Сёньня

Напярэдадні чарговай гадавіны зьнішчэньня Берасьцейскага гета быў апаганены помнік, усталяваны на месцы трагедыі.

Невядомыя асобы размалявалі фашыстоўскай свастыкай помнік, які ўшаноўвае памяць пра пакуты тысячаў берасьцейскіх габрэяў.

Інфармацыя пра тое, што ў Берасьці на рагу вуліцаў Карбышава ды Дзяржынскага апаганены памятны знак, што ўсталяваны ў гонар ахвяраў мясцовага гета, зьявілася ўвечары 12-га. Але ўсё яшчэ сёньня апоўдні пра гэта нічога не было вядома праваахоўчым ворганам.

Натуральна, што не былі праведзеныя і апэратыўныя дзеяньні, каб знайсьці тых, хто намаляваў свастыку.

Дарэчы, такія паводзіны ўладаў ня надта зьдзівілі берасьцейскага кіраўніка цэнтру “Галякост” Аркадзя Бляхера. Ён нагадаў, што гэта трэці акт вандалізму ў дачыненьні да помніку. У першым выпадку выканаўцу гэтага злачынства ўдалося знайсьці –ім быў 13-ці гадовы юнак, супраць якога з цягам часу непрыкметна закрылі крымінальную справу. Другі выпадак не раскрыты.

Зьвяртае ўвагу факт, што апаганены помнік менавіта зараз. 15-га кастрычніка будзе адзначана 58-я гадавіна з таго дня, як было зьнішчанае мясцовае гета. У ім на той момант былі 34 тысячы габрэяў зь Берасьця і навакольных вёсак.

Аркадзь Бляхер лічыць, што тыя, хто апаганіў помнік, рабілі сваю справу сьвядома і ведалі пра набліжэньне сумнай даты. Ён таксама нагадаў, што тэрыторыі, дзе месьцілася гета, даўно не шанцуе – у свой час мясцовыя ўлады распачалі тут будаваць жыльлё. Для выкананьня плянаў разбурылі імправізаваны помнік, які быў усталяваны роднымі тых, хто загінуў падчас зьнішчэньня гета.

Алег Супрунюк, Берасьце