Антыдэмакратычныя сілы больш згуртаваныя, таму яны
перамагаюць, — заявіла выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу пісьменьнікаў
Вольга Іпатава, адказваючы на пытаньні нашага карэспандэнта пра сучасныя
дачыненьні творцаў і ўлады.
І гэта выразна праявілася, калі зірнуць на ўдзел беларускіх літаратараў
у афіцыйных Днях беларускае культуры ў Расеі. Туды паехалі тры групы. Першая
ў адной асобе драматурга Аляксея Дударава — у складзе афіцыйнае дэлегацыі
на чале з кіраўніком краіны.
Другая — на запрашэньне Саюзу расейскіх пісьменьнікаў на чале зь вядомым
шавіністам Валер'ем Ганічавым, на якое адгукнуліся прыхільнікі “адзінаславянства”
Таіса Бондар, Эдуард Скобелеў, Раіса Баравікова, Уладзімер Карызна ды Генадзь
Пашкоў.
І трэцяя паехала туды на запросіны дэмакратычна настроенага да Беларусі
Саюзу пісьменьнікаў Масквы. Разам з Уладзімерам Ліпскім ды Генрыхам Далідовічам
там была й выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга
Іпатава. Ёй слова.
(Іпатава: ) "У нас былі круглыя сталы, яны адбываліся адначасна
— там і там, у тры гадзіны. Мы магіл толькі здагадвацца, хто пра што гаварыў.
Але тая дыскусія, што мы наведалі, на мой погляд, была вельмі цікавая —
прынамсі, у тым Саюзе, дзе былі Далідовіч, Ліпскі ды я.
Мы сустрэліся з Рымай Казаковай, з Чарнічэнка, з Валянцінам Аскоцкім,
з Тацянай Кузаўлевай ды многімі іншымі, хто цягам многіх гадоў супрацоўнічаў
зь беларускай літаратурай і перакладаў яе. Я лічу, што гэта й ёсьць пазытыўнае
ў гэтай паездцы.
Мы змаглі яшчэ раз дамовіцца пра супрацоўніцтва, пра пераклады, пра
тое, каб расейская літаратура й расейскія літаратары маглі прапагандаваць
нашыя паняцьці, нашыя сёньняшнія праблемы. Галоўная праблема — мова й незалежнасьць.
Мы яшчэ раз падкрэсьлілі, што мы бачым свой шлях побач з Расеяй, але
ніяк ня ў ёй. Казалі, што мы — народ са сваёй мовай, культурай ды памкненьнем
да незалежнасьці".
У час, калі гэтыя літаратары даказвалі маскоўскім слухачам свае пазыцыі
й прынцыпы, А.Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу “Культура” зноў
разважаў пра вялікасьць расейскае ды ангельскае мовы й літаратуры і на
зацемку карэспандэнта пра прыцясьненьне ў Беларусі носьбітаў нацыянальнае
культуры грэбліва кінуў: “А каго там прыцесьняць? У нас ведзь нет сваіх
Рэпіных і Шаляпіных”. Як успрынялі ўдзельнікі Дзён культуры гэтую зьнявагу?
(Іпатава: ) "На погляд усіх масквічоў, зь якімі мы гаварылі, не спэктакаль
"Рагнеда" ды Дні беларускай культуры былі прышпіленыя да ўлады, а ўлада
якраз была прышпіленая да Дзён культуры.
Што рабілася ў Вялікім тэатры пасьля прагляду "Рагнеды"! А масквічы
ж народ капрызьлівы, у свой Вялікі тэатар пускаюць ня кожнага — яны не
маглі разысьціся, пляскалі нам доўга. Вось вам і адказ".
(Карэспандэнтка: ) "У гэтыя дні ў творчых саюзах абмяркоўваюць ліст
ад уладаў з прапановаю супрацоўніцтва на час прэзыдэнцкае кампаніі. Як
ставяцца да гэтае прапановы ў Саюзе пісьменьнікаў?"
(Іпатава: ) "Такі ліст у Саюз пісьменьнікаў, як я ведаю, не прыходзіў.
Але рэч у тым, што культура ў прынцыпе заўжды ў апазыцыі да ўлады. Калі
мы сёньня будзем дзяліць Саюз па стаўленьні да выбараў, мне здаецца, што
Саюз мы папросту страцім. Гэткага трагічнага становішча, як у Саюзе пісьменьнікаў,
проста няма нідзе.
Я лічу, што ўсе мы мусім шукаць паразуменьня. Нас сапраўды трагічна
разрываюць, а нас штогод усё меней — беларусаў усё менш. Баюся, што празь
некалькі гадоў проста ня будзе каму чыатць нашы творы".
На 24 студзеня заплянаваная рада Саюзу пісьменькаў, на якой, відавочна,
згаданыя пытаньні паўстануць.
Валянціна Аксак, Менск