Сёньня

Супрацоўнікі Інстытуту лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўсьлед за ангельскімі навукоўцамі распрацавалі мэтодыку cвоеасаблівага клёнаваньня рэдкіх ды зьнікаючых пародаў дрэваў. Ці зробіцца ўнікальнае адкрыцьцё напраўду нацыянальным здабыткам?

Экспэрымэнты ангельскіх навукоўцаў (найперш клёнаваньне авечкі Дольлі) трапілі пад жорсткую абструкцыю ці не ва ўсім сьвеце, захаваньне ж ляснога фонду наўрад ці павінна выклікаць нейкія спрэчкі.

Калі “штампаваньне” жывёлаў (а магчыма й чалавека) многія разглядаюць як негуманнае, пытаньне рэанімацыі расьліннага сьвету насьпела даўно. У Беларусі, дзе драпежніцкае вынішчэньне рэдкіх пародаў дрэваў вядзецца пад патранажам дзяржавы, а стацыянарныя лесапілкі ўсталяваныя нават у Белавескай пушчы, гэтае адкрыцьцё асабліва важнае.

Мясцовыя эколягі сьцьвярджаюць, што калі сытуацыя ня зьменіцца, дык праз 10 гадоў шэраг запаведнікаў ды Нацыянальных паркаў Беларусі пераўтворацца ў звычайныя лесапасадкі са звыклым елачна-бярозавым наборам.

Гаворыць дырэктар Інстытуту лесу НАН Віктар Іпацьеў.

(Іпацьеў: ) "Увогуле клёнаваньне вядомае генэтыкам ўжо 200 гадоў. Іншая справа, на якім узроўні гэта робіцца. Нашы навукоўцы ўпершыню выдзелілі ДНК для дрэўных пародаў, г.зн, на ступені рэгуляваньня зададзеных уласьцівасьцяў на малекулярным узроўні.

Пакуль пройдзены толькі першы этап. Астатняе залежыць ад фінансаваньня. Зараз праца магчымая дзякуючы крэдыту Міжнароднага банку і гранту Ангельскага каралеўскага таварыства.

Дзяржаўная дапамога ёсьць, але, мякка кажучы, хацелася б большага. Наша задача — выратаваць найперш унікальны расьлінны генафонд. Але ў пэрспэктыве гэта можа тычыцца ня толькі дрэўных пародаў, але й, прыкладам, насякомых у падзеле “шкодныя-карысныя”.

Няма сумневаў, што гэткае сэнсацыйнае адкрыцьцё зацікавіць замежных навукоўцаў нават на ўзроўні ідэі. Бяздумная вырубка вялізных лясных плошчаў, асабліва ў Паўднёвай Амэрыцы, ужо паставіла некаторыя краіны ня толькі перад фактам зьнішчэньня некаторых відаў дрэваў, але й перад небясьпекай экалягічнае катастрофы.

Другі аспэкт — магчымасьць сэлекцыі найбольш каштоўных пародаў дзеля стварэньня генафонду “лясоў будучага”, а таксама фармаваньне лясных пасадак з устойлівымі зададзенымі ўласьцівасьцямі.

Таму праблемы рэалізацыі ўнікальнага адкрыцьця на Захадзе ўзьнікнуць не павінна. Іншая справа, што падзеі могуць разгарнуцца паводле старога сцэнару. Адсутнасьць патрэбнага фінансаваньня амаль паўсюдна вымушае навукоўцаў экс-савецкіх НДІ фактычна за бясцэнак прадаваць вынік шматгадовых дасьледаваньняў, тым часам як фінансава незалежныя замежныя цэнтры празь нейкі час заяўляюць пра адкрыцьцё, набыўшы на яго эксклюзіўныя правы.

І ня выключана, што калі-небудзь за адкрыцьцё сваіх жа навукоўцаў давядзецца плаціць немалыя грошы, каб потым прымяніць яго на радзіме.

Ігар Карней, Менск