Кіраўніцтва прыватнай друкарні “Мэджык” заяўляе, што
ўчорашні арышт часткі абсталяваньня ня спыніць выхаду незалежных газэтаў.
“Мэджык” рыхтуецца аспрэчыць дзеяньні падатковай інспэкцыі, якая канфіскавала
друкарскае абсталяваньне.
Не сьціхае скандал вакол прыватнай друкарні “Мэджык”, дзе друкуюцца
многія недзяржаўныя беларускія выданьні. Учора супрацоўнікі аддзелу канфіскацыі
падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску арыштавалі большую частку
абсталяваньня, на якім друкаваліся газэты.
Афіцыйныя асобы сьцьвярджалі, што гэтая маёмасьць належала Фонду Сораса,
які не разьлічыўся зь дзяржавай па падатках. Учора газэты выйшлі ў сьвет,
бо арышт маёмасьці зацягнуўся да вечара. Ці выйдуць газэты заўтра — невядома.
Шараговы супрацоўнік “Мэджыку”, які не пажадаў назваць сябе, паведаміў
мне, што далей друкаваць газэты ў “Мэджыку” немагчыма, бо аплямбавалі асноўнае
абсталяваньне, на якім рыхтуюцца і друкуюцца газэты. Супрацоўнік лічыць,
што выдаўцы мусяць зьвярнуцца па паслугі ў іншыя друкарні.
Між тым, генэральны дырэктар “Мэджыку” Юры Будзько не зьбіраецца вывешваць
белы сьцяг.
(Будзько: ) "Нічога не зьмянілася, мы працягваем іх друкаваць", — сказаў
Будзько пра газэты “Наша свабода”, “Народная воля” ды іншыя незалежныя
выданьні.
Пры гэтым кіраўнік друкарні кажа, што арыштавалі толькі частку абсталяваньня.
Сп. Будзько аднак прызнаў, што частку тэхналягічнага працэсу цяпер давядзецца
выконваць на іншых плошчах. Ён лічыць, што гэта цалкам магчыма і патрабуе
толькі грошай.
(Будзько: ) "Такім чынам, асноўная праблема хутчэй фінансавая".
Сп. Будзько адмовіўся камэнтаваць магчымыя палітычныя падставы арышту
абсталяваньня, зазначыўшы, што да ягонай фірмы падатковыя органы прэтэнзіяў
ня маюць, толькі да Фонду Сораса.
Адкінуў меркаваньні пра палітычныя падставы і кіраўнік аддзелу канфіскацыі
падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Зьміцер Шапуноў, чые падначаленыя
арыштавалі абсталяваньне “Мэджыку”.
(Шапуноў: ) "Ведаеце, у мяне няма ніякіх меркаваньняў на гэты конт,
мяне гэта датычыць толькі ў сэнсе пагашэньня запазычанасьці перад бюджэтам”.
Далей ён патлумачыў, як увогуле падатковая інспэкцыя выйшла на быццам
бы сорасаўскае абсталяваньне ў друкарні “Мэджык”. Паводле кіраўніка аддзелу
канфіскацыі, гэта адбылося выпадкова, дзякуючы праверцы органаў фінансавых
расьсьледаваньняў Першамайскага раёну. Таму зьвязваць канфіскацыю з падрыхтоўкай
да наступных палітычных падзеяў, на ягоную думку, не выпадае.
(Шапуноў: ) "Першаймайскі аддзел фінансавых расьсьледаваньняў цалкам
выпадкова выйшаў туды на праверку, і высьветлілася, што гэта абсталяваньне
Фонду Сораса", — кажа кіраўнік аддзелу канфіскацыі, чые падначаленыя ўчора
арыштоўвалі абсталяваньне друкарні “Мэджык”.
Між тым, рэдактары незалежных выданьняў, якія друкуюцца ў “Мэджыку”,
ня схільныя адкідаць палітычныя матывы здарэньня. Галоўны рэдактар “Нашай
Свабоды” Павал Жук перакананы, што атака на “Мэджык” наўпрост зьвязаная
з прэзыдэнцкімі выбарамі, і нават выяўляе заказчыка ўчорашніх падзеяў.
(Жук: ) "Ёсьць дакладная інфармацыя, што на бліжэйшыя 9 месяцаў, якія
засталіся да выбараў, Адміністрацыяй Лукашэнкі распрацаваны плян, каб усе
прыватныя друкарні, якія маюць магчымасьць рабіць нармальнымі накладамі
газэты, спыніць. А потым ім дадуць магчымасьць працаваць. З "Мэджыку" пачалося,
бо практычна ўсе незалежныя газэты друкуюцца там".
Павал Жук запэўнівае, што ягоная газэта будзе выходзіць, аднак не выключае
часовай зьмены графіку ці памяншэньня колькасьці старонак. На думку Паўла
Жука, іншыя выданьні таксама могуць пайсьці такім шляхам, у тым ліку друкавацца
за межамі краіны.
Генэральны дырэктар друкарні "Мэджык" Юры Будзько паведаміў нашаму радыё,
што распрацоўваецца плян аспрэчваньня арышту абсталяваньня друкарні праз
скаргі і судовыя зыскі.
Алег Грузьдзіловіч, Менск