Лідэры аб’яднанай апазыцыі прынялі сёньня супольную заяву пра посьпех
кампаніі “Байкот-2000”. На думку кіраўнікоў партыяў і арганізацыяў, што
ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў, цяпер галоўнай задачаю
апазыцыі становіцца перамога на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году.
Лідэры аб’яднанай апазыцыі правялі сёньня рабочую міжпартыйную нараду,
пад час якой была прынятая заява з падзякаю грамадзянам, што прайгнаравалі
выбары ў гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Пасьля заканчэньня паседжаньня
лідэр БНФ Вінцук Вячорка на просьбу нашага радыё агучыў гэтую заяву:
(Вячорка: ) “Нягледзячы на велізарныя намаганьні рэжыму Лукашэнкі, выбарчы
фарс 15 кастрычніка закончыўся правалам, бо зьявілася менш чым палова выбаршчыкаў
на ўчасткі, зафіксаваныя тысячы парушэньняў правоў чалавека, у тым ліку
беспрэцэдэнтны ціск з ужыцьцём пагрозаў дзеля забесьпячэньня яўкі на ўчасткі,
а гэта мусіць цягнуць за сабой крымінальнгую адказнасьць. Мы выказваем
вялікую падзяку і віншаваньне ўсім людзям, што праявілі мужнасьць і пасьлядоўнасьць,
вітаем пазыцыю міжнароднай супольнасьці ў ацэнцы выбараў 15 кастрычніка,
якія ня могуць лічыцца ані свабоднымі, ані справядлівымі, ані міжнародна
прызнанымі; падкрэсьліваем, што толькі кіраўніцтва Расеі падтрымала не
беларускі народ, а лукашэнкаўскі рэжым, зазначаем, што наш народ ужо зрабіў,
а міжнародная супольнасьць яшчэ зробіць высновы пра тых палітыкаў, што,
называючы сябе дэмакратычнымі, заклікалі людзей падтрымаць лукашэнкаўскі
выбарчы фарс і ўзялі ў ім удзел, ну а аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя
ў сваю чаргу мае намер замацоўваць дасягнуты байкотам палітычны посьпех
і рыхтавацца да вырашальных падзеяў 2001 году”.
Заяву падпісалі прадстаўнікі БНФ, АГП, “Народнае Грамады”, Сацыял-Дэмакратычнае
Грамады [Станіслава Шушкевіча], Партыі працы й Партыі жанчынаў “Надзея”,
“Хартыі-97”, асамблеі няўрадавых арганізацыяў і Кангрэсу дэмакратычных
прафсаюзаў.
Лідэры аб’яднанай апазыцыі таксама вырашылі дапамагчы ў падрыхтоўцы
і ўзяць актыўны ўдзел у акцыях Фэдэрацыі прафсаюзаў, заплянаваных на лістапад.
Гаворыць Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Мы падтрымалі ініцыятыву беларускіх прафсаюзаў аб правядзеньні
акцыі пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі ў лістападзе сёлета. Гэта насьпелая
акцыя. Свой рэсурс мы гатовыя прадставіць. Я думаю, што акцыю, якую будуць
арганізоўваць прафсаюзы, можа правесьці па такой схеме: спачатку ў Менску,
потым у 22 гарадох 50-тысячніках, а пасьля ў кожным раённым цэнтры Беларусі.
Прадстаўнікі тых партыяў, якія блізкія да прафсаюзаў, яны гэтую ідэю падтрымоўваюць.
Акцыі патрэбныя ня толькі менчукам, трэба з акцыямі выходзіць за межы сталічнага
кальца і працаваць з насельніцтвам у рэгіёнах”.
Паведаміў спадар Лябедзька.
Свае ж уласныя вулічныя акцыі прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі ў бліжэйшы
час праводзіць не зьбіраюцца. Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, ён і ягоныя
калегі цяпер больш засяродзяцца на падрыхтоўцы да прэзыдэнцкае выбарчае
кампаніі наступнага году.
Альгерд Невяроўскі, Менск