Пераезду Васіля Быкава ў Франкфурт прысьвечаны таксама артыкул у Frankfurter
Rundschau “Не-эміграцыя”, які мае падзагаловак “Прытулак для беларускага
пісьменьніка Васіля Быкава”.
Крыстоф Шрэдэр
Ён падкрэсьлена сьцьвярджае, што «не эміграваў, а проста прыехаў на
запрашэньне». Беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў пасьля іранскага публіцыста
Фараджа Саркухі — другі аўтар, які жыве й працуе ў Франкфурце ў рамках
праекту «Гарады прытулку», атрымаўшы запрашэньне ад Ведамства Мультыкультурных
Справаў і Франкфурцкага Кніжнага Кірмашу.
Горад Франкфурт у 1998 годзе далучыўся да заснаванай Міжнародным Пісьменьніцкім
Парлямэнтам сеткі гарадоў, што дагэтуль далі прытулак ужо пяцідзесяці аднаму
пісьменьніку, якім у іхных краінах пагражае палітычны перасьлед. Апрача
Франкфурту сярод нямецкіх гарадоў у гэтым праекце ўдзельнічаюць таксама
Гановэр, Бэрлін і Ваймар.
Васіль Быкаў, народжаны ў 1924 годзе, пайшоў у 1941-м добраахвотнікам
на фронт і ваяваў супраць нямецкіх акупантаў. Вайна — самы значны матыў
яго шматлікіх апавяданьняў і раманаў, за якія летась ён быў намінаваны
на атрыманьне Нобэлеўскай літаратурнай прэміі.
Пэрсанажы Быкава — «ня нейкія надпрыродныя героі, а звычайныя людзі,
- сказаў падчас прэзэнтацыі Андрэас Кшыван, прадстаўнік «Палацу Ялта»,
дзе знайшоў прытулак пісьменьнік. Быкаў свайго часу рашуча падтрымаў рэформы
Гарбачова і ў 1986 годзе быў абраны сябрам сакратарыяту Саюзу Пісьменьнікаў
СССР.
Пасьля захопу ўлады ў Беларусі дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, Быкаў
удзельнічаў у апазыцыйным руху, аж пакуль для яго ня стала «фізычна і псыхічна»
немагчымым заставацца ў краіне: «У Беларусі ўсталяваўся паліцыйны рэжым,
які кажа «Не» ўсім правам чалавека».
Перш чым прыехаць у Франкфурт, Быкаў спачатку пражыў два гады ў Гельсынкі,
дзе быў госьцем фінскага ПЭН-клюбу, а пасьля правёў год у замку Віпэрсдорф
пад Бэрлінам. Прыехаўшы 15 студзеня ў Франкфурт, Быкаў найперш зьбіраецца
скончыць тут распачаты ў Бэрліне аўтабіяграфічны раман. Не выключае аўтар
і магчымасьці літаратурнага апісаньня свайго побыту ў Франкфурце.
Пераклаў
Сяргей Шупа