10 Жніўня 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
Ёсьць многа людзей, якіх у сёньняшняй беларускай паўсядзённасьці найбольш
прыгнятае не бытавая неўладкаванасьць і не мізэрныя заробкі, а – поўная
залежнасьць ад чыноўніка, бясконцае адчуваньне ўласнае бездапаможнасьці
й немагчымасьці нешта самастойна зьмяніць у жыцьці. Вось як напісаў пра
гэта Алесь Баровіч з Ганцавічаў Берасьцейскае вобласьці:
“Мяне вельмі ўразіў і абурыў ліст, што прагучаў у адной з вашых нядаўніх
перадачаў, у якім слухач зь Менску Павал Сьцепаненка абвінавачваў ды асуджаў
Алега Батурына, залічыўшы яго ў прайдзісьветы, якія лезуць у палітыку,
каб выехаць за мяжу. Магчыма, ёсьць і такія. Але абвінавачваць усіх агулам
– гэта няхораша й няўдзячна.
Бачна, што Павал Сьцепаненка ня ведае, што такое местачковая мафія,
што такое кланы, якім належыць уся ўлада над чалавекам; што такое чужына…
Ён, відаць, не разумее, як балюча пакідаць родныя мясьціны, звыклы жыцьцёвы
лад; як цяжка йсьці ў невядомасьць. Каб меркаваць пра ўсё гэта, трэба,
каб чалавек сам перажыў падобнае.
У нас чалавек без пасады, без сувязяў – гэта кузурка. Ён цалкам залежыць
ад тупога або крымінальнага чыноўніка, які ня тое што дапамагчы – нават
выслухаць цябе ня хоча. У выніку нават сваё, заробленае крывавым потам
ды сьлязьмі, просіш як міласьціну. А скардзіцца практычна забаронена. Адчуваеш
сябе чужым на ўласнай Радзіме. Таму і імкнуцца людзі за мяжу”, – напісаў
Алесь Баровіч з Ганцавічаў.
Вашая заўвага, Алесь, выглядае слушнай: не выпадае асуджаць усіх тых
людзей, якія выбіраюцца ў сьвет, шукаючы лепшае долі. Ёсьць, аднак, тыя,
хто імкнуцца выдаць сябе за палітычных уцекачоў, хоць матывы іхнай эміграцыі
выключна эканамічныя. Зьява надта непрывабная (як, зрэшты, і любая хлусьня),
і якраз пра яе мы распавядалі ў адной зь ліпеньскіх праграмаў, разважаючы
над лістом Алега Сьцепаненкі.
Гэтак сама пра стасункі чалавека і ўлады ліст Івана Самойлава з Асіповіцкага
раёну Магілеўскае вобласьці, які часта нас слухае, хоць вельмі адмоўна
ставіцца да таго, што гучыць на нашых хвалях. Ён піша:
“Калі вы перастанеце зьдзеквацца з нашага народа? Усё, што ні робіць
прэзыдэнт, для вас – ня так. Ды калі б ён не займаўся жнівом і не праводзіў
сэлектарныя нарады, у нас, можа, даўно ўжо астатняе разрабавалі б: не было
б чаго цяпер убіраць. Мясцовыя начальнікі толькі й цікуюць, каб як адарваць
ад калгаса – крадуць і салярку, і збожжа. А вы ім падпяваеце – ганьбіце
Лукашэнку, які адзін з гэтай мафіяй змагаецца. Брыдка вас слухаць”, – дакарае
нас Іван Самойлаў з Асіповіцкага раёну.
Мы не зьневажаем, спадар Самойлаў, ані Аляксандра Лукашэнку, ані тым
больш народ. Але ў нас ёсьць сур’ёзныя падставы сьцьвярджаць, што сытуацыя
ў беларускай вёсцы залежыць не ад колькасьці сэлектарных нарадаў з удзелам
Лукашэнкі і не ад ягонага пільнага кантролю за чыноўнікамі-казнакрадамі.
Улады могуць прыставіць міліцыянта да кожнага калгаснага старшыні ці камбайнэра
– красьці ўсё роўна будуць – і салярку, і збожжа. Бо гэта ёсьць падмуркам,
прынцыпам калгаснага ладу, дзе ўсё наўкол не сваё, дзе няма гаспадара.
У тым, што Лукашэнка ўсе больш як шэсьць гадоў свайго кіраваньня імкнецца
захаваць такі лад, – і ёсьць галоўнай прычынаю таго заняпаду, які перажывае
вёска.
Піша наша сталая слухачка зь Менску Ангеліна Масюта:
“Дзіўна чуць і чытаць у апошнія месяцы пра нерашучасьць аб’яднанай апазыцыі:
ісьці ці ня йсьці на выбары? Атрымліваецца нейкі падвойны стандарт. Але
ж вядома, што выбары ня могуць быць законнымі, калі яны прызначаныя нелегітымным
прэзыдэнтам. Відавочна, усе ў апазыцыі гэта разумеюць, але вельмі ж ужо
хочацца ў чым-небудзь паўдзельнічаць. У выніку апазыцыя хоць і не прызнае
легітымнасьць рэжыму, але ж пры гэтым зьбіраецца йсьці на выбары ў адпаведнасьці
з правіламі гэтага рэжыму.
Спадары з аб’яднанай апазыцыі! Будзьце пасьлядоўнымі ў сваіх дзеяньнях.
Калі вы кажаце пра дыктатарскі рэжым у Беларусі, дык не падманвайце сябе
ды іншых. Якія могуць быць выбары, калі краіна ўжо болей чым год жыве паводле
ўказаў незаконнае ўлады?”, – напісала Ангеліна Масюта зь Менску.
Пэўнасьць у пытаньні восеньскіх выбараў на сёньня, здаецца, ёсьць: улада
не выканала папярэднія ўмовы – дэмакратычная апазыцыя ў выбарах ня ўдзельнічае.
Спадарыня Ангеліна, аднак, абураецца ўжо адным фактам таго, што абмяркоўвалася
сама магчымасьць удзелу ў выбарчай кампаніі пры гэтай уладзе. Але якім
іншым мірным чынам, апроч выбараў, можа адбыцца зьмена ўлады, спадарыня
Масюта? Праблема ў тым, каб мець гарантыі таго, што выбары будуць справядлівымі
й дэмакратычнымі. А чакаць, што ўлада зьменіцца нейкім іншым цудоўным чынам,
і толькі потым удзельнічаць у выбарах – шлях няпэўны і, выглядае, безпэрспэктыўны.
Алесь Марціновіч з Баранавічаў, наш даўні сталы аўтар, гэтым разам адклікнуўся
на перадачу, прысьвечаную праблеме мовы. Ён піша:
“Днямі “Свабода” распавядала пра моўную сытуацыю ва Ўкраіне. Тэма цікавіць
і мяне: я пільна сачу за гэтым працэсам ва Ўкраіне. І вось да якіх высноваў
прыйшоў. Па стану на 2000 год рэальнай моваю гарадзкіх масаў, моваю жыцьцезабесьпячэньня
значных сфэраў (бізнэс, сродкі масавай інфармацыі, побыт) застаецца расейская
мова. У Кіеве больш як 90 адсоткаў жыхароў рэальна расейскамоўныя. У выніку
ўкраінізацыі ўкраінская мова стала моваю афіцыёзу – яе выкарыстоўваюць
дзяржаўныя ўстановы, школы. Але гэта не прывяло да адраджэньня мовы – яна
па-ранейшаму застаецца ў заняпадзе. Сытуацыя на 100 адсоткаў адпавядае
сытуацыі ў княствах Італіі ў V–XV-м стагодзьдзях. Грувасткая кніжна-афіцыёзная
латынь сама сабою здала ўсе сфэры жывой італьянскай мове.
Сур’ёзныя лінгвісты пэрспэктываў для ўкраінскай мовы ня бачаць. Тое
самае чакае і беларускую мову, калі нацыянал-дэмакраты калі-небудзь наважацца
яе адраджаць з адначасовым выцясьненьнем расейскае мовы”, – так мяркуе
Алесь Марціновіч з Баранавічаў.
Ёсьць і іншыя гістарычныя прыклады, спадар Алесь, калі, здавалася б,
канчаткова страчаная мова вярталася да жыцьця – згадайма прыклад іўрыту.
Дзеля гэтага спатрэбілася воля габрэйскага народу, які адрадзіў сваю дзяржаву.
Што да прыкладу Ўкраіны, дык Вашыя сьцьверджаньні мне падаюцца празьмерна
катэгарычнымі. Украінская мова адраджаецца. І гучыць яна ня толькі на афіцыйных
нарадах: нават у Кіеве, які Вы згадваеце як доказ паразы ўкраінізацыі,
яе пачуеш на кожным кроку – у крамах, на вуліцы, на школьных перапынках…
Дзесяць год таму было зусім па-іншаму.
На заканчэньне ліст Алеся Шустоўскага з Барысава Менскае вобласьці.
Алесь піша:
“У 80–81-м гадох у Аўганістане служылі мае браты – адзін родны й два
стрыечныя. Адзін са стрыечных – 40-гадовы Пётар Шустоўскі, што родам зь
вёскі Зембін Барысаўскага раёну – адтуль не вярнуўся. Загінуў ён у 81-м
годзе. У той час я, натуральна, цікавіўся ўсім, што не афішавалася савецкімі
сродкамі масавай інфармацыі. І даведаўся, што ў Лёндане ангельскія ваенныя
гісторыкі выдалі фундамэнтальную працу пад назовам “Партызанскі рух у Беларусі
ў 41–44-м гадох”. Кніга гэтая, як паведамлялі тады заходнія радыёстанцыі,
выкарыстоўвалася як падручнік аўганскімі маджахэдамі. Цяпер шмат кажуць
пра тое, што аўганскі досьвед перанялі чачэнскія сэпаратысты. Атрымліваецца,
што досьвед гэты, па сутнасьці, беларускі”, – напісаў Алесь Шустоўскі з
Барысава.
Цяжка сьцьвярджаць, хто чый досьвед пераняў. Усе партызанскія войны
падобныя адна на адную. Як, зрэшты, падобны і іхны фінал: цэлы народ рэдка
ўдаецца паставіць на калені, нават калі захопніцкая армія шматкроць пераўзыходзіць
у сіле тых, каго імкнецца заваяваць. У новай гісторыі шмат прыкладаў гэтага,
у тым ліку й прыклад беларускі. Тым ня менш, Расея, у якую так імкнуцца
беларускія ўлады, ужо пяць гадоў лічыць, што ў яе на Паўночным Каўказе
будзе іншы фінал. Пакуль, аднак, па-іншаму не атрымліваецца.
Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага.
Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск