У трэцюю частку артыкулу 167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь
аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якая прадугледжвае пакараньні за
парушэньне законадаўства пра выбары, у тым ліку й за публічныя заклікі
да байкоту выбараў, могуць быць у любы час унесеныя карэктывы. Такое паведамленьне
зрабіў сёньня кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі
амбасадар Вік у часе ягонае сустрэчы з экспэртамі ў мас-мэдыях ад палітычнай
апазыцыі.
Паводле паведамленьня Ганса-Георга Віка, ужо падрыхтаваны й перададзены
Аляксандру Лукашэнку праект дакумэнтаў, якія неабходныя для таго, каб адмяніць
пакараньне за байкот выбараў, прадугледжанае ў трэцяй частцы артыкулу 167
Адміністрацыйнага кодэксу. Цяпер, каб вырашыць канфлікт, дастаткова подпісу
Лукашэнкі. Пры гэтым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ не
сказаў, ад каго ён атрымаў такія зьвесткі. Але амбасадар Вік дадаў, што
неабходны дэкрэт можа быць падпісаны Лукашэнкам у любы час.
Пакараньні за заклікі да байкоту выбараў у “Палату прадстаўнікоў” сталі
балючай тэмаю для той часткі палітычнай апазыцыі, якая не бярэ ўдзел у
выбарчай кампаніі. Ужо зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі праваахоўныя
ворганы ўжываюць сілавыя захады ў дачыненьні да актывістаў байкоту выбарчага
фарсу. Пры гэтым ворганы спасылаюцца менавіта на трэцюю частку артыкулу
167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэтая
частка мае назоў “Парушэньні заканадаўства аб выбарах” і прадугледжвае
штраф у памеры да дзесяці мінімальных заробкаў або папраўчыя работы на
тэрмін да двух месяцаў з утрыманьнем дваццаці адсоткаў заробку пакараных.
Між тым, у апошнім варыянце беларускага заканадаўства, згодна зь якім
і праводзяцца выбары ў “Палату прадстаўнікоў”, пад ціскам апазыцыі і міжнародных
структураў параграф пра пакараньні за байкот выбараў выключаны. Такім чынам,
атрымаўся юрыдычны нонсэнс, калі Адміністрацыйны кодэкс супярэчыць іншаму
кодэксу — Выбарчаму. Што думае на гэты конт старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія
Ярмошына?
(Ярмошына: ) “Справа ў тым, што сапраўды адказнасьць за байкот выбараў
выключаная з Выбарчага кодэксу. Аднак дарэчы Міністэрства юстыцыі ў вельмі
мяккай форме паведаміла пра тое, што йснуе яшчэ шэраг проціпраўных парушэньняў,
якія зафіксаваныя ў Выбарчым законе ды таксама забароненыя. А менавіта,
перашкода выбарчаму праву грамадзянаў шляхам падману, подкупу ды іншымі
незаконнымі дзеяньнямі. Такім чынам, адказнасьць за перашкоду выбарчаму
праву грамадзянаў, як і раней, існуе”.
Гэта была старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Цікаўлюся ў спадарыні Ярмошынай, як мусяць паводзіць сябе міліцыянты,
на падставе чаго — Выбарчага кодэксу або Адміністрацыйнага кодэксу — яны
мусяць будаваць свае стасункі з удзельнікамі байкоту?
Спадарыня Ярмошына дае наступны адказ:
“Давайце ня будзем забывацца на тое, што адміністрацыйнае спагнаньне
выносіць не супрацоўнік міліцыі, а судзьдзя. Супрацоўнік міліцыі складзе
пратакол, а ўжо судзьдзя мусіць вынесьці юрыдычна выверанае рашэньне з
улікам усіх абставінаў”, — паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
З адказаў старшыні Цэнтарвыбаркаму можна зрабіць дзьве высновы: па-першае,
яна прызнае, што у Выбарчым кодэксе пакараньня за байкот выбараў не йснуе.
Па-другое, і гэта самае галоўнае, людзей, якія выступаюць за байкот, лёгка
пакараць паводле іншых пунктаў той жа самае часткі трэцяй артыкулу 167.
Таму, калі нават Лукашэнка сваім дэкрэтам і выключыць з Адміністрацыйнага
кодэксу пакараньне за байкот выбараў, можна меркаваць, што гэта прынцыпова
ня зьменіць сытуацыю.
Уладзімер Глод, Менск