Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі
грамадзкай арганізацыі Малады Фронт. Кіраўніцтва Маладога Фронту зьбіраецца
абскарджваць дзеяньні чыноўнікаў Мінюсту ў Вярхоўным cудзе.
Усе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі прадстаўнікі Маладога Фронту
накіравалі ў Міністэрства юстыцыі яшчэ летась 16 траўня. Раней гэтая арганізацыя,
ад часу свайго стварэньня ў 1997 годзе, дзейнічала як структурнае падразьдзяленьне
БНФ.
Цягам васьмі месяцаў чыноўнікі гэтага ведамства, а таксама адмысловай
камісіі пад кіраўніцтвам Уладзімера Замяталіна разглядалі дакумэнты, і
вось нарэшце далі адказ.
На іхную думку, Малады Фронт ня можа быць зарэгістраваны, бо кіраўнікі
арганізацыі нібыта няправільна аформілі плату за аб'яву пра рэгістрацыю
ў адной зь дзяржаўных газэтаў, недакладна вызначылі пытаньне сяброўства
ў Маладым Фронце й гэтак далей.
Аднак лідэры маладафронтаўцаў лічаць, што гэта толькі фармальныя прычыны.
Гаворыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:
(Шэін: ) "Канешне, тут вырашалі Лукашэнка й Шэйман гэтую справу. Перадусім
яны баяцца рэгістраваць самую моцную апазыцыйную моладзевую арганізацыю.
Па-другое, неўзабаве выбары на прэзыдэнта, і рэгістрацыя дапамагла б Маладому
Фронту больш плённа ўдзельнічаць у гэтым. Вось таксама чаму нас не зарэгістравалі".
Лідэры Маладога Фронту абураныя тым, што прадстаўнікі Мінюсту паведамілі
ім пра адмову ў рэгістрацыі толькі праз 20 дзён пасьля таго, як было прынятае
гэтае рашэньне. Маладафронтаўцы будуць абскарджваць пастанову Мінюсту ў
Вярхоўным судзе Беларусі.
Альгерд Невяроўскі, Менск