Улада працягвае выкарыстоўваць адміністрацыйныя мэтоды ў тым, каб напярэдадні
выбараў вырашыць сытуацыю з заробкамі. Сёньня было абвешчана пра тое, что
створаная камісія, якая будзе спраўджваць своечасовасьць выплаты заробкаў.
Камісію ўзначаліў кіраўнік камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік.
У камісію таксама ўвайшлі кіраўнік справамі Лукашэнкі Ўладзімер Ганчарэнка,
прадстаўнікі КГБ й падатковай інспэкцыі. Цікава, што камісія можа рабіць
свае праверкі ня толькі ў дзяржаўных установах, але і ў прадпрыемствах
усіх формаў уласнасьці.
У распараджэньні, якое было падпісанае Лукашэнкам, сказана, што тыя
чыноўнікі й кіраўнікі прадпрыемстваў, якія паспрабуюць увесьці камісію
ў зман, могуць несьці нават крымінальную адказнасьць. У інтэрвію, якое
было распаўсюджанае агэнцыяй БелТА, Анатоль Тозік паабяцаў, што да 5 верасьня
будуць правераныя ўсе прадпрыемствы.
Трэба зазначыць, што даўгі час Аляксандар Лукашэнка нібыта не заўважаў,
што існуюць праблемы са своечасовай выплатаю заробкаў. Але калі стаў набліжацца
час парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка раптам высьветліў для
сябе, што праблема з заробкамі існуе. Распачатая ў жніўні барацьба з затрымкамі
заробкаў — ня больш як папулісцкая акцыя, распачатая напярэдадні выбараў.
Скончыцца гэтая кампанія, хутчэй за ўсё не раней за прэзыдэнцкія выбары.
Патрабаваньне разьлічыцца ў заробках таксама было выказанае з разьлікам
на публіку. Лукашэнка паабяцаў, што калі кіраўніцтва краіны не разьлічыцца
ў заробках, дык і прадстаўнікі ўраду, і банкіры, і нават сам Лукашэнка
застануцца без заробку. Сёньня ва ўрадзе мне паведамілі, што ў прэм’ера
пакуль заробак не адбіралі. Прадстаўнікі ўраду лічаць, што гэтая фраза
наогул была сказаная з разьлікам на тое, што кіраўніцтва краіны разьлічыцца
ў заробках.
Сапраўды, на сёньня запазычанасьць засталася невялікая. Калі, паводле
дадзеных на пачатак жніўня, яна складала каля 20 мільярдаў рублёў, дык
сёньня, паводле дадзеных прафсаюзаў, яна меншая за 1 мільярд. Разьлічыцца
ў заробках было нібыта нескладана — банкі былі вымушаныя прадаставіць ураду
крэдыт на гэтыя мэты. Праўда, гэтая мэта для эканомікі не зьяўляецца здароваю,
таму што гэтыя грошы банкам спатрэбілася дзесьці ўзяць. Дарэчы, аднім з
вынікаў такога крэдытаваньня было чарговае падзеньне курсу беларускага
рубля.
Сытуацыю з кампаніяй уладаў у выплаце заробкаў пракамэнтавала лідэрка
беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева. Яна таксама лічыць,
што такая актыўнасьць зьвязаная з выбарамі.
Марыя Аліева распавяла:
(Аліева: ) “Пасьля выбараў я думаю, што ўсё заціхне, бо грошай няма”.
Гэта была Марыя Аліева
Ганна Навумовіч, Менск