Апошні раз у сталіцы Расеі быў я роўна сямнаццаць гадоў таму — Васіль Уладзімеравіч Быкаў папрасіў выступіць замест яго на канфэрэнцыі «КДБ учора, сёньня, заўтра» (сам Быкаў у тыя сьнежаньскія дні 1995-га прыхварэў). І так атрымалася, што мэтай цяперашняй камандзіроўкі быў Быкаў — Радыё Свабода рыхтуецца да дзесяцігодзьдзя адыходу ў Вечнасьць выдатнага пісьменьніка.
«Быкаўскія» вынікі маскоўскай паездкі — на сайце і ў эфіры сёлета ў чэрвені. А зараз — пра некаторыя іншыя сустрэчы і ўражаньні.
Пачну з таго, што, калі мне прапанавалі камандзіроўку ў Маскву, я быў перакананы, што з гэтай ідэі нічога не атрымаецца: перашкаджала першая графа візавай анкеты.
Не, ня прозьвішча.
Першай графой у анкеце на атрыманьне візы ў РФ стаіць грамадзянства.
Адзінаццаць гадоў таму для паездкі ў Маскву я спрабаваў выкарыстаць амэрыканскі так званы «трэвэл дакумэнт» палітычнага ўцекача (беларускі мой пашпарт на той момант быў пратэрмінаваны). Але тады высілкі Пятра Вайля, які быў узяўся мне дапамагчы, скончыліся нічым.
Цяпер у мяне быў «паўнавартасны» амэрыканскі пашпарт (акрамя беларускага, маю і грамадзянства ЗША — з 2002 году гэта не забараняецца беларускім заканадаўствам), і калегі параілі мне паспрабаваць — а раптам?
Дык вось, у першай графе анкеты (грамадзянства) я напісаў праўду: грамадзянства — Republic of Belarus і United States of America.
Пасьля гэтага консул расейскай амбасады меў поўнае юрыдычнае права адмовіць у візе — з той простай прычыны, што мне яна фармальна не патрэбная: грамадзяне Беларусі, як вядома, езьдзяць у Расею бязь візаў. Маўляў, бярыце свой беларускі пашпарт і — «Москва, златые купола...».
Як ні дзіўна — ён гэтага не зрабіў, і празь некалькі дзён мне вярнулі амэрыканскі пашпарт зь візай.
І тут пачаліся іншыя асьцярогі: а ну як на расейскім памежным пераходзе мяне затрымаюць (у 1996 годзе газэта «Свабода» пісала, што аўтар гэтых радкоў быў уключаны ў так званы «стоп-сьпіс». Пазьней я некалькі разоў атрымліваў пацьверджаньне гэтай інфармацыі). Я не належу да людзей з авантурным складам характару, але ў гэтым выпадку быў перакананы, што нічога дрэннага не павінна здарыцца: шмат хто зь фігурантаў беларускага «стоп-сьпісу» свабодна перасякае расейскую мяжу.
Словам, у сярэдзіне сьнежня я ўзышоў на борт аэробуса расейскай кампаніі «Аэрофлот».
Пасьля палёту я стаўлю гэтую кампанію па ўзроўні сэрвісу нароўні з той, якую да гэтага часу лічыў найлепшай — «Czech Airlines» (гаворка, паўтаруся, ідзе пра сэрвіс — такога парамэтру, як бясьпека, ацаніць не бяруся).
Што адчуваў я ў тыя трыццаць-сорак хвілінаў, калі самалёт пралятаў над Беларусьсю — не над Паставамі ці Віцебскам і не над Менскам — кілямэтраў 50 «ніжэй» за Менск, калі глядзець па мапе, але, можа быць, роўна над вёскай Сідаравічы пад Магілёвам — вёскай маці, дзе часта бываў у дзяцінстве? Тут чытач слушна можа чакаць словаў пра сэрца, якое забілася пры адчуваньні, што вось тут, толькі за дзесяць кілямэтраў пад табой — Радзіма, дзе ня быў амаль сямнаццаць гадоў. Але нічога падобнага не было. Магчыма, таму, што чалавек я ня вельмі каб сэнтымэнтальны. Або таму, што за ілюмінатарам Радзімы з-за аблокаў было не разгледзець. А можа і з той прычыны, што ў пасажырскім салёне не было ўжо звыклых манітораў, дзе па мапе прачэрчваецца маршрут і відаць, над чым цяпер пралятае лайнэр.
Эмоцыі ў мяне зьявіліся ад іншага.
На падлёце да Масквы стуардэсы прапанавалі замежнікам так званую міграцыйную карту. Рутынная рэч — такія блянкі для замежнікаў (нават для тых, каму віза не патрэбная) прадугледжаныя шмат у якіх краінах. У Чэхіі, Францыі ці Італіі іх няма, а вось у Вялікай Брытаніі ці ЗША яны ёсьць.
Але тое, што прачытаў я ў першай графе блянка, было для мяне нечаканасьцю. Не скажу, што прыемнай.
На міграцыйных картах уверсе звычайна пішацца назоў краіны.
На гэтай было напісана: Russian Federation Republic of Belarus.
Што гэта азначае?
Азначае гэта, што мала які замежнік (амэрыканец, француз, кітаец, японец, чэх, паляк etc.) будзе ўчытвацца ў напісанае на гэтым жа блянку дробным шрыфтам, што картка гэтая зроблена ў адпаведнасьці з дадаткам да «пратаколу пагадненьня паміж Міністэрствам унутраных спраў Расейскай Фэдэрацыі і Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь (заўважце — назовы краінаў пададзеныя не паводле альфабэту — С. Н.) аб парадку рэалізацыі Пагадненьня паміж Урадам Расейскай Фэдэрацыі і Ўрадам Рэспублікі Беларусь аб выкарыстаньні міграцыйнай карты адзінай формы ад 5 кастрычніка 2004 году».
Гэты напамінак пра тое, што Беларусь і Расея зьяўляюцца асобнымі краінамі (бо кожная мая свой урад), звычайны чалавек, якому дадуць карту, праігнаруе.
Ён, найхутчэй, успрыме толькі першы радок — і ўспрыме гэта як факт існаваньня адзінай краіны. Ну, ці амаль адзінай (нямецкія землі таксама маюць кожная свой урад, як і амэрыканскія штаты).
Між іншым, як потым я даведаўся, такую ж картку запаўняюць і тыя замежнікі, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу Беларусі.
Першае, што яны чытаюць на картцы — Russian Federation.
А ўжо потым — Republic of Belarus.
... Калі я падаваў памежніцы гэтую міграцыйную картку з пашпартам, запытаўся: «А вось скажыце, у вас адзіная картка зь Беларусьсю. А база ў вашым кампутары таксама адзіная?»
Жанчына паглядзела на мяне, потым яе позірк накіраваўся ўправа і ўверх, як быццам яна паказвала нешта на шкле, якое было паміж намі. На шкле вісела шыльда: «Ведётся видео и аудиозапись». Калі нашыя позіркі зноў сустрэліся, яна пахітала галавой — знак, які ў Баўгарыі азначае «так», а ў Беларусі і ў Расеі — «не».
Шлях у Маскву быў адкрыты.