Сёньня

З 1 студзеня ва ўсіх мэдычных установах Беларусі забаронена паліць — як хворым, гэтак і лекарам. Цяпер рыхтуецца праект указу, згодна зь якім тытунёвыя кампаніі ня будуць мець права спансараваць культурніцкія, спартовыя ды іншыя масавыя мерапрыемствы.

Загадам міністра аховы здароўя Ігара Зелянкевіча забаронена паліць ва ўсіх мэдычных установах — самым міністэрстве, навуковых інстытутах, шпіталях, навучальных мэдычных установах. Загад, які тычыцца і лекараў, і хворых, дзее з 1 студзеня, але шмат хто даведаўся пра гэта толькі сёньня.

Як распавёў нашаму радыё дырэктар Рэспубліканскага цэнтру здароўя Андрэй Сякач, мэдыкі мусяць першымі прадэманстраваць імкненьне да здаровага ладу жыцьця і зрабіцца прыкладам для іншых. Тым больш, што, са словаў Андрэя Секача, цяпер паліць амаль палова жыхарства Беларусі (45-47%), і сярод курцоў багата мэдыкаў. Паводле статыстыкі, штодзень з-за хваробаў, зьвязаных з паленьнем, у Беларусі памірае 42 чалавекі.

У Міністэрстве аховы здароўя цяпер рыхтуецца праект указу, які забараняе паліць і ў іншых установах Беларусі — культурніцкіх, навучальных, навуковых ды іншых. Нельга будзе паліць нават на прыпынках грамадзкага транспарту. Праект указу ўзгадняецца цяпер з рознымі міністэрствамі. Плянуецца, што 25 студзеня ён будзе накіраваны ў Савет міністраў.

Я пацікавілася ў юрыста Міністэрства культуры Аляксандра Сямёнава, як ставяцца да забароны паленьня ва ўстановах культуры:

"Ну як? Як было, так і ёсьць! Ніхто аніякіх указаньняў не даваў. Дзе былі прадугледжаныя месцы для паленьня, там яны й засталіся пакуль што. А будуць нейкія ўказаньні зьверху — тады, мабыць, адпаведныя знакі павесяць і ва ўстановах культуры".

Юрыст Міністэрства культуры Аляксандар Сямёнаў адзначыў таксама, што ініцыятыва мэдыкаў іх не зусім задавальняе:

"Паўстала пытаньне ў нас ужо ў Тэатры балета — "Philip Morris" вось жа падтрымлівае культуру, фінансуе. Тым больш, што ў сьвеце і спартовыя мерапрыемствы фінансуюцца фірмамі-вытворцамі тытунёвай прадукцыі. І мы гэтак і сказалі Міністэрству здароўя, бо лічым неабходным выключыць гэты пункт пра забарону фінансаваньня вытворцамі тытунёвай прадукцыі культурных, спартовых і відовішчных мерапрыемстваў".

А вось у Міністэрстве спорту даволі спакойна ставяцца да магчымай забароны на фундатарства з боку тытунёвых кампаніяў. Бо, як адзначыў намесьнік міністра Міхаіл Юзпа, вытворцы цыгарэтаў звычайна не зьяўляюцца фундатарамі спаборніцтваў беларускіх спартоўцаў.

У Міністэрстве адукацыі таксама ўхваляюць ідэю забароны паленьня ў навучальных установах. Паводле кіраўніка ўпраўленьня выхаваўчай і сацыяльнай работы Георгія Бутрыма, ім нават не патрэбныя загады, каб змагацца з курцамі. Напрыклад, ужо забаронена паліць ва ўсіх памяшканьнях Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту.

Даведацца пра рэакцыю тытунёвых кампаніяў на магчымую забарону іх фундатарства розных мерапрыемстваў мне не ўдалося. Амаль усе супрацоўнікі найактыўнай на беларускім рынку кампаніі “Philip Morris” былі яшчэ на калядных вакацыях.

Дарэчы, найбольш складана прыйдзецца ў гэтыя дні курцам-мэдыкам. Ім давядзецца выходзіць на вуліцу і дзесьці, хаваючыся, прыкурваць цыгарэту. Асабліва нязручна будзе хірургам, многія зь якіх маюць сталую звычку пасьля складаных апэрацыяў здымаць стрэс з дапамогаю цыгарэты.

Ганна Соусь, Менск