6 Ліпеня 2000.
Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро,
чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.
Хутка шэсьць гадоў, як уся ўлада ў Беларусі належыць аднаму чалавеку.
Якія зьмены адбыліся за гэты ладны кавалак часу ў жыцьці тых людзей, якія
аддалі Аляксандру Лукашэнку свае галасы спачатку на выбарах, а потым у
часе рэфэрэндумаў, калі ён прасіў яшчэ большай, фактычна аднаасобнай улады
ў дзяржаве? Вось што думае на гэты конт наш слухач Тадэвуш Сянкевіч са
Смаргоні Гарадзенскае вобласьці, які быў і застаецца аднадумцам Аляксандра
Лукашэнкі:
“На ўсіх выбарах і рэфэрэндумах я галасаваў за Лукашэнку. Ён мне й цяпер
падабаецца. Але што ён адзін можа зрабіць, калі мясцовае начальства творыць
што хоча. Самі палацы адбудавалі, а нам у Сельгастэхніцы трэці месяц заробкаў
ня плацяць. А і атрымаеш дваццаць мільёнаў, дык ці надоўга іх хопіць. Ужо
каторы месяц малому не магу нармальныя чаравікі купіць.
Трэба з гэтым нешта рабіць, бо зьменаў да лепшага не відаць. Вашую “Свабоду”
я слухаю нядаўна. Ня ўсё мне ў вас падабаецца, асабліва калі даеце слова
розным Лябедзькам, Чыгірам, Лявонавым ды Багданкевічам. Няўжо вы ім верыце?
Яны ж лістам слаліся перад Лукашэнкам, як служылі яму. А цяпер, як ён іх
выгнаў, бэсьцяць і зрабіліся вялікімі дэмакратамі. Ня веру аніводнаму іхнаму
слову.
А вось тое, як жывуць простыя людзі, вы правільна апісваеце. І Лукашэнка
памыляецца, што наблізіў да сябе тых, хто толькі хваліць яго і не расказвае
яму праўду, як жыве народ. Давядуць яго гэтыя падхалімы да таго, што згубіць
ён усё, што меў”,
– напісаў Тадэвуш Сянкевіч са Смаргоні.
Сыстэму ўлады, пры якой мясцовыя начальнікі робяць, што хочуць, стварыў
ні хто іншы, як Аляксандар Лукашэнка. І калі Вы, Тадэвуш, памятаеце падзеі
чатырохгадовае даўніны, дык згадаеце, як Лукашэнка перад рэфэрэндумам,
прыціскаючы да грудзей рукі, прасіў у людзей якраз такой улады, маючы якую,
ён мог бы прызначаць і адстаўляць каго заўгодна, і ніхто б ня мог яму ў
гэтым замінаць. Такую ўладу ён атрымаў. Любы мясцовы начальнік, які чым-небудзь
не дагодзіць Лукашэнку, можа згубіць пасаду на працягу хвіліны. Але адначасова
гэты начальнік аніяк не залежыць ад Вас, Тадэвуш – тых, кім ён кіруе. Ані
выбіраць, ані адклікаць яго Вы ня маеце права.
Такая сыстэма выгодная Лукашэнку таму, што забясьпечвае яму паўнаўладзьдзе
і даўгавечнасьць ягонае ўлады. А плойма падхалімаў і дзяржаўная тэлевізія,
на якой Вы ня бачыце праўдзівага адлюстраваньня падзеяў – гэта ўжо, так
бы мовіць, спадарожны, але ня самы галоўны прадукт сыстэмы. І Лукашэнку
ён, відавочна, ня надта замінае.
Мікола Жаўрук зь Менску піша пра тое, чым не задаволены ў нашых перадачах:
“На “Радыё Свабода” не чуваць беларускамоўных сьпеваў – вы тлумачыце,
што якасьць трансьляцыі не дазваляе. А для англамоўных якасьць трансьляцыі
аказалася добрая? Можа, хопіць рабіць прапаганду амэрыканскай “папсы”,
якая і бяз вас добра “раскручаная”. Каб вас не называлі ворагамі ці здраднікамі,
трэба “раскручваць” беларускамоўныя сьпевы”, – напісаў Мікола Жаўрук зь
Менску.
Мы хацелі б, Мікола, каб на нашых хвалях гучала найперш добрая музыка
– і беларуская, і амэрыканская. Спадзяемся, што ў хуткім часе, калі аб’ём
нашага вяшчаньня пашырыцца, зьявіцца адмысловая музычная перадача, тады
музыкі ды сьпеваў на нашых хвалях стане значна больш. І найперш, вядома,
беларускіх.
А вось з Вашай катэгарычнасьцю дазвольце не пагадзіцца. Калісьці ў Савецкім
Саюзе ўжо залічвалі ў “ворагі ды здраднікі” тых, хто слухаў ці прапагандаваў
заходнюю музыку. Чым гэта скончылася – Вы добра ведаеце.
На тэму музыкі напісала й нашая слухачка спадарыня Фігарава зь Менску.
У сваім лісьце яна выказвае такую прапанову:
“Варта было б вам аб’явіць конкурс на песьню, якая б стала беларускамоўным
шлягерам, з запамінальнай і баявой мелёдыяй. Якую б ахвотна сьпявалі і
маладыя, і сталыя. Зь якой бы пачыналіся мітынгі й шэсьці. Каб не даводзілася
“Пагоню” сьпяваць на матыў “Варшавянкі”. Мелёдыя павінна быць эўрапейскаю
– як, напрыклад, тае песьні, якую на апошнім конкурсе Эўравізіі выконваў
адзін швэдзкі сьпявак. Толькі не давярайце гэта “дзядам”, якія за тры гады
незалежнасьці не стварылі новы дзяржаўны гімн. Ганьба…”, – напісала спадарыня
Фігарава зь Менску.
Дзякуем, спадарыня Фігарава, за прапанову. Спадзяёмся, калі ў нас зьявіцца
новая музычная праграма, мы яе выкарыстаем. Вашыя назіраньні адносна сучасных
беларускіх шлягераў падаюцца цалкам слушнымі. Хоць вінаватыя ў гэтым, верагодна
ня толькі і ня столькі беларускія кампазытары, колькі агульная сытуацыя
ў культуры, калі Беларусь апынулася цалкам паглынутай расейскамоўным культурным
ды інфармацыйным асяродзьдзем.
Яшчэ адная цытата зь ліста спадарыні Фігаравай:
“Пісаць па-беларуску ня ўмею, але вашыя перадачы слухаю практычна штодня.
Ведаю, што ў Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Ізраілі, Злучаных Штатах поўна
маладых эмігрантаў зь Беларусі. Хай бы яны на вашых хвалях распавядалі,
як уладкаваліся, кім і дзе працуюць, якія там кошты на прадукты, жыльлё,
аўтамабілі. Цікава параўнаць узроўні жыцьця, даведацца, чаго можна дасягнуць
стараннай працаю і да чаго трэба імкнуцца нам у Беларусі.
Яшчэ адна прапанова – давайце больш гутарак ды інтэрвію зь лідэрамі
маладзёвых суполак, у тым ліку арганізацыі “Край”,
– гэта быў ліст спадарыні Фігаравай зь Менску.
Часткова адказы на Вашыя пытаньні, спадарыня Фігарава, гучалі й гучаць
у перадачы “У Сьвет на Заробкі” і ў нашых штодзённых інфармацыйных праграмах.
Але ў любым выпадку за прапановы дзякуй, мы будзем мець іх на ўвазе.
Ліст ад Ангеліны Масюты, таксама зь Менску:
“Праглядваю апазыцыйныя незалежныя газэты – “Наша Свабода”, “Белорусская
деловая газета”, “Белорусская газета”, “Салідарнасьць”, “Рабочы”, “Народная
Воля”… І ў мяне паўстае пытаньне: да каго ж яны ў апазыцыі? Да рэжыму?
Здаецца, не, бо з прадстаўнікамі рэжыму размаўляюць на адной мове, на мове
акупанта.
Паглядзіце, пераважная большасьць тэкстаў у такіх газэтах – на расейскай
мове, хоць у многіх з газэтаў беларускія назвы. Праўда, іншыя і назвы падабралі
сабе якраз такія, каб дагадзіць абодвум гаспадарам, а найперш галоўнаму.
Быццам не беларусы са сваёй культураю ў гэтай краіне – гаспадары.
Дык які ж гэта апазыцыйны друк? Ці могуць супрацоўнікі гэтых газэтаў
супрацьстаяць рэжыму? А можа, ім, як той казаў, усё да лямпачкі, абы грошы
плацілі? Такі друк не спрыяе адраджэньню нашага менталітэту, нашае культуры.
Ён садзейнічае якраз тым, хто цягне нас назад, у кайданы расейскага рабства.
Цікава, што й зьмест гэтых газэтаў адпавядае мове. Адчуваецца расейскі,
а не беларускі мэнталітэт. Газэты нецікавыя, у іх няма глыбокае думкі,
вострых фактаў.
Я ўжо сёньня хачу бачыць Беларусь беларускай, а не напаўрасейскай дзяржаваю;
хачу быць беларускай грамадзянкаю, а не немаведама кім, гібрыдам усіх нацыяў.
А таму буду выпісваць ці купляць гэтыя газэты толькі тады, калі яны будуць
напісаныя на маёй роднай, Богам дадзенай беларускай мове”,
– напісала Ангеліна Масюта зь Менску.
Яна таксама згадвае пра свой колішні ліст на гэтую ж тэму, які не трапіў
у агляд пошты, і на гэтай падставе западозрыла, што мне недаспадобы тэма,
якая закранаецца ў лісьце.
Лёс мовы – адная з нашых сталых тэмаў, і калі Вы часта слухаеце нас,
шаноўная спадарыня Ангеліна, дык не маглі не заўважыць, што гэтая праблема
нас трывожыць гэтак жа, як і Вас. Вашае права – адмовіцца ад падпіскі на
газэты, якія друкуюцца не на беларускай, ці ня толькі на беларускай мове.
На жаль, гэтак жа хутка й кардынальна вырашыць моўную праблему ў маштабах
краіны немагчыма. Многія рэдактары й выдаўцы нават у названых вамі газэтах
– шчырыя прыхільнікі Беларушчыны, але і яны мусяць улічваць сёньняшнія
беларускія рэаліі – і эканамічныя, і палітычныя, і псыхалягічныя… Таму,
відаць, ня варта адразу выносіць ім такі суровы й катэгарычны прысуд.
На заканчэньне – ліст Сяргея Магонава з Кобрыня Берасьцейскае вобласьці.
Сяргей даслаў паведамленьне пра якасьць прыёму нашых перадачаў, а таксама
невялікае пісьмо. Ён піша:
“Слухаю вас час ад часу, але лічу найпраўдзівейшай крыніцаю інфармацыі
пра Беларусь. І заўсёды ў дні буйных палітычных акцыяў у Менску слухаю
“Свабоду” а 22-й гадзіне”.
Вялікі дзякуй, Сяргей, Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час падзяліцца
думкамі наконт пачутага і напісаць нам. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск