Як асьвятляла незалежная прэса выбары 15 кастрычніка
і акцыю “Байкот-2000”
(эфір 16 Кастрычніка 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
(Цыганкоў: ) “Кожныя выбары — надзвычай плённы час для мас-мэдыяў ва
ўсіх краінах. Гэта — падзея, гэта тое, чым прэса, груба кажучы, корміцца.
Беларускія парлямэнцкія выбары 15 кастрычніка ў гэтым сэнсе чарговы раз
падзялілі беларускую прэсу. На гэты раз, аднак, падзел пайшоў ня толькі
па традыцыйнай лініі паміж дзяржаўнымі й недзяржаўнымі выданьнямі, але
і ўнутры самой незалежнай прэсы.
Пазыцыя дзяржаўнае прэсы ня мае патрэбы ў асаблівым камэнтаваньні й
аналізу. Дзяржаўныя сродкі масавае прапаганды старанна выконвалі сваю ідэялягічную
функцыю, агітуючы за ўдзел у выбарах і з падвоенай зацятасьцю ганьбячы
палітычных апанэнтаў улады.
Пазыцыя ж незалежнае прэсы вызначалася выразнай разнастайнасьцю. Некаторыя
газэты выступілі адназначна за байкот, падтрымаўшы падыход аб’яднанай апазыцыі.
Найбольш пасьлядоўна гэтую лінію праводзіла “Наша Свабода”. Іншыя выданьні,
такія як “Народная газета” і “Свободные новости”, хісталіся і агітавалі
як за байкот, гэтак і за дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты. А “БДГ” заклікала
сваіх чытачоў прыйсьці на выбары й выкрэсьліць усіх кандыдатаў у дэпутаты.
Як ацэньвае пазыцыю незалежнай прэсы заснавальнік і галоўны рэдактар
“Нашай Свабоды” Павал Жук?”
(Жук: ) “Мы былі з самага пачатку за байкот. Іншыя газэты, апазыцыйныя,
незалежныя мелі розную пазыцыю.
Але трэба адназначна сказаць, што яны па сутнасьці не разумелі сытуацыю,
не дапамагалі апазыцыі ў інфармаваньні беларускага народу. Тых, хто хісталіся
з аднаго боку ў другі — ці то байкот, ці то падтрымка тых быццам бы апазыцыянэраў,
якія пайшлі на выбары — гэта проста не пазыцыя, гэта ці то грошы. Ці проста
неразуменьня таго месца ў жыцьці, якое яны займаюць”.
(Цыганкоў: ) “Возьмем тут прыклад “Народнае Волі” — самае масавае беларускае
незалежнае газэты, якая ці то публікавала матэрыялы ў падтрымку байкоту
выбараў, ці друкавала матэрыялы пра кандыдатаў, якія пайшлі на выбары.
Але можа, “Народная Воля” проста сыходзіла зь інтарэсаў сваіх чытачоў,
якім трэба ведаць розныя меркаваньні й пазыцыі?”
(Жук: ) “Чытачы “Народнае Волі” хочуць ведаць дакладную інфармацыю.
У дадзеным выпадку “НВ” не давала дакладнай інфармацыі. Сацыялягічныя дасьледваньні
паказваюць, што ёсьць толькі 15% прыхільнікаў Лукашэнкі, якія яго цалкам
падтрымліваюць. Ідэя байкоту сядзіць у галовах беларусаў. А “НВ” пачынае
ці то за байкот, ці то дае інфармацыю пра кандыдатаў, якія ідуць у “Палату
прадстаўнікоў”, якая ня мае ніякіх паўнамоцтваў.
Яны ідуць насуперак тае самае Канстытуцыі 1994 году, якую “НВ” увесь
час падтрымлівала. Так што гэта проста нявызначаная пазыцыя рэдактарскага
калектыву й неразуменьне сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь”.
(Цыганкоў: ) “Ці аказала прэса нейкі йстотны ўплыў на вынік выбараў?
Вынікі галасаваньня — гэта перамога дзяржаўнае прапагандысцкае машыны або
перамога нешматлікіх незалежных выданьняў? Вось што лічыць намесьнік рэдактара
газэты “Свободные новости” Аляксандар Тамковіч…”
(Тамковіч: ) “Недзяржаўная прэса значна паўплывала на байкот. Большасьць
недзяржаўных газэтаў выказвалася пераважна за байкот — дарэчы, “Свободные
новости” таксама: у адсоткавых суадносінах большасьць матэрыялаў была за
байкот. Я лічу, што гэта паўплывала на тое, што рэальна ў Менску не адбыліся
выбары.
Што тычыцца дзяржаўнае прэсы… Я не магу сказаць, што дзяржаўныя СМІ
зрабілі так, што ў нейкай там Жабінцы адбыліся выбары. Хутчэй за ўсё, не.
Калі там адбыліся выбары, гэта было зроблена з дапамогаю адміністрацыйнага
рэсурсу, а ня прэсы.
Іншая справа — тэлевізія. Тыя агідныя карцінкі азаронкаўскія, якія мы
бачылі — тут, я лічу, што адсоткаў 5-7 гледачоў яны ў чымсьці пераканалі”.
(Цыганкоў: ) “Мы яшчэ вернемся да ацэнкі пазыцыі незалежных выданьняў
у справе выбараў, а пакуль распавядзем, як асьвятляліся выбары ў правінцыі.
Пачнем з Магілеву, адкуль перадае Марыя Ўсьціновіч…”
(Усьціновіч: ) “У выбарчай кампаніі бралі ўдзел усе СМІ Магілеўшчыны.
Калі гартаць старонкі мясцовае прэсы, дык складваецца ўражаньне, што месца
матэрыялаў пра сацыяльныя праблемы трывала заняла перадвыбарчая агітацыя.
“Вестник Могилева” і “Могилевские ведомости” надрукавалі, бадай што
самую вялікую колькасьць інтэрвію з дэпутатамі, якія мелі адпаведную падрымку
ўладу або матэрыяльна дапамагалі выданьню. Чыноўнікі й прадпрымальнікі
апанавалі старонкі газэты.
Усе пэрыядычныя выданьні напярэдадні 15 кастрычніка друкавалі заклікі
пэўных асобаў — ад старшыні абласнога выканкаму да шэраговае пэнсіянэркі
прыйсьці на выбарчыя ўчасткі й выканаць свой грамадзянскі абавязак. З усіх
дзяржаўных газэтаў толькі “Могилевская правда” інфармавала пра апазыцыйныя
акцыі “Байкот-2000”, але вельмі коратка й бяз тлумачэньня сэнсу пратэсту.
Зразумела, што газэта дэмакратычнага кірунку “Тыднёвік Магілеўскі” наадварот
вялікую ўвагу надавала менавіта байкоту.
Незалежная газэта “Де-факто” ў аналізе перадвыбарчых падзеяў заўважала,
што ў кожнай акрузе ёсьць кандыдат ад улады, нібыта “клапатлівая рука гульца
разьмесьціла па адной фігуры ў кожную клетку, каб не перашкаджалі адна
адной праходзіць у дамкі”.
Больш за ўсіх парадавала выбаршчыкаў абласная тэлевізія. У сувязі з
выбарамі ёй далі магчымасьць выходзіць са сваімі праграмамі на канале БТ.
Аднак кандыдатаў і праграмаў не хапала, каб запоўніць эфірны час. І таму
ўвечары адразу па двух каналах вяшчала любімая народам у правінцыі праграма
“віншаваньні”. А аднойчы, калі кандыдаты ўвогуле скончыліся, пасьля сіратлівае
застаўкі “Выбары-2000” без паўзы пайшла праграма “Стыхійная бяда”…”
(Цыганкоў: ) “Гарадзенская незалежныя выданьні з самага пачатку зьвярталі
ўвагу чытачоў, як улады арганізоўваюць кампанію выбараў і як апазыцыя байкатуе
іх. Перадае Сяргей Астраўцоў…”
(Астраўцоў: ) “Дастаткова паглядзець нават апошнія нумары газэтаў. Яны
сталі і апошняй магчымасьцю сказаць чытачам праўду, папярэдзіць іх. Гэтак
зрабіла «Пагоня». Дзьве публікацыі на першай старонцы маюць загалоўкі —
«Галасуй, не галасуй — атрымаеш той жа вынік!» і — «Дабрахвотна-прымусовае
галасаваньне пачалося». Загалоўкі гавораць самі за сябе. Пад рубрыкаю «Байкот-2000»
надрукаваны здымак мужчыны, які трымае плякат «Выбарчаму фарсу — не!».
«Пагоня» таксама падрабязна асьвятліла мітынг і шэсьце апазыцыі, якія
адбыліся ў Горадні 8 кастрычніка з нагоды байкоту выбараў.
«Эстафэта свабоды» — так назвала акцыю гарадзенскай апазыцыі «Биржа
Информации». На здымках, зьмешчаных у газэце, бачна, што ў мітынгу й шэсьці
ўдзельнічала шмат моладзі, падлеткаў. Газэта знаёміць таксама зь меркаваньнямі
вядомых дзяячоў беларускай апазыцыі наконт выбараў у «палату».
«Вечерний Гродно» надрукаваў пра мітынг і шэсьце досыць крытычны камэнтар.
Затое зьмешчаны здымак апазыцыйнага палітыка Сямёна Домаша, які выступіў
перад удзельнікамі мітынгу. А гэта для газэты, сярод заснавальнікаў якое
гарадзкі выканкам, даволі незвычайна”.
(Цыганкоў: ) “Вернемся да агульнанацыянальных выданьняў. Афіцыйная прапаганда
часта карыстаецца выразам “падкантрольная апазыцыі прэса” — яны нават зрабіл
гэты выраз чымсьці накшталт штампу. Аднак выбары паказалі, што незалежная
прэса павяла сябе вельмі па-рознаму пад час парлямэнцкіх выбараў, цягнула
ў розныя бакі. Пра што гэта гаворыць? Вось што мяркуе намесьнік рэдактара
газэты “Свободные новости” Аляксандар Тамковіч…”
(Тамковіч: ) “Ведаеце, калі прэсу ў падкантрольнасьці абвінавачвае,
з аднаго боку, Зянон Пазьняк, а зь іншага — Казіятка й Зімоўскі… — Гэта
сьведчыць толькі пра тое, што прэса сапраўды незалежная. І гэтыя выбары
паказалі гэта вельмі красамоўна. Можна па-рознаму ставіцца да тых або іншых
выданьняў, але ж казаць, што выданьне было куплена або ангажаванае кімсьці
канкрэтна — такое магчымасьці няма”.
(Цыганкоў: ) “Прэса сапраўды паказала сябе незалежнай ад апазыцыі. Але
можа варта было калі не палітыкам, дык хаця б журналістам сабрацца разам
і прыйсьці да нейкае агульнае палітыкі што да асьвятленьня выбараў? Але
гэта не было зроблена. Чаму?”
(Жук: ) “Гэта проста паказвае, што прэса непадкантрольна апазыцыі. На
незалежную прэсу можа ўзьдзейнічаць любы — як лукашэнкавы бок, гэтак і
апазыцыйны. Так што, па-мойму, тое, што прэса цягнула ў розныя бакі — гэта
недапрацоўка апазыцыйных лідэраў, якія хацелі прасунуць сваю думку наперад.
Я ні ў якім выпадку не магу крытыкаваць “Народную Волю”, “БДГ” ці іншых,
за тое, што яны друкуюць. Іншая справа, што яны не разумеюць палітычнай
сытуацыю, на мой погляд, і ня ведама, за што агітуюць”.
(Цыганкоў: ) “Такім чынам, недзяржаўная прэса рэальна даказала сваю
незалежнасьць. Але давайце ўявім сабе блізкія прэзыдэнцкія выбары, і сытуацыю,
калі зноў, як і на гэтых парлямэнцкіх, кожнае выданьне цягне інфармацыйнае
коўдра на сябе і на свайго кандыдата? Які вынік выбараў можна прадбачыць,
калі недзяржаўная прэса будзе разьяднанай у мэтах і пачне ваяваць між сабою.
Ці ня надта дарагой для беларускага грамадзтва акажацца такая незалежнасьць?”
Віталь Цыганкоў