Сёньня

З пачатку году Гомельскае алмазаперапрацоўчае прадпрыемства “Крышталь” цэлымі ўчасткамі выпраўляе рабочых у змушаны адпачынак. Адпачынак гэты можа зацягнуцца на месяцы.

Пры канцы мінулага году спыніліся пастаўкі на гомельскае аб’яднаньне расейскіх прыродных алмазаў — сыравіны для вырабу дыямэнтаў, чым, уласна, і займаецца прадпрыемства “Крышталь”. Менавіта адсутнасьць алмазаў і спрычынілася да прымусовай адпраўкі рабочых у так званы адпачынак. Пастаўкі спыненыя, бо скончыўся тэрмін дзеяньня адпаведнага пагадненьня паміж расейскім і беларускім урадамі.

Радовішчаў алмазаў у Беларусі яшчэ не адкрылі, хаця, як сьцьвярджаюць геолягі, перадумовы дзеля гэтага ёсьць у Палескай нізіне.

Цікаўлюся ў генэральнага дырэктара “Крышталю” Аляксандра Старавойтава, чаму аб’яднаньне не заключае новай дамовы на пастаўку алмазаў з суседняй як быццам бы саюзнай дзяржавы? Напрыклад, зь яе кампаніяй “Алмазы Расеі – Саха”?

"У Расеі гэты тавар вызначацца як стратэгічны, і ў адпаведнасьці з расейскімі законамі і ўказамі пастаўка алмазаў з Расеі ў іншыя краіны дазваляецца толькі на падставе міжурадавых пагадненьняў", — сказаў спадар Старавойтаў.

Апошняе пагадненьне, падпісанае ўрадамі Расеі і Беларусі ў кастрычніку 1998-га году, таксама давалася нялёгка. Да таго часу гомельскі “Крышталь” па-сутнасьці быў на мяжы банкруцтва. Сытуацыя паўтараецца. Кіраўніцтва аб’яднаньня не маўчыць — даўно абівае парогі ўраду і адміністрацыі Лукашэнкі. Але справа ня ў тым, што беларускія чыноўнікі не разумеюць праблемаў “Крышталю”. Справа ў так званым саюзьніку — ён дыктуе ўласныя ўмовы пагадненьня.

Працягвае Аляксандар Старавойтаў:

"Да сёньняшняга дня пагадненьне не падпісанае, бо наша краіна ня можа пагадзіцца з расейскай рэдакцыяй. Там уціснулі наступнае: у Беларусь пастаўляць сыравіну, якая паводле характарыстык ёсьць нерэнтабельнай для перапрацоўкі ў Расеі. Інакш кажучы, дасылаць сьмецьце, якое там, у Расеі, не патрэбнае. Але ж хіба яно, гэтае смецьце, патрэбнае Беларусі? Таму беларускі бок і не падпісаў пагадненьня", — паведаміў кіраўнік аб’яднаньня “Крышталь”.

Існаваньне “Крышталю” ўскладняюць і ўнутраныя эканамічныя праблемы. Хаця аб’яднаньне пастаўляе на экспарт 98% сваёй прадукцыі і прыносіць краіне валюту, яно паводле вынікаў году стала неплатаздольным. Рост цэнаў на тавары і паслугі, што скарыстоўваюцца пры вырабе дыямэнтаў, нашмат апярэджвае афіцыйны абменны курс валюты, паводле якога дзяржава разьлічваецца з прадпрыемствамі, прымусова забіраючы значную частку эскпартавай выручкі.

Казімер Яноўскі, Гомель