У Баранавічах пасьля падліку галасоў у акруговыя камісіі з участкаў
паступілі пратаколы, запоўненыя алоўкам, альбо зусім пустыя, але падпісаныя
ўсімі сябрамі камісіі.
Ва ўсёй Берасьцейскай вобласьці самы нізкі адсотак яўкі выбаршчыкаў
– 40,8% – быў у Баранавіцкай Заходняй акрузе №4. У Баранавіцкай Усходняй
акрузе №5 прынялі ўдзел 46,3 %. Горад ня будзе пакуль мець прадстаўніка
ў так званай Палаце.
Такі нізкі адсотак выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаваньні, забясьпечылі
ня толькі акцыі апазыцыі, накіраваныя на байкот выбараў. Не апошнюю ролю
адыгралі тут і назіральнікі ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту ды іншых
дэмакратычных арганізацыяў. Гэта пацьвярджае і той факт, што якраз на тых
некалькіх участках, дзе не было назіральнікаў – самы высокі адсотак удзелу:
нават болей за 60%.
Гэта, аднак, ня выратавала агульнага становішча. Ужо ў 18 гадзінаў вечара
было відавочна, што выбары праваляцца па абедзьвюх акругах. Аб гэтым сьведчыла
і нэрвовасьць прадстаўнікоў мясцовай вэртыкалі. Загадчык аддзелу арганізацыйна-кадравай
працы гарвыканкаму Леанід Лойка пасьля 5 гадзінаў вечара быў заўважаны
на некалькіх участках для галасаваньня, дзе была даволі нізкая яўка.
Зафіксавана шмат выпадкаў, калі старшыні камісіяў ці іхныя намесьнікі
тэлефанавалі па інтэрнатах і даручалі вахцёрам заклікаць усіх на выбары,
што тыя старанна і рабілі.
Увогуле, назіральнікамі сабрана шмат фактаў парушэньняў выбарчага заканадаўства.
Участковыя камісіі выходзілі з вынаснымі ўрнамі без заяўкаў выбаршчыкаў
і нават пасьля 20 гадзінаў. На некаторых участках у скрынках аказаліся
лішнія бюлетэні.
Але самым цікавым быў фініш. Пасьля падліку галасоў у акруговыя камісіі
з участкаў паступілі пратаколы, запоўненыя алоўкам, альбо нават і зусім
пустыя, але падпісаныя ўсімі сябрамі камісіі. Паводле ўсіх фактаў назіральнікамі
пададзеныя факты ў пракуратуру, а таксама ў міжнародныя арганізацыі.
Алесь Горбач, Баранавічы