Распачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах у гэтак званую “Палату
прадстаўнікоў”. Наш карэспандэнт наведаў участак для галасаваньня ў цэнтры
Менску, у Купалаўскай выбарчай акрузе, і даведаўся, што іншагароднім студэнтам
настойліва раяць галасаваць ужо цяпер.
Найбліжэйшы да прэзыдэнцкае рэзыдэнцыі выбарчы ўчастак месьціцца на
вуліцы Карла Маркса, у будынку філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага
ўнівэрсытэту. Як і паўсюль у Беларусі, сёньня тут распачалося датэрміновае
галасаваньне. Усяго выбаршчыкаў у сьпісах менш за 2 тысячы, але гэты ўчастак
ужо мае 500 бюлетэняў. Каб атрымаць бюлетэнь, дастаткова прад’явіць пашпарт
— прычыну датэрміновага галасаваньня тлумачыць ня трэба.
На ўчастку разам зь дзьвюма прадстаўніцамі выбарчае камісіі ёсьць і
міліцыянт, які назірае за парадкам. Цікава, што паміж выбаркамаўкамі ды
міліцыянтам стаіць урна для бюлетэняў, але няма кабінкі для таемнага галасаваньня.
За дзьве гадзіны прагаласавалі 5 грамадзянаў — два студэнты ды сям’я
пажылых людзей. Але за некалькі хвілінаў маёй прысутнасьці лік выбаршчыкаў-датэрміноўшчыкаў
павялічыўся да 12, бо прыйшла групка студэнтак. Яны ўвайшлі ў пакой якраз
тады, калі мне распавядалі, што супрацоўнік міліцыі кантралюе ўчастак ад
учорашняга дня й кругласутачна.
Студэнткі зь інтэрнату вырашылі прагаласаваць датэрмінова, бо на выхадныя
паедуць зь Менску дадому. Але адна са студэнтак нават на ўчастку заявіла:
(Студэнтка: ) “Мы ня ведаем нашых кандыдатаў, бо кампанія арганізаваная
вельмі кепска”.
Пасьля галасаваньня я ўзяў у адной са студэнтак — Тацяны Куцэнкі — невялікае
інтэрвію.
(Карэспандэнт: ) «Вы за каго прагаласавалі?»
(Тацяна: ) «Я прагаласавала за Курса…»
(Карэспандэнт: ) «Лібэрал-дэмакрата?»
(Тацяна: ) «Так, бо я палічыла, што ён самы малады, ён больш за ўсіх
можа бараніць інтарэсы моладзі».
(Карэспандэнт: ) «Вось заклікалі да байкоту. Вы ўсё ж прышлі прагаласаваць…»
(Тацяна: ) «Так, я лічу сябе грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, і я павінна
выконваць некаторыя патрабаваньні нашай рэспублікі. Лічу, што я павінна
ўнесьці свой голас ва ўсеагульную плыню галасаваньня».
Гэта была Тацяна Куцэнка. Высьветлілася, што ейныя сяброўкі разам зь
ёю таксама прагаласалі за лібэрал-дэмакрата Андрэя Курса, хоць напачатку
зьбіраліся аддаць галасы за таксама маладога Ўладзімера Навасяда, які раней
быў у Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Вось як патлумачылі перамену настрою
Ірына ды Сьвятлана, якія не пажадалі назваць свае прозьвішчы…
(Ірына: ) «Проста на самой справе такая выбарчая кампанія, што мы мала
ведаем пра сваіх прадстаўнікоў. Усё так ціха праходзіла…»
(Сьвятлана: ) «Всё настолько глухо…»
(Карэспандэнт: ) «Да байкоту як Вы ставіцеся?»
(Ірына: ) «Адносна нэўтральна. Можа мы і падтрымліваем унутрана, але
ў нас няма свабоды слова – нас, студэнтаў, проста выключаць…»
Пасьля інтэрвію на ўчастку зьявіўся й назіральнік ад Свабоднага прафсаюзу
Ўладзімер Гінтоўт, таксама студэнт. Вось што ён паведаміў:
(Гінтоўт: ) «У суботу я зарэгістраваўся на першым паседжаньні камісіі,
арганізацыйным, праверыў гатоўнасьць участка, прысутнічаў сёньня пры апячатваньні.
Ёсьць у мяне яшчэ такія абавязкі, як хадзіць ва ўнівэрсытэт, таму вось
я прыйшоў троху папрацаваць», — сказаў спадар Гінтоўт.
Ён склаў адмысловы пратакол пра назіраньне за галасаваньнем ды пайшоў
вучыцца далей.
Юры Сьвірко, Менск