходзіць – трэба абмяркоўваць праблему й разам шукаць выйсьце. Маўчаць
пра яе, шаноўны А.М., не выпадае – гэтым мы толькі пашкодзім нашай мове.
Наш сталы слухач зь Берасьця Алег Бураў папракае нас, што часам ня ўлічваем
некаторых беларускіх рэаліяў. Ён піша: “Беларускія навіны ў інтэрнэце,
можа, і цікава чытаць і слухаць дзесьці ў ЗША, Канадзе ці Аўстраліі, дзе
кампутары ёсьць у кожным доме. Для нас жа гэта застаецца экзотыкаю і, колькі
б вы ні гаварылі, бліжэй ня будзе. Студэнты зь Беларусі ў замежных універсітэтах
– гэта добра, але добра, здаецца, толькі для саміх гэтых студэнтаў. Штосьці
ня чуў, каб пасьля вучобы яны вярталіся дадому й працавалі тут за мізэрныя
грошы. Нашай уладзе, я лічу такія зусім не патрэбныя, бо прыносяць з сабою
дух свабоды, а гэта супярэчыць вядомаму выказваньню Лукашэнкі пра тое,
што ён свой народ за цывілізаванымі краінамі не павядзе”.
Алег Бураў напісаў таксама, што ня любіць слухаць разважаньні былых
першых асобаў Беларусі – Шарэцкага, Шушкевіча ды іншых – пра тое, што было
ў недалёкім мінулым, бо лічыць, што іхная залішняя асьцярожнасьць і разважлівасьць
і давялі да таго, што мы цяпер маем.
Кампутары ды інтэрнэт у кожным доме, сапраўды, выглядаюць чымсьці неверагодным
для многіх і многіх нашых слухачоў, хто ў гэты сьнежаньскі вечар слухае
нас дзе-небудзь у далёкай беларускай вёсачцы, дзе па паўгады не могуць
атрымаць мізэрны калгасны заробак і думаюць не пра кампутары, а пра тое,
чым заўтра ўраніцу дзяцей накарміць. Але кампутары вельмі хутка зьявяцца
й там – адгарадзіцца ад іх немагчыма, як нельга перанесьці Беларусь з Эўропы
ў якое-небудзь глухое мейсца сьвету. Хоць часам такое ўражаньне, што беларускай
уладзе падобны перанос і хацелася б зрабіць.
Вы слухалі праграму “Паштовая Скрынка 111”.
Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
Валянцін Жданко, Менск