Сакрэты доўгажыхарства Яніны Каханоўскай.

(эфір 16.12.2000)

Аўтар і вядучы: Мікола Іваноў

Удзельнічае: Яніна Каханоўская (Ню-Ёрк).

Як жыць доўга і здарова? Ці можна з дапамогай штодзённай адпаведнай дыеты падоўжыць працягласць жыцьця? Як харчуюцца тыя, чый век сягнуў ста гадоў? Ці можа здаровы стыль жыцьця аўтаматычна далучыць вас да доўгажыхароў? Ці зьяўляецца спорт ўнівэрсальным сродкам, які спрыяе доўгажыхарству?

Доўгажыхар, ці доўгажыхарка – паводле афіцыйнай клясыфікацыі Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я – гэта той, хто мае 90 гадоў і болей. З кожным днём такіх людзей сярод насельніцтва плянэты ўсё больш і больш. Прагрэс мэдыцыны і рост дабрабыту спрычыніліся да таго, што людзі сталі жыць даўжэй.

Але фактары, якія ўплываюць на працягласьць жыцьця чалавека, дзейнічаюць у кожным асобным выпадку па-рознаму. Значная частка доўгажыхароў – гэта абсалютна здаровыя людзі, якія амаль ніколі не хварэлі і якія толькі зрэдзьчасу зьвяртаюцца да лекараў. Але нямала і такіх, хто ў дзяцінстве шмат хварэў, а ў паважным веку стаўся сталым наведнікам паліклінікаў і шпіталёў. Існуе нават думка, што перанесеныя ў дзяцінстве хваробы нейкім чынам загартоўваюць арганізм чалавека, ягоную імунную сыстэму.

Карацей, на доўгажыхарства пакуль што няма дакладнага рэцэпту, але ў кожным канкрэтным выпадку ёсьць элемэнт агульнага правіла. Таму я вырашыў зьвярнуцца з просьбай даць інтэрвію праграме “Бывайце здаровы” да 92-гадовай менчанкі, якая цяпер жыве на Мангэтэне ў Нью- Ёрку Яніны Каханоўскай.

Яніна Каханоўская ў беларускім незалежніцкім асяродзьдзі асоба амаль што легендарная. Як яна сама апавядае, яе трымаў на каленях і гуляў зь ёю на пачатку стагодзьдзя сам Максім Багдановіч. Яна добра ведала і сябравала з Янкам Купалам, сябравала зь ягонай жонкай Уладзяй, ведала амаль усіх беларускіх дзеячоў Менску. Ейная маці Эмілія Луцкевіч – родная сястра вядомых беларускіх адраджэнцаў - братоў Івана і Антона Луцкевічаў. Факт гэты стаў падставай таго, што амаль усе сваякі Эміліі Каханоўскай былі ў міжваенны пэрыяд рэпрэсаныя. А сама яна нейкім чынам перахавалася ў Менску. Зь немцамі пад час вайны яна не супрацоўнічала, але калі ў 1944 годзе да Менску наблізілася Чырвоная Армія, сп-я Каханоўская выехала на Захад.

Хутка яна будзе ў сваей маленькай нью-ёрскай кватэрцы адзначаць свае 92-я ўгодкі. Яна і сёньня ў добрым здароў’і, лекараў амаль не наведвае. На маё пытаньне: ці ведае яна сакрэт даўгалецьця, Яніна Каханоўская адказала:

(Каханоўская: ) “Не, няма ніякага сакрэту. Я жыла, як жылося. Я ніколі не “сядзела” на дыетах. Ніколі ні ў чым сябе не абмяжоўвала. Адно, што я ніколі не піла і не паліла”.

(Іваноў: ) ”Ёсць такая думка, што людзі, якія ніколі не хварэлі -- доўга жывуць і што перанесеныя хваробы зьніжаюць здольнасць чалавека пражыць доўгі век. А як было ў вашым выпадку, спадарыня Каханоўская?”

(Каханоўская: ) “Што тычыцца мяне, дык я перанесла вельмі цяжкую хваробу – сыпны тыфус – у 1920 годзе. Пазьней хварэла таксама гішпанкай (цяжкая форма грыпу). Ад гішпанкі ў Эўропе свойчас памерла вельмі шмат людзей”.

(Іваноў: ) ”А ці вы, спадарыня Каханоўская, неяк спэцыфічна харчуецеся? Ці гэта мае нейкі ўплыў на вашае жыцьцё”.

(Каханоўская: ) “У дзяцінстве я харчавалася вельмі дрэнна. Пасля таго, як я перахварэла на тыфус, давялося есьці так званую макуху. Елі таксама лупіны ад бульбы”.

(Іваноў: ) “Але цяпер вы жывяце ў Амэрыцы і можаце сабе дазволіць усё, што захочаце”.

(Каханоўская: ) “Я ем няшмат. Ем абсалютна ўсё, што мне хочацца, але ем, паўтаруся, мала. Калі я зьем кавалак сала, дык гэта сапраўды маленькі кавалачак”.

(Іваноў: ) ”Гавораць, што працягласьць жыцьця залежыць і ад маёмаснага стану чалавека. Ці можна купіць даўгалецьце?”

(Каханоўская: ) “Думаю, што не. Усё залежыць ад характару чалавека. Людзі, якія зайздросьцяць іншым, якія ўвесь час знаходзяцца ў стрэсе, жывуць меньш. А тыя, якія нікому не заздросьцяць, заўсёды задаволеныя, радасныя, жывуць даўжэй. Я ведаю шмат такіх людзей”.

(Іваноў: ) “Я ведаю, што ў вас ёсьць родная сястра, якая жыве ў Расеі і якая шмат перажыла: ссылку, вязьніцу. Розьніца ва ўзросьце ў вас, калі не памыляюся, усяго адзін год. Ці на працягласць жыцьця ўплываюць варункі чалавечага жыцьця?”

(Каханоўская: ) “Як бачыце, не. Маёй сястры сёлета спаўняецца 90 гадоў, а мне ўжо 91. Відаць, не ўплывае гэта на здароў’е. Яна ж перанесла ссылку, працавала на Далёкай Поўначы. Працавала лекарам- рэнтгенолягам”.

(Іваноў: ) “Парайце, калі ласка, – што трэба рабіць, каб пражыць доўга?”

(Каханоўская: ) “Я лічу, што трэба зь любоў’ю ставіцца да людзей, любіць жыцьцё. Ня трэба людзей крытыкаваць. Ня трэба нікому зайздросьціць”.

(Іваноў: ) “А можа ёсьць нейкія парады ў галіне фізычнага, а не духовага жыцьця? Ці займаліся вы некалі спортам?”

(Каханоўская: ) “Ніколі нічым такім не займалася. Але ўсё жыцьцё працавала фізычна. Тут, у Амэрыцы, 15 гадоў адпрацавала на фабрыцы”.

(Іваноў: ) “А як выглядае вашае штодзённае жыцьцё?”

(Каханоўская: ) “Я ўстаю раніцай, п’ю каву, іду ў краму. Купляю ўсё, што мне патрэбна: малако, хлеб. Сама прыбіраю ў хаце. Шмат чытаю, пішу лісты. Не сяджу бяз працы”.

(Іваноў: ) “Я чуў, што малако ня надта карыснае для здароў’я…”

(Каханоўская: ) “Малака я ня пью зусім. Можа, часам лыжачку ў каву. Да лекара я хаджу толькі раз у год. Усе аналізы мае пакуль што нармальныя”.

(Іваноў: ) ”У чым жа тады сакрэт вашага добрага здароў’я?”

(Каханоўская: ) “Сакрэт у маім лагодным характары. Я люблю людзей і да ўсіх добра стаўлюся”.

(Іваноў: ) “І нават да тых, хто над вамі здзекваўся пад час вайны і савецкай улады?”

(Каханоўская: ) “Адно ненавіджу – камунізм. Ненавіджу камуністаў, якія мучылі нас у пэрыяд сталіншчыны. А так больш нічога. Усіх люблю”.

(Іваноў: ) “Прыгадаю, што Яніна Каханоўская – родная бабця вядомага беларускага сьпевака з Амэрыкі Данчыка”.

У другой частцы гэтай праграмы, якую мы звычайна прысьвячаем навінам мэдычнага жыцьця і новым навуковым распрацоўкам у галіне мэдыцыны, сёньня мы раскажам пра некаторыя важныя парады і рэцэпты тым, хто хоча жыць доўга:

1. Апошнія дасьледзіны брытанскіх лекараў выявілі, што калі муж і жонка пасварыліся і не размаўляюць паміж сабой на працягу гадзіны, пазьней, цягам 18 гадзінаў, іхная імунная сыстэма знаходзіцца ў падаўленым стане. І, такім чынам, іх арганізм робіцца безабаронным перад рознымі інфэкцыямі. Але, калі хутка наступае замірэньне, імунная сыстэма зноў функцыянуе нармальна.

2. Амэрыканскі часопіс “Journal of Sports Medicine and Physical Fitness” паведамляе, што даследзіны навукоўцаў з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту на 720 добраахвотніках ва ўзросьце ад 46 да 90 гадоў выявілі, што толькі рэгулярныя заняткі спортам могуць быць эфэктыўным сродкам супроць сардэчна-судзінавых хваробаў. Калі чалавек сталага ўзросту пачынае заняткі спортам, дык першыя карысныя вынікі для яго здароў’я можна чакаць толькі пасьля першых 4 месяцаў. Толькі пасьля гэтага можна гаварыць пра сталы добры ўплыў. Калі ж не займацца спортам, здольнасьць нашага сэрца ўсвойваць кісларод зьмяншаецца стала на 1% штогоду. Спорт жа можа падтрымліваць гэтую функцыю сардэчнай мышцы на добрым узроўні.

3. Ангельскія навукоўцы ў выніку дасьледзінаў прыйшлі да высновы, што людзі, якія жывуць у доўг, ставяць, у выніку непатрэбных стрэсаў, пад пагрозу сваё здароў’е. Асабліва гэта датычыць тых, хто карыстаецца крэдытнымі плястыкавымі карткамі.

4. Паводле інфармацыі часопіса “European Journal of Clinical Nutrition” мужчыны і жанчыны, якія ядуць адзін яблык у дзень, маюць меньшы шанец захварэць сардэчна-судзінавымі хваробамі, чымся тыя, якія яблыкаў не ядуць. Паведамляецца, што спрыяльны для здароў’я эфэкт яблыкаў палягае ў фэнольнай кіслаце яблыкаў. Гэтая кіслата блякуе мэтабалічныя працэсы, якія адбываюцца ў клетках арганізма і якія могуць выклікаць такія хваробы, як рак і сардэчна-судзінавыя захворваньні.

Мікола Іваноў, Прага