У нядзелю ў Літве выбіралі парлямэнт. Перамагла сацыял-дэмакратычная
кааліцыя Альгірдаса Бразаўскаса, якая, калі скласьці шматмандатныя акругі
з аднамандатнымі, атрымала 51 месца ў парлямэнце. Мы зьвязаліся з галоўным
рэдактарам радыёстанцыі “Балтыйская хваля” Сяргеем Шупам.
Нагадаю, ў Літоўскім сойме – 141 дэпутат. Выбары адбываліся паводле
прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы. На другім месцы – лібэралы –Саюз лібэралаў
Раландаса Паксаса, які ў свой час быў прэм’ерам Літоўскай Рэспублікі. Яны
атрымалі 34 месцы. На трэцім – Новы саюз Артураса Паўлаўскаса – 29 месцаў.
Працягвае Сяргей Шупа.
(Шупа: ) “Напачатку я прыпомню гісторыю чатырохгадовай даўніны, калі
ў выніку здавалася б канчатковай паразы левых на папярэдніх выбарах у Сойм
ім прарочылі, фактычна, палітычную сьмерць. Думалася, што левыя посткамуністы,
прадстаўленыя Дэмакратычнай партыяй працы Бразаўскаса, ўжо больш ніколі
не падымуць галаву. Аднак, палітычныя прагнозы – рэч няўдзячная, і праз
чатыры гады тыя самы левыя выразна перамаглі на выбарах у літоўскі парлямэнт.
Відавочна, адным з галоўных саюзьнікаў левай кааліцыі было цяжкое эканамічнае
становішча, якое склалося ў Літве ў выніку расейскага фінансавага крызіса.
Варта зазначыць, што менавіта Паўлаўскасу і ягонаму Новаму саюзу сацыялягічныя
апытаньні прарочылі першае месца, аднак ён, нават заняўшы трэцяе, фактычна
захаваў за сабою ключавую ролю ў наступных падзеях. Рэч у тым, што ніводная
з партыяў, а парлямэнцкімі партыямі сталіся чатыры партыі – апрача трох
названых яшчэ кансэрватары Вітаўтаса Ландзбэргіса, – ніводная з гэтых партыяў
ня будзе мець у Сойме абсалютнай бальшыні, г.зн. 71 голас”.
Такім чынам, Літва ўступае ў новую фазу палітычнага жыцьця – у эпоху
кааліцыяў. Дагэтуль пераможцы маглі без усялякіх праблемаў ствараць бальшыню
і маглі вырашаць пытаньні без супрацоўніцтва зь іншымі палітычнымі сіламі.
Пытаньне кааліцыі на другі дзень выбараў у літоўскі парлямэнт – сёньня
пытаньнем нумар адзін.
(Шупа: ) “Рэч у тым, што лібэралы Паксаса не зьбіраюцца ўваходзіць ні
ў якую кааліцыю з пераможцамі сацыял-дэмакратамі, а гэта значыць, што новы
саюз Паўлаўскаса, які адкрыты як да адных, так і да другіх, сёньня будзе
вырашаць, з кім зблякавацца і каму, фактычна, прынесьці асноўную перамогу
на выбарах, у рукі каго даць уладу ў Сойме. У залежнасьці ад таго, ці прыхіляцца
сацыял-лібэралы (як называюць сябе прыхільнікі Новага саюза) або да левых,
або да лібэралаў, вызначыцца – будзе бальшыня Сойму левая ці левацэнтрысцкая,
або памяркоўна правацэнтрысцкая. Новы саюз, сацыял лібэралы, як самі сябе
называюць цэнтрыстамі, але ў іх цэнтрызм мала хто верыць”.
Зь Вільні гаварыў Сяргей Шупа. Такім чынам, можа вызначыцца й новы прэм’ер
Літвы. У залежнасьці ад гэтага выбару ім можа стаць альбо Альгірдас Бразаўскас
альбо лідэр лібэралаў Раландас Паксас. Што гэта будзе азначаць для ўнутранай
і замежнай палітыкі Літвы? На першае месца выходзіць пытаньне кааліцыяў.
Сяргей Шупа:
(Шупа: ) “Фактычна ад самога пачатку. Клаі пачалі прыходзіць першыя
вынікі выбараў, стала ясна, што перамогуць левыя, пераможа Бразаўскас і
яго кааліцыя, і таму лейтматывам усяго гэтага дня, усіх гэтых сутак было
вельмі выразнае падкрэсьліваньне Бразаўскасам таго, што ні ўнутраная, ні
зьнешняя палітыка Літвы ня зьменіцца ні радыкальна, ні рэвалюцыйна, ніяк.
З гэтым згодныя, фактычна, усе камэнтатары, якія зазначаюць, што толькі
тэмпы руху па некаторых кірунках могуць трошкі запаволіцца ці паскорыцца,
а агульны кірунак нацыянальнай палітыкі ня зьменіцца. Зноў жа як тут не
прыпомніць, што некалькі гадоў таму менавіта Альгірдас Бразаўскас падпісаў
просьбу Літвы аб далучэньні да НАТО”.
На сувязі ў Вільні быў галоўны рэдактар радыёстанцыі “Балтыйская хваля”
Сяргей Шупа.
Вольга Караткевіч, Прага