Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў сваю “альма матэр”. Беларуская Сельскагаспадарчая
акадэмія сьвяткавала 160-годзьдзе свайго заснаваньня.
Аляксандара Лукашэнка, паводле ягонага прызнаньня, прыехаў у Горкі зьбянтэжаны.
Яго непакоіць (цытую): “…модная тэндэнцыя, якая зьяўляецца звычайна напярэдадні
выбараў. Калі ня ўсё ладзіцца, трэба закасаць рукавы і працаваць, а калі
гэтага ня хочацца,– мяркуе Лукашэнка, – то народ пачынае патрабаваць рэформаў”.
Іншая праблема Лукашэнкі была ў тым, што ўрад і навукоўцы так і ня здолелі
падрыхтаваць да юбілею старэйшай аграрнай вышэйшай школы ў краіне канцэптуальны
даклад пра пэрспэктывы разьвіцьця сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Але кіраўнік
дзяржавы паабяцаў, што арыентыры будуць да новага году вызначаныя. Хутчэй
за ўсё гэтым арыентырам застанецца буйная таварная вытворчасьць у калектыўных
гаспадарках. Рэформаў агулам у Беларусі ня будзе, – запэўніў Лукашэнка,
– таму што яны патрабуюць вялізных сродкаў, а іх у нас няма.
Настрой беларускага народу перад другім турам парлямэнцкіх выбараў Лукашэнка
вызначыў як “нармальны” і толькі скардзіўся, што напярэдадні выбараў быў
жудасны ціск з боку замежных краінаў.
Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў паўтараў, што міжнародныя праблемы
нашай краіны палягаюць у тым, што новая дзяржава Беларусь заняла ў цесным
сьвеце прыступку, якая некаторым падаецца залішне высокай. Але ён таксама
выказаў рашучы намер не саступаць гэтае месца, якое беларусы заслужылі.
У гэтым сутнасьць маёй палітыкі, – горда казаў Аляксандар Лукашэнка.
Студэнцкі гарадок Горацкай акадэміі сустракаў прэзыдэнта аплядысмэнтамі
састарэлых людзей і сьвістам маладых. Таму вельмі дарэчы Лукашэнка згадаў
пра дабрабыт студэнтаў. Ён вырашыў забясьпечыць іх шляхам стварэньня адмысловага
дырэктарскага фонду дадатковымі грашыма, а ў пэрспэктыве – нармальным жыльлёвымі
ўмовамі, харчаваньне і мэдычным абслугоўваньнем.
Каб ніхто ня думаў, што Лукашэнка гэтым пачынае рыхтавацца да наступных
выбараў, Лукашэнка паабяцаў не хадзіць за людзьмі і не прасіцца ў іх стаць
прэзыдэнтам. Маўляў, самі паглядзіце на маю працу і самі мяне выбераце.
Марыя Ўсьціновіч, Горкі