Віцебскія ўлады ўпарта не жадаюць зьмірыцца з тым, што выбары 15 кастрычніка
ў абласным цэнтры не адбыліся. Сёньня тут распачаўся актыўны пошук вінаватых.
На выбары ж у Віцебску аб’явіўся Мірон.
Старшыня віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Андрэйчанка склікаў да сябе
17 кастрычніка ўсіх раённых вэртыкальшчыкаў. Як і трэба было чакаць, не
на чарговую нараду, а на начальніцкі разгон з нагоды праваленых у Віцебску
выбараў.
Як вядома, выбары ў Віцебску не адбыліся па ўсіх чатырох віцебскіх акругах,
і цяпер супрацоўнікі райвыканкамаў як дрэнныя вучні мусяць зрабіць работу
над памылкамі. Так адміністрацыя Чыгуначнага раёну гораду разаслала па
ўсіх раённых прадпрыемствах ды ўстановах тэлефанаграму наступнага зьместу
(цытата ў перакладзе на беларускую): “У сувязі з выбарамі, якія не адбыліся,
17 кастрычніка да 10 гадзінаў просім паведаміць поўную назву арганізацыі,
прозьвішча ды імя кіраўніка, хатні адрас, нумар акругі, нумар участку,
дзе мусіў галасаваць ды ці прыняў удзел у выбарах. Адказы дасылаць у райвыканкам
па факсе”(канец цытаты).
Можна меркаваць, што ніводная кіраўнічая асоба не захоча заставацца
скрайняй, і таму форма гэтага дакумэнту можа быць запоўненая дадзенымі
любога шараговага супрацоўніка. Зрэшты, гэткія шарагоўцы і стварылі віцебскі
прэцэдэнт.
Дарэчы, шмат хто з віцяблянаў дзівіўся сёньня ня столькі вынікам праваленых
выбараў, колькі зьменам у зьнешнім абліччы Віцебску, якія адбыліся ў дзень
15 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень на васьмі пад’яздных дарогах, што
вядуць у абласны цэнтар, восем сымбалічных праваслаўных крыжоў страцілі
па адной перакосіне ды сталіся не расейскімі, як сьцьвярджаюць тутэйшыя
знаўцы беларушчыны, а падобнымі да крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Гэтую ж
думку пацьвердзіла і запіска, знойдзеная пад адным з папраўленых крыжоў.
У ёй былі словы “Не – абмаскальваньню беларусаў!” ды подпіс “Мірон”.
Браніслава Станкевіч, Віцебск