Кіраўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту зьвярнулася сёньня ў акруговыя
й Цэнтральную выбарчую камісіі, а таксама ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем
ануляваць вынікі выбараў у дзевяці акругах. Назіральнікі БГК дакумэнтальна
зафіксавалі ў гэтых акругах масавыя фальшаваньні.
Назіральнікі Беларускага Гэльсынскага камітэту, якія праводзілі маніторынг
парушэньня ўладамі заканадаўства ў ходзе выбараў, пакуль апрацавалі дадзеныя
ў дзевяці акругах — трох менскіх, трох магілеўскіх і па адной у Бабруйску,
Маладэчне й Салігорску. Ва ўсіх іх яўка выбаршчыкаў не перавысіла 50 адсоткаў.
Паводле словаў галоўнага каардынатара ў справе назіраньня за выбарамі,
старшыні БГК Тацяны Процькі, галоўныя віды парушэньняў — наўмыснае завышэньне
лічбы ўдзельнікаў галасаваньня, карэктаваньне сьпісаў выбаршчыкаў на ўчастках
15 кастрычніка, махінацыі з вынаснымі скрынямі й гэтак далей.
Гаворыць Тацяна Процька:
(Процька: ) “Нас непакоіць ня тое, што выбары не адбыліся, хоць гэта
зьява прыкрая для любой краіны. А тое, што акруговыя камісіі ў першую чаргу
сфальсыфікавалі вынікі гэтага мерапрыемства. Гэта ставіць пад сумнеў і
астатнія акругі, дзе ў нас не было поўнага назіраньня, а толькі выбарачнае”.
Паведаміла нашаму радыё спадарыня Процька.
Сёньня дакумэнтальныя сьведчаньні парушэньня выбарчага закону, разам
з патрабаваньнем ануляваць вынікі выбараў у вышэйназваных акругах былі
накіраваныя ў акруговыя камісіі, ЦВК й Генэральную пракуратуру. Тацяна
Процька лічыць, што нягледзячы на малаверагоднасьць адмены вынікаў выбараў,
гэты зварот у дзяржаўныя структуры дасьць пэўны плён.
Старшыня Гэльсынскага камітэту працягвае:
(Процька: ) “Паводле існуючага заканадаўства, Пракуратура павінная правесьці
праверку. Цэнтарвыбаркам павінен правесьці праверку. І, калі б у нас не
было гэтых пратаколаў на руках, тады б, канешне, было цяжэй. Але ў нас
ёсьць дадзеныя па кожным выбарчым участку. Тыя дадзеныя, якія нават яны
самі абвесьцілі і вывесілі. Хай яны дакажуць, як яны памыліліся, падлічваючы
гэтыя галасы. Хай пройдзе крыміналягічная экспэртыза, калі ёсьць разыходжаньні”.
Гэта была Тацяна Процька.
У выпадку, калі ні пракуратура, ні ЦВК не задаволяць патрабаваньняў
назіральнікаў, тады, паводле словаў спадарыні Процькі, будзе накіраваная
адпаведная заява ў Вярхоўны Суд. Старшыня БГК лічыць, што ў судзе ёй і
яе калегам удасца давесьці, што яны маюць рацыю. Тацяна Процька таксама
паведаміла, што кожны дакумэнтальна зафіксаваны факт фальшаваньня вынікаў
выбараў накіроўваецца ёю ў АБСЭ, Раду Эўропы ды іншыя міжнародныя структуры.
Як паведаміў экспэрт Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня
за выбарамі Міхал Пліска, у бліжэйшыя дні ў Цэнтральную выбарчую камісію
і пракуратуру будуць накіраваныя прапановы ануляваць вынікі галасаваньня
яшчэ ў 27 акругах, дзе, на думку сяброў рады, былі зафіксаваныя фальшаваньні.
Тым часам кіраўнік сэктару працы з грамадзянамі й лістамі Цэнтральнае
выбарчае камісіі Яўген Аўдзееў паведаміў нашаму радыё, што на сёньняшні
дзень у ЦВК ад кандыдатаў у дэпутаты й назіральнікаў ужо паступіла 116
скаргаў пра парушэньні сябрамі камісіяў выбарчага заканадаўства.
Альгерд Невяроўскі, Менск