Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў ухваліў кандыдатуру
Ўладзімера Ганчарыка для вылучэньня кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі на
сёлетніх выбарах.
Паседжаньне прэзыдыюму Фэдэрацыі, дзе абмяркоўваліся палітычныя пытаньні,
прайшло за зачыненымі дзьвярыма. Аднак з прафсаюзных крыніцаў вядома, што
абмяркоўвалі формы ўдзелу прафсаюзаў у выбарах на прэзыдэнта ды асобу магчымага
прафсаюзнага кандыдата.
Вынікі сёньняшняга абмеркаваньня гэтых пытаньняў пракамэнтаваў нашаму
радыё старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык:
(Ганчарык: ) "Так, адказ адназначны: мы будзем браць удзел у гэтых выбарах.
Будзе ўдзельнічаць Фэдэрацыя, думкі наогул амаль аднолькавыя пра гэта. Наконт кандыдатуры,
далі даручэньне падрыхтаваць праграму, плятформу Фэдэрацыі прафсаюзаў на
пленуме, яна будзе ізноў разгледжаная ў прэзыдыюме.
Абсалютная большасьць за кандыдата на прэзыдэнта Ганчарыка. Важна, што
ёсьць некалькі поглядаў. Трэба ўдзельнічаць, трэба вылучаццца, каб атрымліваць
падтрымку тых сілаў, што выступаюць за перамены да лепшага".
Паводле зьвестак іншых ўдзельнікаў паседжаньня, за актыўны ўдзел прафсаюзаў
у выбарах і за кандыдатуру старшыні Фэдэрацыі выказалася большасьць сяброў
прэзыдыюму.
Аднак частка прафсаюзных лідэраў пад час абмеркаваньня выказала занепакоенасьць
з прычыны магчымых наступстваў для прафсаюзаў. А менавіта: боязь рэпрэсіяў з
боку ўладаў пасьля падтрымкі альтэрнатыўнай А.Лукашэнку кандыдатуры.
У прыватнасьці, прафсаюзных лідэраў палохае магчымасьць разбурэньня
прафсаюзных структураў. Пра рэальнасьць такога разьвіцьця падзеяў сьведчыць
намер уладаў стварыць у Менску "свой" прафсаюз.
Гэтае пытаньне апошнімі днямі шырока абмяркоўваецца ў прафсаюзным асяродку.
Плян уладаў бурна абмяркоўваўся й на сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму.
Кіраўнікі Фэдэрацыі абвясьцілі пра маштабны ўціск сталічнага гарвыканкаму
на прафкамы працоўных калектываў. Адміністрацыя Лукашэнкі загадала "вэртыкалі"
й дырэктарскаму корпусу дамагчыся згоды прафсаюзных лідэраў Менску падтрымаць
ідэю ўладаў.
Уціск быў ня толькі на буйных заводах, але й ва ўнівэрсытэтах, школах,
дробных фірмах. Уладзімер Ганчарык прапанаваў перахапіць ініцыятыву ў Менгарвыканкаму
ды самім стварыць сталічнае прафаб'яднаньне.
Прапанову старшыні Фэдэрацыі падтрымала пераважная большасьць удзельнікаў
паседжаньня. Вось як пракамэнтаваў яе старшыня Менскага абласнога прафсаюзу
працаўнікоў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасьці Кузьма Кашэўскі:
(Кашэўскі: ) "Рашэньне выклікана тым, што ўлады зрабілі дужа сур'ёзную
спробу раскалоць нашыя арганізацыі. Яны паспрабавалі замарудзіць і пахаваць
галіновы прынцып прафсаюзаў.
Сёньняшняе наша рашэньне дазваляе стварыць такі орган, каб было лепей
для членаў прафсаюзу. Вельмі ўважліва трэба падысьці да кандыдатураў, якіх
дэлегуюць. Асобнай увагі заслугоўвае кіраўнік гэтай арганізацыі, ягоныя
намесьнікі. Тут людзі павінны быць вельмі цьвёрдыя".
Міхал Стэльмак, Менск