Сёньня

Сёньня – 60 гадоў з дня нараджэньня Джона Ленана. У мінулы чацьвер у Токіо адчыніўся музэй вялікага песьняра. На пачатку году прафэсар каліфарнійскага ўнівэрсытэту Джон Вінэр дамогся рассакрэчаньня дакумэнтаў ФБР пра назіраньне спэцслужбаў за рок-зоркай. Тым часам дасьледчыкі пацягнулі на сьвятло новыя факты з прыватнага жыцьця Ленана і заняліся праблемамі вернасьці ў ягонай сям’і. Гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш:

Вялікімі цікавяцца ўсе. Іхнае жыцьцё знаходзіцца пад пільным вокам прыхільнікаў і нядобразычліўцаў. Пра іх пішуць кнігі, здымаюць фільмы, пляткараць. Іх пазнаюць на вуліцах, і сэкунда іхнай увагі становіцца для некаторых вялікім маральным стымулам… Захопленыя чакаюць ад іх аўтографаў. Фанатыкі па сьмерці вялікіх зьбіраюць усё, што магло б нагадаць пра куміра.

Вялікім даруецца тое, што не даруецца звычайным. Кожны немаральны ўчынак, наркотыкі, разбэшчанасьць цалкам задавальняюць натоўп. Натоўп патрабуе сталай прысутнасьці вялікага але…

Жыцьцё вялікіх, недаступнае натоўпу, абражае натоўп. Такія звычайныя рэчы, як самаўдасканаленьне, адкрытасьць да самога сябе, магчымасьць на прыватнае жыцьцё, асабліва калі натоўп ня ўмее гэтага для сябе – злуе яшчэ нядаўна безаглядна захопленых.

Хвала мяшаецца з брудам у сэрцах,
Кумір ня можа быць недасяжным.
Якія ўнутраныя вадаспады?
Якія плыні што нам неведомыя?
Жыцьцё як самотны келіх на тацы
Натолім амбітнасьць і прагу веды
А тое, чаго адглынуць ня можам,
Таго, канешне ж, і быць не павінна.

Джон Ўінстан Ленан нарадзіўся 9 кастрычніка 40-га году. Налёт авіяцыі справакаваў датэрміновыя роды. Ад гэтага факту біёграфы вялікага творцы пачынаюць лічыць незвычайныя здарэньні ў ягоным жыцьці. Амаль пратакольна апавядаецца пра бойкі, ідэі абрабаваньня банку, узьдзіраюцца сакрэтныя скрыні сямейнага жыцьця, абмяркоўваецца прыхільнасьць да наркотыкаў. Вылізаныя падлогі, зьмеценае сьмецьце, узьняты над усім гэтым Ордэн Сябра Брытанскай Імпэрыі (пазьней вернуты каралеве), тытул баранэта і музыка. Помнік гатовы. Застаецца дачакацца апошняга. Джон Ленан – прарок. Калі ж ён скажа нам сваё слова?

Але прарочы дар не выяўляецца. Сумленны Ленан не займаецца псэўдапрароцтвамі. Натоўп злуецца. Гэні ня думае пра тое, што прароцтвы не павінныя збывацца. Яны мусяць адпавядаць жаданьню натоўпу. Шчырыя выказваньні куміра не супадаюць са спадзяваньнямі, і натоўп дзейнічае паводле сваіх законаў. Гэтым разам ягонае імя Марк Чэпмэн. Як і належыць натоўпу, ён бярэ ў свайго куміра аўтограф і… страляе.

Зусім ня дзіўна, што сёньня, праз 20 гадоў пасьля забойства, Марк Чэпман усё яшчэ ня можа растлумачыць, чаму ён забіў свайго куміра, аднак ягоныя вэрсіі нібыта пацьвярджаюць усё сказанае. Забойца знайшоў вінаватага – свайго бацьку, які таксама жыў паводле законаў натоўпу і таму ня надта зважаў і заўважаў свайго сына. “Чым больш я пра гэта думаю, тым менш адчуваю любоў бацькі, – кажа Чэпман. – Магчыма, забіваючы Ленана, я помсьціў бацьку і заадным разбураў сваё ўласнае жыцьцё”. І далей пра Ленана: “Я думаю, яму не было б напляваць на мяне. Я думаю, ён, магчыма, хацеў бы бачыць мяне на волі”.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага