Сёньня

Амаль чатыры месяцы ў Нямеччыне знаходзіцца сям’я Юрыя Захаранкі — ягоная жонка, дзьве дачкі ды ўнук. Нядаўна яны папрасілі там палітычнага прытулку. Днямі зь Нямеччыны вярнулася нашая карэспандэнтка Ганна Соусь. Яна наведала сям’ю Юрыя Захаранкі.

Сям’я Юрыя Захаранкі жыве цяпер у невялічкай вёсцы ў прыгарадзе Мюнстэра, што ў зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія. Вольга Захаранка зь дзьвюма дочкамі і ўнукам ужо некалькі тыдняў месьцяцца ў невялікай трохпакаёвай кватэры. Дагэтуль на працягу некалькіх месяцаў яны жылі ў розных інтэрнатах і гатэлях. Днямі сям’я былога міністра папрасіла палітычнага прытулку. Цяпер яны атрымліваюць невялікую сацыяльную дапамогу — па 10 нямецкіх марак на кожнага штодзень.

Ніякіх новых зьвестак адносна лёсу Юрыя Захаранкі ягоная сям’я пакуль ня мае. Вольга, Алена і Юлія лічаць, што мусяць давесьці да нямецкае супольнасьці праўду пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Тым больш, што, як сьцьвярджае Алена, вяртацца ў Беларусь было б для іх небясьпечна.

(Алена Захаранка: ) “Нам паведамілі, што на нас заведзеная крымінальная справа з-за таго, што мы нібыта ганьбім Беларусь, калі распавядаем немцам пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Цяпер мы па магчымасьці займаемся палітычнай дзейнасьцю ў Нямеччыне. Днямі ў Дзюсэльдорфе сустракаліся з журналістамі, неаднаразова выступалі на нямецкім радыё, сустракаліся з жыхарамі Мюнстэра.

Хутка паведамім нашыя каардынаты празь інтэрнэт. Будзем рабіць усё, таму што гэта тычыцца лёсу майго бацькі. Мы яшчэ спадзяемся, што ён жывы, інакш нашае жыцьцё ня мела б сэнсу”, — зазначыла Алена Захаранка.

Сям’я Захаранкі цяпер у пэўнай ізаляцыі. Інтэгравацца ў нямецкае жыцьцё даволі складана, існуе моўная праблема, немагчыма пакуль вызначыцца і ў прафэсійным пляне. Малодшая дачка Юля яшчэ не пасьпела скончыць школу. Але, як кажа жонка Захаранкі Вольга, вяртацца ў Беларусь яны пакуль не зьбіраюцца.

(Вольга Захаранка: ) ”Ехаць у Беларусь мы не жадаем, таму што там шмат здраднікаў, і ў той жа апазыцыі шмат здраднікаў…

Я памятаю, як муж распавядаў пра некаторых кіраўнікоў Беларусі, пра іхныя сувязі са злачыннымі групоўкамі ў Чачні. Ён нават ведаў, калі да іх прыяжджалі кіраўнікі гэтых груповак. Юры заўжды называў гэту каманду бандаю на чале з паханом. І я зьвязваю ягонае зьнікненьне толькі з гэтымі людзьмі.

Сябры Юры, некаторыя чыноўнікі зь Міністэрства ўнутраных справаў, перадалі, што нам цяпер вяртацца дадому ўжо нельга. Усё роўна нас пакараюць. А мы не жадаем сядзець за кратамі або быць забітымі. У Беларусі мы атрымлівалі столькі пагрозаў. Нейкі мужчына выклікаў мяне чамусьці ў Політэхнічны ўнівэрсытэт для размовы, Алену пасьля публікацыі яе артукула, у якім яна абвінаваціла Лукашэнку ў зьнікненьні бацькі, невядомыя сустракалі каля пад’езду й пагражалі…”, — распавяла Вольга Захаранка.

Цяпер, у Нямеччыне, яна адчувае сябе значна больш бясьпечна. Вольга Захаранка ўсё яшчэ спадзяецца, што ейны муж жывы.

Дарэчы, зь Нямеччынай пэўным чынам быў зьвязаны й лёс бацькоў Юрыя Захаранкі. Ягоныя маці й бацька пазнаёміліся ў Кёльне пад час прымусовае працы ў часе Другое Ўсясьветнае вайны. Там жа яны й пажаніліся, і толькі потым пераехалі ў вёску Васілевічы Рэчыцкага раёну.

Ганна Соусь, Менск