Апошнія паведамленьні з Блізкага Ўсходу сьведчаць, што напружаньне ў
адносінах паміж Ізраілем і палестынцамі паволі спадае. Ізраіль пачаў выводзіць
танкі ды іншае цяжкое ўзбраеньне з межаў аўтаноміі. Палестынская паліцыя
зноў правяла арышты актывістаў мусульманскага фундамэнталісцкага руху Хамас.
Але пэрспэктывы поўнага аднаўленьня мірнага працэсу пакуль што даволі змрочныя.
Пасьля амаль трох тыдняў гвалту ў Газе, на Заходнім беразе ракі Ярдан,
а таксама ў тых рэгіёнах Ізраілю, дзе пераважае арабскае насельніцтва,
уплывы палітычных сілаў, якія выступаюць за мірнае суіснаваньне, выразна
зьменшыліся як у ізраільскім, так і палестынскім лягеры. Узмацніліся затое
пазыцыі праціўнікаў паразуменьня.
Пагадненьне ў Шарм-эль-Шэйху – гэта вусная дамоўленасць, якая прадугледжвае
вяртаньне сытуацыі, якая была перад пачаткам цяперашніх беспарадкаў. І
тут перад палестынскімі ўладамі куды больш складанае заданьне. Ізраільская
армія падпарадкоўваецца загадам свайго камандаваньня, а палестынская, галоўным
чынам беспрацоўная моладзь, якая на працягу апошніх трох тыдняў прызвычаілася
ад раніцы штодня ўдзельнічаць у антыізраільскіх бурлівых дэманстрацыях,
наўрад ці так проста падпардкуецца Ясіру Арафату і ягонай паліцыі. Да таго
ж, бальшыня зь іх – гэта прыхільнікі мусульманскага фундамэнталісцкага
руху Хамас, кіраўніцтва якога абвінавачвае Арафата ў здрадзе палестынскай
ідэі.
Пазытыўным знакам апошніх дзен была апэрацыя ізраільскай сакрэтнай службы
бясьпекі Шын Бэт, агенты якой захапілі на Заходнім беразе ракі Ярдан васьмёх
удзельнікаў жудаснага забойства двух ізраільскіх жаўнераў-рэзэрвістаў,
затрыманых у палестынскім паліцыйным участку ў Рамале. Ёсць інфармацыя,
што сярод затрыманых некалькі палістынскіх паліцыянтаў, якія ўдзельнічалі
ў забойстве. Цяпер ізраільскія ўлады рыхтуюцца арганізаваць паказальны
судовы працэс над імі. Ангельская газэта “Гардыян” паведамляе, што апэрацыя
Шын-Бету была праведзеная зь ведама і магчыма пры ціхім супрацоўніцтве
палестынскіх сакрэтных службаў. Вядома, што раней Ясір Арафат аддаў загад
арышту ўдзельнікаў забойства. Але Шын Бэт апярэдзіў яго.
На прэсавай канфэрэнцыі ў Тэль-Авіве віцэ-міністар абароны Ізраілю Эфраім
Снэ толькі ўскосна ў інтэрвію ізраільскаму тэлебачаньню прызнаў факт правядзеньня
гэтай апэрацыі Шын Бэту. Ён заявіў: “Пакуль што я магу толькі прызнаць,
што справядлівасьць дасягне тых людзей, якія здзейсьнілі гэтую разьню,
так як яна дасягнула тых, хто забіў ізраільскіх спартоўцаў на алімпіядзе
ў Мюнхене ў 1972 годзе”. Прыгадаем, што на працягу 70-80 гадоў Шын Бэт
высачыў і забіў практычна ўсіх выканаўцаў і арганізатараў таго забойства.
Праўда пры гэтым памылкова загінулі невінаватыя людзі. У прыватнасьці,
мараканскі эміграцыйны пісьменьнік у Осла, якога прынялі за нейкага іншага.
Іншым сымбалем змяншэньня напружаньня былі перамовы паміж кіраўнікамі
ізраільскай і палестынскай сакрэтных службаў, падчас якіх былі ўзгодненыя
супольныя дзеяньні, накіраваныя на аднаўленьне мірнага працэсу. Ізраільцяне,
напрыклад, згадзіліся на працягу бліжэйшых 48 гадзінаў аднавіць свабодны
рух асобаў паміж гарадамі палестынскай аўтаноміі, а таксама дазволіць вяртаньне
на працу ў Ізраіль рабочых-палестынцаў. Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра
Ізраілю Эхуда Барака Нахман Шаі паведаміў, што калі напружаньне будзе спадаць
надалей, Ізраіль ажыцьцёвіць наступныя захады, накіраваныя на нармалізацыю
сытуацыі.
Мікола Іваноў, Прага