Сёньня

З аксамітнай рэвалюцыяй параўноўваюць відавочцы сёньняшнюю масавую акцыю ў цэнтры Прагі ў падтрымку незалежнасьці чэскага тэлебачаньня. Хаця незалежнасьць фармальна гарантаваная законам, на працягу апошняга часу журналісты выказваюць усё большае незадавальненьне спробамі ўсталяваньня тут палітычнага партыйнага ўплыву. Сёньня ўрад Чэскай Рэспублікі на тэрміновым паседжаньні выступіў з прапановай унесьці зьмены ў парадак выбару кіраўніка тэлебачаньня.

“Крызіс на чэскім тэлебачаньні шкодзіць іміджу краіны ўцэлым і можа быць расцэнены як слабасьць чэскай дэмакратыі,” - лічыць францускі палітоляг Жак Рупнік, якога сёньня цытуе чэская газэта “Mlada Fronta Dnes” . “Тры кіраўнікі грамадзкага тэлебачаньня на працягу аднаго году– гэта рэч у Заходняй Эўропе нечуваная, а ва Ўсходняй больш нагадвае Сэрбію ці Беларусь,”— адзначае французкі палітоляг.

Так, Іржы Годач - сапраўды трэці кіраўнік Чэскага тэлебачаньня, прызначаны на працягу году. Прафэсійныя і арганізатарскія якасьці Іржы Годача, які раней працаваў карэспандэнтам чэскай рэдакцыі BBC, ацэньваюцца па-рознаму. Аднак журналісты, катэгарычна нязгодныя зь яго прызначэньнем, сваёй галоўнай прэтэнзіяй называюць палітычную заангажаванасьць Годача. Яго лічаць стаўленьнікам Вацлава Клаўса, былога прэм”ера, цяпер кіраўніка Грамадзянскай дэмакратычнай партыі і старшыні парлямэнту.

На двух каналах чэскага грамадзскага тэлебачаньня зараз побач зь іх парадкавым азначэньнем – адзінкай ці двойкай – стаіць слова “страйк”. Частка журналісцкага калектыву, якая не падпарадкавалася новапрызначанаму генэральнаму дырэктару, сваю акцыю пратэсту абвясьціла страйкам ад Новага году.

Паводле працоўнага заканадаўства, яны ня могуць быць звольненыя падчас страйку. Журналісты-страйкоўцы заблякаваныя ў апэратарскай і студыі навінаў прыватнай аховай, якую выклікаў Іржы Годач. На іх месца ён падбірае і новыя кадры – але, як правіла, гэта малавядомыя і маладасьведчаныя журналісты з правінцыі. У выніку гэтая каманда 2-га студзеня выпусціла ў эфір выпуск навінаў ад першага студзеня.
Заблякаваныя журналісты-страйкоўцы таксама рыхтуюць свае апэратыўныя выпускі.

Вось як іх становішча апісвае мадэратарка Даніэла Дрцінава:

(Дрцінава: ) “Там, у апэратарскай, за гэтыма дзьвярыма, застаецца большасьць людзей, якія маюць дзеючыя кантракты, дзеючыя пропускі, і якія там утрымліваюцца неправамоцна. Яны абмежаваныя ў свабодзе перамяшчэньня, яны ня могуць выйсьці ў туалет, сытуацыя вельмі абвастраецца. Паводле нашых адвакатаў, тут парушаецца Канстытуцыя, парушаюцца асноўныя правы чалавека”.

Большасьць чэскіх палітыкаў выказаліся за адстаўку Іржы Годача. Журналістаў-страйкоўцаў падтрымаў і прэзыдэнт Гавэл. Аднак гучаць і іншыя меркаваньні. Так, кіраўнік камэрцыйнага тэлеканалу “Nova” Уладзімір Жалезны зьвяртае ўвагу, што Годач – законна прызначаны кіраўнік. Яго абрала назіральная Рада чэскага телебачаньня, зацьверджаная парлямэнтам. Гэтая ж Рада ўчора на сваім паседжаньні яшчэ раз пацьвердзіла сваё рашэньне.

Нагадаю, што два каналы чэскага грамадзкага тэлебачаньня, пра якія ідзе гаворка, фінансуюцца зь бюджэту. Таму сваё стаўленьне да праблемы выказваюць і гледачы-падаткаплатнікі. Значная іх частка падтрымлівае акцыю пратэсту журналістаў. Сёньня дэманстрацыя падтрымкі, як мяркуецца, ад будынку тэлестудыі на Каўчых Гарах перамесьціцца ў цэнтар Прагі.

Такім чынам, трэці дырэктар Чэскага телебачаньня, які і ў сытуацыі скандалу не зыходзіць у адстаўку, аказаўся больш упартым. Застаецца парлямэнцкі шлях яго замены. Аднак многія назіральнікі упэўненыя, што мяняць трэба ўжо не кіраўніка, а сам заканадаўчы мэханізм, які б даў больш гарантыяў свабоднага функцыянаваньня самых уплывовых тэлевізійных мас-мэдыя.

Алена Ціхановіч, Прага