Мінулай суботай ля свайго дому невядомы жорстка зьбіў
галоўнага рэжысэра недзяржаўнага тэатру “Вольная сцэна” Валера Мазынскага.
Напад на вядомага тэатральнага рэжысэра быў учынены мінулай суботай
— а палове на дзясятую вечара. Валер Мазынскі вяртаўся з лазні. Ён згадвае,
што на вуліцы было зусім мала людзей, непасрэдна за ім ніхто, здаецца,
не ішоў. Да пад’езду заставалася некалькі крокаў, калі ззаду на галаву
абрынуўся страшэнны ўдар.
Валер Мазынскі распавядае з рэанімацыі шпіталю лячэбнай камісіі.
(Мазынскі: ) "Там ёсьць арка гэткая. Адразу з Машэрава, і туды арка.
Быў просты ўдар ззаду ў патыліцу. Я пачуў адно нейкі шоргат ззаду, ня бег
за мной ніхто. Такое адчуваньне, што чакалі мяне.
Удар быў тупы, як даўбнёй нейкай. І я паплыў. Гэта доўжылася ня больш
за хвіліну, разоў пяць мяне білі, і ўсё па галаве. Я закрываўся рукой,
таму рука гэтак пашкоджаная. Ні нагой ня біў мяне, ні чым, толькі тым во
прадметам, і толькі па галаве".
(Карэспандэнт: ) "Вы ня бачылі гэтага чалавека?"
(Мазынскі: ) "Не. Мяне ўдарыў ён ззаду, і далей біў увесь час ззаду.
Я ня мог павярнуцца, а ён пасьля спакойна пайшоў. Не пабег чалавек, крок
быў такі самы, як ён перад тым падышоў да мяне: туп-туп-туп. І пасьля гэтага
я ўжо стаў крычаць, зваць на дапамогу".
На шчасьце, яго пачулі. Побач з суседнім пад’ездам стаялі хлопцы зь
дзяўчатамі, яны першыя й падышлі. У цемры было не разабраць — хто гэта
й што зь ім, можа, п'яны ці бомж. Ледзь ня трацячы прытомнасьць, Мазынскі
пасьпеў назваць нумар хатняга тэлефону. Яшчэ празь пяць хвілінаў побач
была жонка Людміла.
(Мазынская: ) "Я яго ледзь пазнала, ён быў увесь у крыві, я нават думала:
ці то мой чалавек, ці не. У дзяўчат быў сотавы тэлефон, у мяне рукі дрыжалі,
я кажу ім: набярыце хуткую. А яе няма ды няма. Думаю: згубіць кроў чалавек".
Людміла Мазынская, сама прафэсійны мэдык, не выключае, што калі б хутка
ніхто не дапамаглі, магло быць найгоршае. Валер Мазынскі атрымаў некалькі
сур’ёзных траўмаў галавы, на лоб накладзеныя швы, у яго прызналі ўстрасеньне
мозгу.
Лекары, якія наглядаюць за пацярпелым, кажуць, што даставілі яго ў цяжкім
стане, але цяпер яму лепш. Нават сёньня хворага могуць перавесьці з рэанімацыі
ў звычайнае аддзяленьне.
У міліцыю сваякі пацярпелага пакуль не зьвярталіся, але зьбіраюцца гэта
зрабіць, як толькі зьявіцца крыху часу. Сам Валер Мазынскі перакананы,
што злачынства не раскрыюць, бо гэта не звычайнае хуліганства, а палітычнае
папярэджаньне.
Мазынскі кажа, што яго пільнавалі, але нічога не ўзялі, нават шапкі
не кранулі, каб хоць зымітаваць крадзёж. Мазынскі сьцьвярджае, што напярэдадні
двойчы атрымліваў папярэджаньне , што ім цікавяцца спэцслужбы. Раіў Мазынскаму
ня лезьці ў палітыку былы міністар культуры Аляксандар Сасноўскі.
Хаця рэжысэр і ня лічыць сябе палітыкам, ён усё ж згодны, што ў пэўным
сэнсе ягоная дзейнасьць тэатральнага дзеяча ўплывала на палітычную сытуацыю
й менавіту таму зь ім паквіталіся. Але сваёй мэты яны наўрад ці дамагліся.
(Мазынскі: ) "Яны мяне не напалохалі, гэта дакладна. Можа, яшчэ больш
раззлавалі. Усё адно я раблю свой тэатар, мы з Аляксеем Дударавым супольна
працуем, каб ён быў. Канечне, гэта будзе складана, але я мушу займацца
гэтым!
Што рабіць, калі я такі рэжысэр, які ня любіць п'есаў, дзе няма сацыяльнай
калізіі, сацыяльнага канфлікту. Калі ўжо выпадае так, што чытаецца й нешта
іншае, дык я цешуся, а іншыя пачынаюць злавацца. Аказваецца, гэта можа выліцца
мне й гэткім чынам".
Варта згадаць, што гэтак жа ля пад’езду свайго дому тры месяцы таму
зьбілі вядомага пісьменьніка Артура Вольскага. Невядомыя нападалі й на
гэткіх дзеячоў культуры як кінарэжысэр Юры Хашчавацкі й артыст Расьціслаў
Янкоўскі. Ніводны з гэтых выпадкаў ня быў раскрыты.
Алег Грузьдзіловіч, Менск