ЗАЛАТАЯ ШЛЯХОЦКАЯ ЛЕГЕНДА: ПАДАРОЖЖЫ Й ДЗІВОСЫ
(Эфір 18 Студзеня 2001) Удзельнік — Вацлаў Арэшка.Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.
Музычны рэдактар — Ягор Маёрчык, прадусар — Алесь Гурыновіч. (Ракіцкі: ) "Нашыя багатыя веды пра гісторыю чалавецтва ўвогуле й гісторыю асобных народаў, іхныя уяўленьні й прыроду мэнталітэту зьвязаныя і з адвечнай (а мо нават генэтычнай) прагай чалавека да падарожжаў. Ваяры, заваёўваючы новыя землі, гандляры, купляючы й прадаючы тавары далёка ад роднага дому, студэнты, выпраўляючыся па навуку ў іншыя краіны, ды проста цікаўныя людзі, што вандравалі ў пошуках дзівосаў і авантураў, спазнавалі сьвет, побыт, духоўны вопыт іншых людзей. Яны занатоўвалі інфармацыю цікавую й карысную, апісваючы свае ўражаньні ад падарожжаў. Пакідалі па сабе апісаньньні сваіх прыгодаў, авантураў, пабачаных дзівосаў, цудаў. Праз тыя тэксты й легенды мы сёньня датыкаемся да духоўнага досьведу людзей аддаленых эпох. А мы, беларусы, гістарычна — дамаседы ці падарожнікі? Гэтыма пытаньнем я распачынаю размову з маім сягоньняшнім госьцем — гісторыкам культуры Вацлавам Арэшкам". (Арэшка: ) "Мабільнасьць — гэта рыса эўрапейскае цывілізацыі, эўрапейскае культуры, вольнае індывідуальнасьці. Беларусы, натуральна, эўрапейцы, і гісторыя даказвае, што ў мінулым мы былі адкрытай нацыяй. Беларусаў цікавіў сьвет, яны імкнуліся да абмену каштоўнасьцямі, пашыралі свой сусьвет, але пры гэтым заўсёды вярталіся да сваёй хаты, да свайго кавалку зямлі, што былі іхным Ерусалімам". (Ракіцкі: ) "Што штурхала беларусаў у далёкія вандроўкі?" (Арэшка: ) "Як і большасьць чалавецтва, беларусаў падганяла перадусім прага — прага да новага, прага да новых ведаў, да новага зыску, да новых прыгодаў... Здаецца мне, менавіта гэтая прага й стварыла эўрапейскую цывілізацыю, і беларусы тут ейныя паўнавартасныя сыны. Калі ёсьць у нацыі гэтая прага — квітнее краіна, зьнікае ў нацыі гэтая цікавасьць да іншага — занепадае й краіна..." (Ракіцкі: ) "У якія гістарычныя часы беларусы найбольш падарожнічалі?" (Арэшка: ) "Беларусы, як і іншыя эўрапейскія нацыі, пачалі адкрываць сьвет у эпоху Рэнэсансу. Найбольш пашырыліся падарожжы ў Залаты Век нашае дзяржаўнасьці. А менавіта: з XVI-га да першай паловы XVIII-га стагодзьдзя — эпохі Адраджэньня й барока". (Ракіцкі: ) "А цяпер я прапаную вярнуцца да залатой шляхоцкай легенды пра падарожжы й дзівосы. А вас, Вацлаў, папрашу быць нашым гідам па тых легендах…" Гучыць фрагмэнт Увэртуры да балетнай пантамімы “Арлекін-нявольнік” Эрнэста Важуры ў выкананьні ансамблю салістаў “Клясык-авангард”. (Ракіцкі: ) "Уявім сабе XVI–XVIII стагодзьдзі… Хтосьці зь беларускіх магнатаў ці заможнай шляхты зьбіраецца ў далёкае падарожжа. Якія маршруты яны абіралі? Куды ехалі? На захад? На ўсход?" (Арэшка: ) "Маршруты былі розныя, але галоўных накірункаў няшмат. Для паломнікаў кропкай прыцягненьня быў, вядома, Ерусалім, Сьвятая Зямля. Звычайна кіраваліся туды праз Італію ці праз Балканы, як рабіў гэта Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Мніхаў, сьвятароў найбольш прыцягваў Рым, сталіца каталіцкага сьвету. Хто жадаў ведаў, ехаў да славутых унівэрсытэтаў. Каталікі пры гэтым звычайна накіроўваліся ў італійскія ці францускія вучэльні, часта праз Кракаў ці Прагу. Шлях Францішка Скарыны тут тыповы. Пратэстанты шукалі ведаў часьцей у Нямеччыне, Галяндыі альбо Даніі. Для дзяцей магнатэрыі, асабліва з другой паловы XVII стагодзьдзя, найбольш прыцягальнымі сталі шматлікія эўрапейскія сталіцы зь іхнымі каралеўскімі ці княжацкімі дварамі. Пры дварах набывалі жыцьцёвага ды палітычнага вопыту. “Дыярыюш” М.К.Радзівіла Рыбанькі дакладна фіксуе маршрут доўгай замежнай выправы юнага князя на пачатку 20-х гадоў XVIIІ стагодзьдзя. Гэта: ад роднага Нясьвіжу да Гданьску, а потым Дрэздэн, Бэрлін, Ляйпцыг, Вена, Мюнхен, Кёльн, Амстэрдам, Парыж. Хвароба перашкодзіла плянам князя наведаць Лёндан. Як бачым, збольшага цывільныя кіраваліся ў заходні бок. На ўсход — у Турцыю альбо Масковію курсавалі ўвесь гэты час паслы, авантурысты ці вайсковыя аддзелы. Так званы “смутны час” закінуў разам зь Ілжэдзімітрыямі ў маскоўскія абшары тысячы беларусаў, якія шукалі багатай здабычы й прыгодаў. Пад час вайны зь Іванам Жахлівым аддзелы гатовых на ўсё авантурыстаў-ахвотнікаў забіраліся далёка ў прыволскія стэпы й нават — можа гэта й легенда — ледзь не захапілі самога цара, які хаваўся падалей ад “тэатра вайсковых дзеяньняў”. (Ракіцкі: ) "Чым ехалі, што й каго бралі з сабою?" (Арэшка: ) "Калі выяжджаў чалавек заможны, і надоўга, а менавіта пра такіх мы маем найбольш цікавых зьвестак, дык у дарогу рушыла цэлая экспэдыцыя, якая складалася зь некалькіх прыдворных, звычайна сяброў і раўналеткаў, — гэткі перасоўны двор. Лёкаі ды прыдворныя мелі таксама й функцыі аховы. Абавязковаю асобаю быў духоўнік, немагчыма было таксама бяз кухара, сакратара, лекара. Часта з моладзьдзю ехалі хатнія настаўнікі, як іх называлі “губэрнатары”. Прыдворная шляхта й настаўнікі часта мелі свае слугі, і кампанія часам вырастала да некалькіх дзясяткаў чалавек. Гэта было ня лішняе, бо дарогі, нават у Эўропе, бывалі небясьпечныя. Ехалі найманымі вазамі й карэтамі, там дзе былі зручныя водныя шляхі, нярэдка наймалі судны. Такія экпэдыцыі везьлі за сабою ледзьве ня ўсё, што магло спатрэбіцца ў дарозе — ежу, шмат рознай вопраткі, зброю, посуд. Дарогайе накуплялі яшчэ чаго-небудзь і, можна сабе ўявіць, які караван вяртаўся ў родны Нясьвіж ці Слуцак. Але наяўных грошай звычайна везьлі няшмат — ужо тады добра працавала банкаўская сыстэма й часьцей бралі вэксалі, на якія можна было атрымаць пэўную суму хоць ў Парыжы, хоць у Лёндане". (Ракіцкі: ) "І вось нашыя падарожнікі нарэшце дасягаюць краіны сваёй мары. Што перадусім кідаюцца яны паглядзець, куды й на што скіроўваюць сваю цікаўнасьць?" (Арэшка: ) "Куды йдзе звычайны сучасны беларус, калі прыяжджае без асабліва пільнай мэты ў любы замежны горад? Здагадацца няцяжка — у краму, у лепшым выпадку — у музэй. Калі з грашыма, дык яшчэ і ў рэстарацыю... Беларускі турыст часу барока, уладзіўшыся ў чужым горадзе, мусіў наведаць два найважнейшых месцы — рэзыдэнцыю ўлады й храм... Там ён ня толькі “рэгістраваў” сваю асобу ды маліўся за шчасьліва пераадолены шлях. Двор — гэта цэнтар сьвецкіх кантактаў і сьвецкіх забаваў. Храм — часта сховішча дзівосаў і рарытэтаў. Нават закупы гэтак не цікавілі шляхетных падарожнікаў, як дзіўныя чароўныя рэліквіі. Вось як прыгадвае бачаныя ў сваім падарожжы незвычайнасьці М.К.Радзівіл Рыбанька: "Вена.
Зранку быў я ў айцоў капуцынаў, аглядаў целы цэсарскага дому Аўстрыяцкага, якія ў трунах ляжаць; там жа бачыў скарбец цэсарскі, а таксама сапраўднае церне Пана Езуса, цьвік ад рукі Пана Езуса й сіла пекных і праўдзівых рэліквіяў; асабліва жа гэткую: пляшку шкляную, у якой муха лазіць, як прыйдзе да дзюркі, нічым не зашпунтаванай, дык назад да донка спадае, а шпунта ў пляшцы няма, але паведамленьне ёсьць, што гэта колькі сот гадоў таму, як пэўны сьвяты экзарцыст д’ябла закляў й загадаў яму ў муху абярнуцца, і дагэтуль сядзіць д’ябал у тае постаці ў пляшцы... Кёльн.
Быў у катэдры, дзе аглядаў целы трох каралёў; у аднаго на галаве, дзе Пан Езус руку паклаў, ёсьць месца з валасамі; потым быў у касьцёле кананічак сьвятой Уршулі, дзе бачыў труны той вялікай сьвятой з таварышкамі, ды розныя аглядаў рарытэты…" (Ракіцкі: ) "Але вядома, што цікавыя рэчы знаходзіліся ня толькі ў палацах ці касьцёлах. Шляхціча Тэадора Бялевіча, які ў XVII-м стагодзьдзі трапіў у Лёндан, хіба найбольш уразіла тое, што цяпер мы называем “цыркам”: "Лёндан.
У той самы дзень апоўдні быў я на рынку, дзе ўсё можна добра разглядзець. Найперш бачыў там слана, незвычайна вялікіх памераў жывёліну, якая так добра навучаная розным штукам, якія носам вырабляе, што здаецца, чалавек рукою ня мог бы лепей зрабіць; нос гэты слон мае даўгі — на чатыры альбо пяць локцяў даўжыні, і падобны на вужа; гэтым носам ён кіруе як захоча. Бачыў я і розных марскіх катоў, дзіўных, не падобных да тых, якія звычайна жывуць у нашых краях. Адзін, вялізны, як сабака, меў дзіўную галаву бяз поўсьці, толькі з агіднаю рыжаю барадою, як у чалавека. Гэты кот заўсёды ходзіць у адзеньні, нібыта юнак. Ён вырабляў розныя штукі на вяроўцы, як у нас жыды, што на вяроўках паказваюць розныя фіглі; гэты кот паліў тытунь, як чалавек, пускаючы дым праз нос і праз рот…" (Ракіцкі: ) "А ці рабілі нашыя падарожнікі закупы за мяжой?" (Арэшка: ) "Што везьлі дамоў з Захаду? Найперш, вядома куплялі тое, чаго не было ў родным краі, самае дзіўнае й цікавае, як напрыклад Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка: "Калі я ў Каіры апускаўся ў пахавальні або пячоры, дзе гэткія муміі ляжаць, купіў я і ўзяў дзьве, — мужчыны і жанчыны; і так з усім, як былі загорнутыя, кожнае на тры часткі падзяліўшы, загадаў пакласьці ў скрыні, якіх атрымалася шэсьць скрыняў вялікіх..." Менавіта Сіротка, які шмат часу правёў у розных краінах, наведаў Ерусалім, запачаткаваў багацейшыя Радзівілаўскія зборы рарытэтаў і мастацкіх твораў (ад якіх, як вядома, амаль нічога ў нас не засталося), а таксама вялізную нясьвіскую бібліятэку. Сярод рарытэтаў трапляліся й засушаны кракадзіл, і корань мандрагоры, і “інструмэнт міласьці кітоў-самцоў, які мае даўжыню тры венскіх локці, на зайздрасьць многіх, каму парадку ў тым не хапае”. Напраўду бібліятэкі радзівілаўскія былі найлепшыя ў Вялікім Княстве, а ў замкавых галерэях можна было ўбачыць творы найлепшых эўрапейскіх майстроў. А Радзівілы, быўшы за мяжою, прыглядаліся ня толькі да пляшак з мухамі. Вось што згадвае пра свае закупы Геранім Флярыян Радзівіл: "Нядаўна пад Ведням быўшы, прывёз адтуль мадэль стала на адліваньне люстэрак і загадаў зрабіць гэткаму падобны, што ў цэсарскай мануфактуры быў". А Міхал Казімер Радзівіл Рыбанька набыў у Варшаве для нясьвіскай бібліятэкі нават машыну для дэманстрацыі электрычнасьці — гэта ў сярэдзіне XVIII стагодзьдзя! (Ракіцкі: ) "Ведама, што падарожжа часам схіляе да авантурнасьці. Ці бывала так, што нашыя падарожнікі кідаліся ў авантуры, разьнявольваліся?" (Арэшка: ) "Хіба на гэтае пытаньне найлепш адказалі б самі падарожнікі, напрыклад М.К.Радзівіл Рыбанька: "Дрэздэн.
На балі ў каралевіча чуўся незадаволена, бо пайшоў гуляць у фараона і, прайграўшы тысячу бітых талераў; як змыты, вячэры ня еўшы, спаць пайшоў. Вена.
Калі я да двору езьдзіў, дык заўжды да дамаў дворскіх моцна падкахоўваўся, і добрая была з дамамі кампанія, пакуль адны ежу на цэсарскі стол носяць, другія ў пярэдніх пакоях з намі сваволяць. І досыць любіў там бываць, бо часу не прыходзілася губляць, заўжды па колькі разоў на дзень валасы прыбіраць мусіў. І гэтак ўсё пры двары, бо на асамблях там чалавек і прыгожага ўбачыць, і цікавага спазнае; тое толькі горшыла, што па ўчыненай аўдыенцыі даводзілася цэсарскім швайцарам прыдзьверным манэты плаціць як патрэбна; яшчэ горш, што грандмайстар дворскі па аўдыенцыі таксама прыходзіць, і яму трэба даць, і сіла мне гэта каштавала. Як вярнуўся я з асамбляў, вячэраў у сябе, а ксёндз Швайкоўскі пачаў мне выгаворваць, мовячы, што мае моц мяне высячы, ад маткі маёй яму дадзеную, чаму я адказваў і дужа мы зь ім лаяліся. Давёў яму, што я паўналетні, дык ніхто мне губэрнатара даць ня мог, і калі ж маці мая вашмосьць пана мне дала, дык толькі дзеля людзей маіх і дзеля паважнасьці маёй". (Ракіцкі: ) "Як успрымалі беларусы-падарожнікі XVI–XVIII-га стагодзьдзяў пабачанае за мяжой? Ці параўновалі са сваім радзіннымі звычаямі? Ці пераймалі досьвед іншых народаў?" (Арэшка: ) "Як бачна зь дзёньнікаў, беларускі падарожнік эпохі Рэнэсансу й раньняга барока прагна ўспрымаў тое, што бачыў, дзівіўся, захапляўся й прымаў як рэчаіснасьць, “матаў на вус”... З захапленьнем шляхцічы — ваяры ды палітыкі апісвалі строі ды ўзбраеньне чужаземных войскаў, урадавыя прынцыпы. Пазьней усё больш крытычна ацэньваецца ўбачанае. Восьсю ўспрыманьня сусьвету становіцца выключна край мітычнай ужо “залатой шляхоцкай вольнасьці”, а тое, як жывуць людзі па-за яе межамі, выклікае агіду і ўсё больш... нецікавасьць". Гучыць фрагмэнт Увэртуры да балетнай пантамімы “Арлекін-нявольнік” Эрнэста Ванжуры ў выкананьні ансамбля салістаў “Клясык-авангард”. (Ракіцкі: ) "Вось і скончылася нашая вандроўка. А ў гісторыі — калі беларусы завяршаюць свае вольныя, зьвязаныя зь цікаўнасьцю, адукацыяй, бізнэсам, выправы ў сьвет?" (Арэшка: ) "Разам з вольнаю дзяржаваю. Як ведаеце, з Расеі ўжо пры ўсім жаданьні выехаць ня ўсім удавалася. Нават вялікі расейскі паэт Пушкін, які так хацеў пабываць за мяжою, так і не атрымаў пашпарту... Але гэта быў працэс паступовы й заканамерны. Пасьля зьнішчальных войнаў XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў амаль зьнікае беларускае мяшчанства — звычайны эўрапейскі рухавік прагрэсу. У шляхты, магнатэрыі зьнікае цікавасьць да ўнівэрсытэцкай адукацыі. Езуіцкі калегіюм у суседнім мястэчку для большасьці шляхты — ужо вяршыня навукі: я й так усё ведаю лепш, бо самы разумны. Лепш за нас нідзе ня можа быць, а й увогуле — ці ёсьць там што-небудзь —па-за межамі? Перад небясьпекаю звонку ўсё больш выпрацоўваецца стравусіны сындром — схаваць галаву, заплюшчыць вочы й зрабіць выгляд, што ўсё нармальна, “толькі б вайны не было”... Калі ў сьвядомасьці большай часткі насельніцтва краіны — і ў шляхты — сталі дамінаваць такія настроі, дзяржаву, бадай ужо нічога не магло выратаваць — ані прагрэсыўная канстытуцыя, ані адукацыйныя рэформы, ані адчайнае змаганьне кучкі энтузіястаў за незалежнасьць. Краіна глынула медавухі, заплюшчыла вочы і... заціхла... Тады памножылася новая хваля падарожнікаў, якіх цяпер называюць палітычнымі эмігрантамі. Беларусы, што ўцякалі перад расейскаю помстаю за ўдзел у паўстаньнях ці патаемных арганізацыях, сталі часам вядомымі падарожнікамі, славутымі ў чужых краёх. Сярод іх можна згадаць і Тадэвуша Касьцюшку, і Адама Міцкевіча, і Мікалая Судзілоўскага, і Зыгмунта Мінейку... Іхнае, бадай, галоўнае адрозьненьне ад падарожнікаў часоў старасьвеччыны — яны жывымі ўжо не вярталіся..." Вячаслаў Ракіцкі