Апазыцыя Магілеву правяла мітынг-рэквіем на месцы масавых расстрэлаў.
У часе мітынгу былі затрыманыя два актывісты БНФ.
Напярэдадні Дня памяці ахвяраў рэпрэсіяў прадстаўнікі дэмакратычных
партыяў і арганізацыяў Магілеву вырашылі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных
каля Крыжа памяці – месца, якое ў народзе называюць “Магілеўскія Курапаты”.
Яшчэ ў 1988 годзе дзеці знайшлі ў гэтым месцы сківіцу з залатым зубам.
Пасьля пры дапамозе магілеўскага аддзяленьня Мартыралёгу Беларусі выявілі,
што ў гэтым месцы расстраляныя тысячы людзей.
Паводле неафіцыйных крыніцаў, першымі ў гэтую зямлю ў пачатку 20-х гадоў
леглі сьвятар праваслаўнай царквы Мікалай і некалькі ксяндзоў каталіцкай
канфэсіі. Раней гэтае месца называлі “конскімі могілкамі”: тут хавалі жывёлу,
якая аджыла свой век, пазьней – “Магілеўскімі Курапатамі”, бо тут адкапалі
каля сотні чалавечых целаў з кулявой дзіркай у патыліцы.
Старыя жыхары кажуць, што немцы, якія акупавалі Магілеў, паставілі побач
з могілкамі шыльду з надпісам: “Паглядзіце, што з вамі зрабіў Сталін!”
Дэмакраты вырашылі, што, паводле традыцыі, ушанаваньне памяці продкаў
на Дзяды не патрабуе дазволу ўладаў. У запашэньнях, якія зьявіліся ў горадзе,
адзначалася: “Цяперашнія ўлады – ідэйныя нашчадкі сталінізму – адмянілі
дзяржаўнае сьвята Дзяды, але людзкую памяць ня зьнішчыць!”
Сёньня на прыпынак, які знаходзіцца непадалёк ад Крыжа Памяці, пад’ехала
6 міліцэйскіх машынаў. Яшчэ напярэдадні быў затрыманы старшыня Магілеўскай
арганізацыі БНФ Андрусь Кавалёў, які трымаў плякат “Нашы Дзяды з намі!”
Супрацоўнік Кастрычніцкага райаддзелу ўнутраных справаў Магілеву капітан
Маскалёў палічыў гэты плякат антыпрэзыдэнцкім. Праз нейкі час Кавалёва
выпусьцілі і прапанавалі заўтра зьявіцца ў міліцыю.
Тымчасам людзі памаліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і ўзгадалі
пра тыя часы.
Незадоўга да заканчэньня мітынга-рэквіема міліцыянты забаранілі выступаць
з прамовамі. Напрыканцы мітынгу міліцыя адвезла магілеўца Сяржука Гіркіна
ў пастарунак. Гіркіна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу.
Ушанаваўшы памяць растраляных хвілінай маўчаньня, магілеўцы разыйшліся.
Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў