Удзельнiкi акцыi, якая праходзiла 10 сьнежня летась ля ўваходу ў цэнтральную
ўнiвэрсальную краму Берасьця i была прымеркаваная да Дня правоў чалавека,
сёньня былi пакараныя судом адмiнiстрацыйным штрафам у памеры ад 20 да
200 мiнiмальных заробкаў.
Больш за месяц цягнуўся ў судзе Ленiнскага раёну Берасьця разгляд адмiнiстрацыйных
справаў Кiрыла Данько, Сяржука Бахуна, Яўгена Бяласiна, Уладзiмера Вялiчкiна
i Алега Дыдышкi. 10 сьнежня 2000-га году яны былi затрыманыя i адвезеныя
ў Ленiнскi РАЎС, дзе iх абвiнавацiлi ў парушэньнi парадку правядзеньня
пiкетаваньня, а таксама ў непадпарадкаваньнi патрабаваньням супрацоўнiкаў
мiлiцыi. У вынiку на загад начальнiка РАЎС Аркадзя Касьцючыка, якi асабiста
кiраваў дзеяньнямi сваiх падначаленых, усе пяцёра затрыманых правялi ноч
у iзалятары часовага ўтрыманьня. Але ранiцай 11 сьнежня, калi iх адвезьлi
ў cуд, высьветлiлася, што супрацоўнiкi мiлiцыi не растлумачылi затрыманым
iхнiя правы i нават не склалi адпаведным чынам пратаколы.
Таму судьдзя Алег Мiранюк быў вымушаны вярнуць справу ў Ленiнскi РАЎС.
Амаль праз месяц, калi судовы працэс аднавiўся, у матэрыялах справы ўсё
яшчэ адсутнiчалi пратаколы аб затрыманьнях (мiж тым, кожны з затрыманых
правёў у пастарунку больш за суткi, што таксама супярэчыць заканадаўству).
Толькi сёньня неабходныя пратаколы зьявiлiся ў судзе, але адказчыкi i прадстаўнiк
праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзiмер Малей, заявiлi, што згаданыя дакумэнты
сфальсыфiкаваныя, бо былi складзены ўжо пасьля падзеi i зусiм iншымi мiлiцыянтамi,
якiя не прымалi ўдзел у затрыманьнях. Акрамя таго, па словах спадара Малея,
акцыю 10 сьнежня нельга лiчыць пiкетаваньнем: у гэты дзень адбывалася iнфармаваньне
грамадзянаў пра падзеi ў краiне, нагадвалася пра парушэньнi законаў на
Беларусi ды йшло распаўсюджваньне тэксту Ўсеагульнай дэклярацыi правоў
чалавека.
Тым ня менш гэтыя аргумэнты былi адхiленыя судзьдзёй Мiранюком, якi
цалкам пагадзiўся з пунктам погляду на падзеi, што адбывалiся 10 сьнежня
летась, супрацоўнiкаў мiлiцыi. У вынiку Кiрыл Данько, Уладзiмер Вялiчкiн
i Алег Дыдышка былi пакараныя адмiнiстрацыйным штрафам у памеры 20 мiнiмальных
заробкаў (альбо 72 тысячы рублёў). Сяржук Бахун i Яўген Бяласiн, якiя раней
ужо прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасьцi, цяпер былi пакараны больш
сувора – штрафам у памеры дзьвюхсот мiнiмальных заробкаў (альбо па 720
тысячаў рублёў кожны). Вось як успрыняў гэтае рашэньне Яўген Бяласiн:
(Бяласін: ) “Што да жорсткасьцi прысуду, то заўважна, што ёсьць ухiл
у тым, каб тых, хто калi-небудзь ужо заявiў пра сябе як чалавек, якi ня
згодны з нейкай палiтыкай, якая праводзiцца ў нас, каб гэтага чалавека
пакараць у дзесяць разоў больш сувора, каб запалохаць яго. Гэта значыць,
што дадзены заказ на запалохваньне грамадзян”.
Гэта быў Яўген Бяласiн, якому сёньня быў прысуджаны штраф памерам у
200 мiнiмальных заробкаў. Ён, як i астатнiя адказчыкi па гэтай справе,
выказаў нязгоду зь абвешчаным выракам i зьбiраецца абскарджваць прынятае
рашэньне ў абласным судзе.
Алег Супрунюк, Берасьце