Міхал Чыгір абвесьціў пра сваё рашэньне ня ўдзельнічаць у другім туры
выбараў у лукашэнкавы “парлямэнт”. Экс-прэм’ер перакананы, што ўлады сфальшавалі
вынікі выбараў у акрузе, дзе ён балятаваўся, і таму ён ня бачыць для сябе
магчымым удзельнічаць ў “выбарчым спэктаклі”.
Міхал Чыгір ня будзе ўдзельнічаць ў другім туры выбараў, якія ён лічыць
“зарганізаваным уладамі спэктаклям”. Сёньня экс-прэм’ер, які паводле дадзеных
Цэнтральнае выбарчае камісіі прайшоў у другі тур выбараў разам з Натальляй
Машэравай, правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой агалосіў сваё
канчатковае рашэньне сыйсьці з выбарчае дыстанцыі.
Чыгір заявіў, што на ягоным выбарчым участку на самрэч выбары не адбыліся.
Паводле дадзеных, якія ў дзень выбараў прадастаўлялі Чыгіру ды ягонай камандзе
прадстаўнікі ўчастковых камісіяў і назіральнікі, яўка склала ня больш за
47 адсоткаў, аднак уначы акруговая камісія шляхам маніпуляцыяў са сьпісамі
зьнізіла колькасьць выбаршчыкаў ажно на 6 тысячаў. Так атрымаліся неабходныя
для прызнаньня выбараў адбыўшыміся больш за 50 адсоткаў прагаласаваўшых
выбаршчыкаў.
Гэта камандзе Чыгіра стала вядома непасрэдна ад асобных сяброў акруговае
камісіі.
(Чыгір: ) “У нашай выбарчай акрузе ёсьць прынцыповыя людзі, якія, я
думаю, канчаткова пратакол не падпісалі. Там зьявіліся рознагалосьсі. Адны
былі, каб выканаць загад зьверху, а другія з гэтым не пагадзіліся. Па копіях
пратаколаў відавочна, што выбары ў 102-й акрузе не адбыліся”.
Заявіў Міхал Чыгір.
Ён выказаў шкадаваньне, што ня зможа прадстаўляць ў парлямэнце інтарэсы
тых грамадзянаў, якія за яго галасавалі і яму паверылі, і гэтае пачуцьцё
нязробленага — адзіны мінус ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Але па вялікім
рахунку экс-прэм’ер не шкадуе, што браў удзел у выбарах, якія бальшынёў
апазыцыянэраў байкатаваліся адпачатку:
“Я бліжэй пазнаў тысячы простых людзей і магу з большай ўпэўненасьцю
казаць, што разумею іхныя патрэбы ды інтарэсы. Другое, я і мая каманда
атрымалі выдатны досьвед змаганьня на выбарах”, — лічыць Міхал Чыгір.
Ён не адмаўляецца ад былых плянаў удзельнічаць ў змаганьні за прэзыдэнцкую
пасаду, але ўдакладняе, што яму патрэбная не пасада, а магчымасьць выправіць
да лепшага становішча ў краіне. Парлямэнцкія выбары дапамаглі яму пераканацца,
што трэба дамагацца зьменаў ўмоваў правядзеньня выбараў, інакш перамогі
не атрымаць. Ня толькі на выбарчых участках, але й ва ўсіх выбарчых камісіях
мусяць быць прадстаўнікі апазыцыйных партыяў — зрабіў выснову Міхал Чыгір.
А таксама ён кажа пра тое, што пры сёньняшняй манаполіі ўлады на электронныя
СМІ няма чаго казаць пра роўнасьць кандыдатаў у прэзыдэнты. Да гэтага Міхал
Чыгір дадаў: “інакш ўжо цяпер лепш заявіць пра непрызнаньне вынікаў такіх
прэзыдэнцкіх выбараў”.
Адносна сытуацыі, калі аб’яднаная апазыцыя не абярэ яго адзіным кандыдатам
ў прэзыдэнты, Міхал Чыгір заявіў журналістам, што наўрад ці здыме сваю
кандыдатуру, бо пакуль ён ня бачыць у шэрагах апазыцыі таго, хто мог бы
перамагчы Лукашэнку. Але калі такі чалавек зьявіцца, Чыгір, паводле ягоных
словаў, гатовы зь ім супрацоўнічаць і не перашкаджаць.
Падсумоўваючы свой выбарчы марафон, Міхал Чыгір заявіў для радыё Свабода:
(Чыгір: ) “Урок вельмі цяжкі. Я лічу, што нашае кіраўніцтва зразумее,
што ўсё такі трэба рухацца па дэмакратычным шляху. На жаль, парлямэнцкія
выбары паказалі, што нашае кіраўніцтва да дэмакратыі не гатовае. Ёсьць
толькі заявы з экрана і ня больш за тое. Застанецца такі ж парлямэнт, які
быў, які будзе працаваць, як мне сказаў адзін журналіст, …як КДБ, і мы
ня ведаем, што яны там прымаюць, за што галасуюць… Рознагалосьсяў з прэзыдэнтам
няма, а адсюль выснова – калі парлямэнт працуе і выконвае ўсе загады адміністрацыі
прэзыдэнта, дык навошта падаткаплацельшчыкі плоцяць грошы на яго ўтрыманьне?”
Казаў экс-прэм’ер і экс-кандыдат у дэпутаты лукашэнкавага парлямэнту
Міхал Чыгір.
Алег Грузьдзіловіч, Менск