Сёньня

Гарадзенскія прадпрымальнікі падтрымалі агульнарэспубліканскую акцыю пратэсту. Сёньня цалкам не працуе самы буйны рынак — "Паўднёвы", і рэчавая частка рынку "Цэнтральны".

Акцыя таксама падтрыманая ў Лідзе і Ваўкавыску — пра гэта мне паведаміў старшыня Рэспубліканскага страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі, які жыве ў Горадні. Зь яго словаў, тэкст дэкрэту аб упарадкаваньні і рэгуляваньні дзейнасьці прадпрымальнікаў напярэдадні Новага году апублікаваны ня быў. З гэтага, па папярэдніх зьвестках, вынікае, што ён не набывае моц з пачатку студзеня, як гэта было абвешчана раней. Тым ня менш, як і плянавалася, акцыя пратэсту прадпрымальнікаў працягнецца 5 дзён.

Валеры Леванеўскі гаворыць, што яны заклікаюць улады да сапраўднага дыялёгу. Калі перамоваў ня будзе, прадпрымальнікі ў рэгіёнах гатовыя страйкаваць цэлы месяц і нават болей. Крыху іншая сытуацыя ў сталіцы — там, са словаў старшыні Страйкаму, належнай згуртаванасьці сярод прадпрымальнікаў няма.

Сяргей Астраўцоў, Горадня