Выданьні нацыянальных мяншыняў

Выданьні нацыянальных мяншыняў

(эфір 7 Жніўня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Сёньняшні выпуск праграмы мы прысьвячаем выданьням нацыянальных мяншыняў Беларусі.

(Цыганкоў: ) “Паводле апошняга перапісу, беларусамі назвалі сабе 81 адсотак жыхароў краіны. Астатнія 19 адсоткаў, а гэта амаль два мільёны чалавек, прыналежаць да іншых этнічных групаў, і згодна зь міжнароднай практыкаю, называюцца нацыянальнымі мяншынямі. Заўважым, што гэты панятак не нясе ў сабе нічога зьневажальнага, наадварот, прымушае кожную дзяржаву клапаціцца пра культурныя і нацыянальныя патрэбы мяншыняў, абараняць іх.

Безумоўна, адным з найлепшых сродкаў выказаць сабе, распавесьці пра свае праблемы й дасягненьні зьяўляецца ўласнае пэрыядычнае выданьне. Свае газэты маюць фактычна ўсе асноўныя нацыянальныя мяншыні Беларусі, акрамя самай масавай – расейскай. Ня будзем у нашай праграме паглыбляцца ў аналіз гэтага фэномэну – адзначым толькі, што на гэты конт існуюць два супрацьлеглыя меркаваньні.

Паводле першага, этнічныя расейцы нагэтулькі пасьпяхова асіміляваныя ў беларусаў, што ня маюць нават уласных нацыянальна-культурных арганізацыяў. Паводле іншай, адваротнай вэрсіі, у сёньняшняй Беларусі і так пануе ўсё расейскае – мова, мас-культура, ідэялёгія… Так што беларускім расейцам няма аніякай патрэбы абараняць тут сваю ідэнтычнасьць.

Як бы тое ні было, аднак, акрамя расейцаў, іншыя асноўныя этнічныя групы Беларусі маюць ўласныя нацыянальна-культурныя аб'яднаньні і, адпаведна, уласную прэсу. У гэтай праграме мы распавядзем пра выданьні беларускіх палякаў, украінцаў, гэбраяў. Пачнем з гэбраяў – з тае простае прычыны, што гэбрайская грамада Беларусі вылучаецца найбольшай актыўнасьцю ў выпуску пэрыядычных выданьняў. Штомесячная газэта “Берега” выдаецца юдэйскім рэлігійным аб’яднаньнем Беларусі, часопіс “Мишпоха” (з іўрыту – “Сям’я”) выходзіць у Віцебску і прысьвечаны пераважна гісторыі ды літаратуры. Усясьветная гэбрайская агэнцыя “Сахнут” выпускае бюлетэнь “Мизуза”, накіраваны на ўсялякую дапамогу ад’яжджаючым у Ізраіль. І нарэшце, газэта “Авив” (“Вясна”) – самае масавае і напэўна, самае вядомае выданьне гэбрайскае супольнасьці ў Беларусі. На грамадзкіх пачатках газэту рэдактуе журналіст Барыс Герстан, які адказвае на пытаньні нашае праграмы”.

…Барыс, якая асноўны прынцып вашага выданьня? Распавядаць пра гэбрайскае жыцьцё толькі гэбраям Беларусі ці знаёміць зь гэбрайскай культураю ўсіх жыхароў краіны самых розных нацыянальнасьцяў?”

(Герстан: ) “Перш за ўсё, інфармацыя для шырокай грамадзкасьці, для тых хто хацеў бы ведацца, што такое гэбрайская культура. Наколькі яна глыбака пранікла і ўзаемадзейнічае зь беларускай культураю… Што адбываецца ў гэбрайскай культуры, у гэбрайскіх суполках… Пра ўзаемныя адносіны паміж культураю беларускай і культурамі іншых народаў, якія жывуць у Беларусі, з гэбрайскай культураю… Пра ўзаемны ўнёсак аднае культуры ў іншыя. Пра гісторыю гэбраяў Беларусі. Нашая мэта – зрабіць сьвецкае выданьне і агульначытанае”.

(Цыганкоў: ) “Скажыце, як на разьвіцьцё вашых выданьняў паўплывала міграцыя гэбраяў зь Беларусі? Паводле апошняга перапісу іх засталося трыццаць тысячаў. Як зьмяняўся за гэтыя гады наклад вашага выданьня?”

(Герстан: ) “Наш наклад – дзьве тысячы. Ён такім і быў, ён ня надта мяняўся, наадварот, ён крыху павялічыўся. Колькі чыталі нас, столькі й чытаюць. Таму, мы спадзяемся, што наш наклад будзе расьці. Бліжэйшы нумар будзе ў 32 старонкі. Мы будзем імкнуцца да таго, каб газэта была паўнакроўным выданьнем – грамадзка-літаратурным, грамадзка-культурным. Мы не палітычная газэта, гэта ворган Саюзу гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў, а ў Статуце нашым запісана, што мы не займаемся палітыкаю, наша асноўная мэта – гэта культура й гісторыя”.

(Цыганкоў: ) “Гэбрайская грамада Беларусі выпуская ажно тры друкаваныя выданьні. Ці лічыце Вы гэтую колькасьць дастатковаю або нават наадварот, завышанаю?”

(Герстан: ) “Колькасьць дастатковая, тым больш, што мы не перасякаемся. Ёсьць газэта, якая займаецца рэлігійнымі пытаньнямі, філязофскімі пытаньнямі – “Берега”. Ёсьць вельмі цікавы літаратурны часопіс “Мишпоха”, выдаецца ў Віцебску.

(Цыганкоў: ) “Усе выданьні, якія выпускае гэбрайская грамада, выходзяць на расейскай мове. Ці спрабавалі вы выдаваць на ідыш або на іўрыце?”

(Герстан: ) “Не. У гісторыі Беларусі былі часопісы й газэты, якія выдаваліся толькі на ідыш. Зараз, на жаль, носьбітаў мовы практычна няма. Мы хацелі й будзем узнаўляць у нашай газэце такі куточак для тых, хто вывучае мову, прычым, і ідыш, і іўрыт. Гэта, пакуль што, нашыя пляны. Думаю, што яны зьдзейсьняцца”.

(Цыганкоў: ) “Якія ў вас стасункі зь дзяржаўнымі ворганамі? Ці зьвярталіся вы да іх па фінансавую дапамогу?”

(Герстан: ) “Шчыра кажучы, за дапамогаю мы пакуль што не зьвярталіся, стасункі ў нас нармальныя, спраўныя, аніякіх праблемаў-пытаньняў не было і, спадзяюся, ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Галоўны рэдактар газэты “Авив” Барыс Герстан распавёў пра друкаваныя выданьні гэбрайскае грамады Беларусі.

Нагадаю, тэма сёньняшняй перадачы – выданьні нацыянальных мяншыняў. Палякі – трэцяя па колькасьці пасьля беларусаў і расейцаў этнічная група ў краіне. Усе польскія выданьні выходзяць у Гарадзенскай вобласьці. Найбольш масавай і вядомай зьяўляецца газэта “Glos znad Niemna” – як пазначана ў выходных дадзеных, “агульнарэспубліканскі тыднёвік грамадзкага аб’яднаньня Саюза палякаў Беларусі”. Выходзіць ён ужо 11 гадоў. Паведамляе Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Glos znad Niemna” даўгі час быў выданьнем чыста адраджэнскім, разьлічаным на сяброў Саюзу палякаў. Уласна навінаў, цікавых для чытача, там амаль не было. Затое вялікае месца займалі публікацыі, па-першае, пра колішні час – пра 39-ты год, пра Армію Краёву, рэпатрыяцыю палякаў, пра сталінскія лягеры й Катынь. Вельмі вялікае месца займала касьцельная тэматыка, прычым, згодна негалосна існуючыму правілу, кожны каталік у Беларусі – гэта паляк. Калі на пачатку 90-х беларуска-каталіцкая грамада спрабавала сям-там зрабіць набажэнствы на беларускай мове, гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку некаторых дзеячоў СПБ і аўтараў газэты. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што пазьней магчымасьць выказацца давалася, часам, і беларускім апанэнтам.

Шмат месца займалі ўнутраныя справы Саюзу палякаў. Напрыклад, заснаваньне польскіх клясаў у школах, школьныя конкурсы й фэстывалі польскае песьні. Усё гэта засталося й цяпер, але па колькасьці інфармацыі, скажам, агульнай для грамадзка-палітычных выданьняў, “Glos znad Niemna” стаў падобным да іншых газэтаў. Пішацца цяпер пра ўсё: пра ўнутрабеларускія праблемы й пра дзеяньні апазыцыі. Публікуюцца сусьветныя навіны. І канечне ж, польскія. Газэта мае наклад 8000.

Другое па значнасьці выданьне – гэта часопіс “Magazyn Polski”. Рэдакцыя таксама знаходзіцца ў будынку Саюзу палякаў. На шыльдзе пазначана, што гэта – “навукова-грамадзка-культурны квартальнік”. Побач – назвы ўсіх абласных гарадоў. Такім чынам выданьне разьлічана на ўсю Беларусь. Наклад, дарэчы, не малы – 7.300 паасобнікаў. З 1992 году выйшла дзевятнаццаць нумароў. Апошні, сёлетні, падвоены. У ім 80 старонак.

Асноўнай тэмаю нумара зьяўляецца праблема: каго ў Беларусі можна лічыць палякам. Разважаюць пра гэта польскія навукоўцы. Яны рабілі апытаньні на Гарадзеншчыне, пераважна ў вёсках, дзе жывуць палякі. Рэспандэнты – пераважна старыя людзі. У іх з польскага часу замацаваліся стэрэатыпы, па сутнасьці, часу царскага: каталік – значыцца паляк, праваслаўны – расеец. З дугога боку, гэтыя людзі моцна саветызаваныя. Яны кажуць, што ў СССР, калі межы не існавалі, фармальна было лепей. Пра беларусаў яны часам, нават, не ўзгадваюць. А калі й гавораць, дык наступным чынам – недапушчальна, калі гарачая каталічка – полька – лічыць сябе беларускай і кажа пра беларускіх каталікоў…

У “Glosie znad Niemna” былі пляны зрабіць беларускую старонку, аднак гэта не ажыцьцявілася. У апошнім “Magazynіе Polskim” зьмешчаная адна публікацыя на беларускай мове, і таксама апавяданьне на расейскай. Трэба яшчэ дадаць, што ў Лідзе палякамі адноўлена выданьне даваеннага часопісу – “Ziemia Lidzka””.

(Цыганкоў: ) “Як бачым з паведамленьня Сяргея Астраўцова, самае масавае выданьне польскае нацыянальнае мяншыні – газэта “Glos znad Niemna” зрабіла вельмі паказальны шлях ад засяроджаньня выключна на сваіх праблемах да выхаду ў агульнабеларускі інфармацыйны кантэкст.

Ня так удала складваецца лёс выданьняў беларускіх украінцаў. Газэта “Берасьцейскі край”, заснаваная ў 1996 годзе грамадзкай арганізацыяй “Просвіта Берестеїщіны”, зараз не выходзіць. Выданьне, якое спачатку выходзіла штомесяц, потым стала штотыднёвікам, спынілася летась з-за двух прычынаў – недахопу сродкаў і неперарэгістрацыі заснавальніка – аб’яднаньня “Просвіта Берестеїщіны”. Іншая газэта – “Голас Берасьцейшчыны” – калісьці выходзіла раз у квартал, але прайснавала яшчэ меней за “Берасьцейскі край”. Цяпер дакумэнты на перарэгістрацыю ўкраінскай суполкі знаходзяцца ў адпаведных структурах, і рэдактар “Берасьцейскага краю” Міхал Петруковіч спадзяецца аднавіць выпуск газэты.

(Петруковіч: ) “Газэта выходзіла на трох мовах, большасьць матэрыялаў выходзіла на ўкраінскай мове, але друкавалі мы матэрыялы і на расейскай, і на беларускай мове. Таму, што ў нас быў такі прынцып – калі нам пісалі чытачы на беларускай мове, мы не перакладалі на ўкраінскую, а друкавалі на беларускай мове. Калі пісалі на расейскай мове, мы друкавалі на расейскай мове. І таксама друкавалі матэрыялы на берасьцейска-пінскім дыялекце ўкраінскай мовы. Гэта значыць – не на сучаснай літаратурнай украінскай мове, а на той мове, якой карысталіся на нашым Палесьсі”.

(Цыганкоў: ) “Якія ў вас стасункі зь дзяржаўнымі ворганамі? Ці зьвярталіся вы да іх па фінансавую дапамогу?”

(Петруковіч: ) “Мы зьвярталіся адзін раз да мясцовых уладаў вобласьці і да ўраду Рэспублікі Беларусь за фінансавай дапамогаю для выданьня адзінай газэты ў Беларусі, але быў адзін адказ – сродкаў няма, і таму нам ніхто ніколі не дапамагаў. Нам дапамагалі ўкраінцы з Аўстраліі, троху дапамагала Ўкраіна: папераю ды грашыма. Нам сёньня газэта патрэбна, газэта патрэбна ў Рэспубліцы Беларусь. Людзі тэлефануюць, пішуць лісты. Справа ў тым, што наша газэта адзіная, якая давала праграму перадачаў Украінскае тэлевізіі. Многія людзі глядзяць Украінскую тэлевізію. Яны хацелі б мець праграму ўкраінскае тэлевізіі, але яе друкуе толькі наша газэта”.

(Цыганкоў: ) “Як бачым, посьпехі прэсы нацыянальных мяншыняў Беларусі складваюцца зусім па-рознаму. Адныя просяць дапамогу дзяржавы – і яе не атрымліваюць, іншыя выдатна абыходзяцца і сваімі сіламі. Але ўрэшце можна зрабіць лягічную выснову: чым больш зарганізаваная і зьяднаная нацыянальная мяншыня, тым лепш выглядаюць ейныя выданьні.

Віталь Цыганкоў