Сёньня

Сапраўдная чыноўніцкая карусель закруцілася вакол выпуску ўлётак да другога туру галасаваньня кандыдата ў дэпутаты ў гомельскай Сяльмашаўскай выбарчай акрузе №34, прафэсара катэдры фізыкі ўнівэрсытэту транспарту Валянціны Савасьценка.

Напачатку выпуск ўлётак стрымлівала з розных прычынаў акруговая камісія. А ўчора 15 тысячаў надрукаваных асобнікаў са зваротам да выбаршчыкаў канчаткова былі заблякаваныя на фабрыцы “Палесдрук”. Вось як напачатку патлумачыла гэта галоўны інжынэр фабрыкі Ларыса Пратасенка:

«Нам кожная капеечка дарагая. Я сказала прадстаўнікам кандыдата: калі ласка, аплаціце заказ. Аплаціце — і сёньня ж атрымаеце ўлёткі», — сказала спадарыня Пратасенка.

Тут жа, у кабінэце інжынэра, адбылася перамова па тэлефоне на падвышаных інтанацыях кандыдата ў дэпутаты з бугальтарамі фінансавага аддзелу адміністрацыі Чыгуначнага раёну. Бюджэтныя грошы памерам 56,9 тысячы рублёў неўзабаве былі пералічаныя фабрыцы. Аднак ўлёткі забараніў выдаваць ужо сам дырэктар Віталь Штульман… — яго з гэтае нагоды адмыслова выклікаў да сябе намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму ў справе інфармацыі Валеры Зашчук.

Па ўсяму відаць, уладным чыноўнікам прыйшоўся не да спадобы зьмест улётак. Валянціна Савасьценка прыводзіла вялікую вытрымку з выступу Аляксандра Лукашэнкі на апошняй сэсіі “Палаты прадстаўнікоў”. Кіраўнік дзяржавы досыць нэгатыўна адклікнуўся пра дзейнасьць канцэрну “Белрэсурсы”, які ўзначальвае дэпутат Юры Астапчанка.

Цяпер спадар Астапчанка зноўку прэтэндуе на дэпутацкі мандат ў гомельскай Сяльмашаўскай акрузе №34 і супернічае з Валянцінаю Савасьценкай у другім туры галасаваньня.

Уладныя структуры адкрыта падыгрываюць Астапчанку і, відавочна, не зацікаўлены, каб інфармацыя праз улёткі адносна дзейнасьці канцэрну “Белрэсурсы” дайшла да шырокага кола выбаршчыкаў.

Казімер Яноўскі, Гомель