Каля 3 000 асуджаных павінны датэрмінова выйсьці на
волю па ўвядзеньні новых кодэксаў; больш за 20 000 маюць шанец атрымаць
лягчэйшае пакараньне.
Ня менш за 3 гады можа цягнуцца перагляд крымінальных справаў, адказнасьць
па якіх, згодна з новым Крымінальным кодэксам, меншая за ранейшую. А гэта
азначае, што многія зь вязьняў, якія разьлічваюць на палёгку, наўрад ці
яе дачакаюць.
Гэта прызналі сёньня на адмысловай нарадзе ў Вярхоўным судзе судзьдзі
гэнага суду й старшыні абласных і гарадзкіх судоў. Яны накіравалі ў Камітэт
выкананьня пакараньняў зварот, дзе просяць найперш прадстаўляць для разгляду
справы тых вязьняў, якія паводле новага Крымінальнага кодэксу павінны ўжо
пайсьці на волю. Такіх справаў, згодна з падлікамі міліцыі, прыкладна 3
000.
Пры гэтым судзьдзі нагадалі, што яшчэ ім давядзецца разгледзець больш
за 25 000 справаў. Між тым, колькасьць судзьдзяў ня большае, ды й заробкі
іхныя застаюцца ранейшыя.
Асаблівы цяжар пакладзецца на суды Менскай, Магілёўскай і Віцебскай
абласьцей, у кожнай зь якіх неўзабаве пачнецца перагляд ад 5 000 да 6 000
справаў.
"Старшыні раённых судоў усё больш настойліва ставяць пытаньне пра павелічэньне
штатаў, але пакуль гэтая праблема ня вырашаная", — прызналі ў прэсавай
службе Вярхоўнага суду Беларусі.
А вось для адвакатаў пераход на новыя Крымінальны і Крымінальна-працэсуальныя
кодэксы ўжо адкрывае дадатковыя пэрспэктывы.
Паводле міністра юстыцыі Генадзя Варанцова, які ўдзельнічаў у нарадзе,
адвакацкія калегіі неўзабаве будуць пашыраныя на 250 месцаў. Спадар Варанцоў
запэўніў, што гэты захад збольшага задаволіць сёлета патрэбу ў абаронцах.
Дарэчы, паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, роля адваката
ў судовым працэсе становіцца больш значнай. Без удзелу абаронцаў ня будзе
аніводнага судовага працэсу.
Нагадаю, што сярод тых 3 000 беларускіх вязьняў, якія сёлета разьлічваюць
на волю, ёсьць і дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў, які правёў
за кратамі 4 гады. Судзьдзі прызнаюць, што згодна з новым Крымінальным
кодэксам Кудзінаў ужо павінен быць вольны.
Алег Грузьдзіловіч, Менск