Уладзімер Ганчарык абраны старшынём Каардынацыйнай
рады прафсаюзаў Беларусі й Расеі. Пра гэта ён заявіў у Менску на адмысловай
прэсавай канфэрэнцыі.
Як паведаміў Уладзімер Ганчарык, Каардынацыйная рада прафсаюзаў дзьвюх
дзяржаваў была ўтвораная 30 студзеня ў Маскве. Ад Беларусі ў ейны склад
увайшла Фэдэрацыя прафсаюзаў, ад Расеі — Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў.
Учора ж, падчас сустрэчы ейных лідэраў Уладзімера Ганчарыка й Міхаіла
Шмакава, прафсаюзы падпісалі Дамову аб супрацоўніцтве. Гэтае супрацоўніцтва,
паводле словаў кіраўніка Фэдэрацыі, выкліканае дзьвюма прычынамі.
Па-першае, інтэграцыйныя працэсы ў так званым саюзе спрычыніліся да
зьяўленьня міждзяржаўных структураў. У прыватнасьці, фінансава-прамысловых
групаў. Але практыка сьведчыць, што наймальнікі імкнуцца ўкараніць у саюзныя
структуры працоўныя парадкі з найменшымі сацыяльнымі гарантыямі. Таму спадары
Ганчарык і Шмакаў вырашылі ўзяць гэтыя працэсы пад прафсаюзны кантроль.
Другая прычына — новая хваля ўціску беларускіх уладаў на Фэдэрацыю.
Уладзімер Ганчарык зазначыў, што ўзмацненьне гэтага ўціску адбылося пасьля
ягонага рашэньня ўдзельнічаць у выбарах на прэзыдэнта Беларусі.
Расейскія прафсаюзы, паводле словаў Ганчарыка, дзейнічаюць у больш камфортных
умовах. Там прафсаюзны кандыдат на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах аніякага
перасьледу з боку ўладаў не адчуваў.
Ці сустракаўся ў Маскве Ўладзімер Ганчарык з прадстаўнікамі расейскай
палітычнай эліты? На гэтае пытаньне нашага радыё старшыня Фэдэрацыі адказаў
наступным чынам:
(Ганчарык: ) "Былі розныя кантакты. Абмяркоўваліся й эканамічныя пытаньні,
і сытуацыя ў Беларусі. Сустракаліся і з прамысловымі коламі, і ў Думе,
і ў іншых месцах".
Тым часам сёньня склікалі нечарговае паседжаньне Прэзыдыюму Фэдэрацыі
ў сувязі з распачатым зараз разглядам у Канстытуцыйным судзе звароту аднаго
зь менскіх лекараў у пытаньні прафсаюзных складак.
Прафсаюзнае кіраўніцтва лічыць гэты разгляд палітычным заказам уладаў.
Нават калі б насамрэч не існавала такога грамадзяніна, якога нібыта пакрыўдзілі
прафсаюзы, то ўлады, як заявіў Уладзімер Ганчарык, яго абавязкова б прыдумалі.
Фэдэрацыя лічыць, што цяперашні мэханізм пералічэньня прафсаюзных ўнёскаў
законны й не супярэчыць Канстытуцыі. Як падкрэсьліў Уладзімер Ганчарык,
гэты мэханізм цалкам адпавядае міжнародным прафсаюзным правілам.
Міхал Стэльмак, Менск