Сёньня

У Берасьцi адбыўся несанкцыянаваны пiкет, удзельнiкi якога заклiкалi жыхароў гораду адмовiцца ад удзелу ў выбарах у гэтак званую «Палату прадстаўнiкоў». Адначасова берасьцейцам нагадалi пра маючы адбыцца «Марш свабоды-3» i прапанавалi далучыцца да згаданай акцыi.

Пiкет адбыўся на вулiцы Савецкай у цэнтры Берасьця i быў заўважаны мясцовымi жыхарамi. Удзельнiкi акцыi распаўсюджвалi ўлёткi з заклiкамi да суайчыньнiкаў няўдзельнiчаць у восеньскiх выбарах, а таксама адмысловыя выпускi газэтаў «Рабочы», «Народная Воля» i «Наша Свабода», прысьвечаныя байкоту гэтых выбараў.

Мiлiцэйскi патруль спрабаваў перашкодзiць правядзеньню несанкцыянаванае акцыі: ахоўнiкi парадку папярэдзiлi пiкетоўцаў, што калi яны ня спыняць сваю акцыю, дык будуць затрыманыя. Неўзабаве побач зь месцам правядзеньня пiкету зьявiлася мiлiцэйская машына, але ўдзельнiкi акцыi разыйшлiся толькi пасьля таго, як распаўсюдзiлi ўсе агiтацыйныя матэрыялы, што ў iх былi.

Гэта ўжо ня першы выпадак, калi праваахоўныя ворганы Берасьця адсочваюць тых, хто бярэ ўдзел у кампанii байкоту выбараў. Раней, паводле зьвестак правабарончага цэнтру «Вясна», на берасьцейскiм цэнтральным рынку быў затрыманы мясцовы жыхар Сяржук Грынь. «Для высвятленьня асобы» яго даставiлi ў апорны пункт мiлiцыi, дзе сканфiскавалi 55 налепак з надпiсам «Байкот-2000». Напачатку гэтага тыдня на вулiцы Савецкай пад час распаўсюджваньня газэты «Рабочы» таксама быў затрыманы Васiль Андрасюк. Яго адвезьлi ў Ленiнскi РАУС, дзе склалi пратакол пра канфiскацыю 67 асобнiкаў адмысловага выпуску згаданае газэты. Пасьля словаў начальнiка РАУС Аркадзя Касьцючыка пра тое, што газэта «Рабочы» — «няправiльная», на спадара Андрасюка таксама склалi пратакол паводле артыкулу 172 частка 3 Кодэкса адмiнiстрацыйных правапарушэньняў (за распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых зь парушэньнем вызначанага парадку, зьмест якiх скiраваны на прычыненьне стратаў дзяржаўнаму й грамадзкаму ладу, правам i законным iнтарэсам грамадзянаў).

Мiлiцыянты паабяцалi накiраваць матэрыялы гэтае справы па месцу жыхарства Андрасюка — у Жабiнку — на разгляд адмiнiстрацыйнае камiсii раённага выканкаму. Васiль Андрасюк ужо заявiў, што калi адмiнiстрацыйнай камiсiяй на яго будзе накладзены штраф, гэтае рашэньне ён абскардзiць у судзе. Спадар Андрасюк лiчыць, што не парушаў заканадаўства, бо газэта «Рабочы» — зарэгiстраванае выданьне, а ў яго асабiста ёсьць афiцыйнае пасьведчаньне распаўсюдніка гэтае газэты.

Алег Супрунюк, Берасьце