Мітынг у Берасьці сёньня стаў адной з самых шматлюдных акцыяў, якія
апошнім часам ладзіла апазыцыя ў горадзе. Паводле зьвестак арганізатараў,
у мітынгу на стадыёне “Будаўнік” узялі ўдзел 1,5 тысячы чалавек.
(Супрунюк: ) “Аднак, намесьнік начальніка берасьцейскай міліцыі Тадэвуш
Лаганоўскі заявіў мне, што ў акцыі ўзялі ўдзел ня больш за 500 чалавек,
а астатнія асобы, што там былі, да мітынгу дачыненьня ня маюць. Гэтую заяву
можна расцэньваць і як пацьверджаньне таго, што сярод удзельнікаў было
шмат супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў у цывільным. Міліцыянтаў у форме
было мала.
У Берасьце на мітынг прыехалі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай
грамады Станіслаў Шушкевіч, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, а таксама
адзін з кіраўнікоў БСДП (Народная Грамада) Анатоль Сідарэвіч, які ня згодны
з рашэньнем кіраўніцтва сваёй партыі адносна ўдзелу ў выбарах. Вось што
сказаў Станіслаў Шушкевіч:
(Шушкевіч: ) “Гэтыя выбары ідуць ва ўмовах поўнай несвабоды сродкаў
масавай інфармацыі… і пад час, калі зьнікаюць людзі”.
Выступоўцы заклікалі прысутных да байкоту выбараў.
Сёньня на берасьцейскім рынку “Юбілейны” быў затрыманы міліцыяй Рыгор
Варвашэвіч, які распаўсюджваў улёткі-запрашэньні на санкцыянаваную ўладамі
сёньняшнюю акцыю.
Юры Хадыка, які выступаў апошнім, заклікаў берасьцейцаў ня толькі самім
ня йсьці на выбары, але і пастарацца зрабіць так, каб байкот стаў рэальнасьцю”.
(Радкевіч: ) “Алег, ці адчувалася на мітынгу яго ўдзельнікамі тое, што
яны, так бы мовіць, не адны, што яшчэ ў 22 гарадох краіны адбываюцца акцыі
салідарных зь імі людзей?”
(Супрунюк: ) “На мітынгу, сапраўды, было зачытана, што акцыі праходзяць
і ў іншых гарадох Беларусі. Паколькі берасьцейскі мітынг пачаўся пазьней,
чым акцыі ў іншых гарадох – у 14.30 – дык ужо было вядома, што і ў Горадні,
і ў Гомелі і ў іншых месцах таксама былі шматлюдныя акцыі.
Дадам яшчэ, што ўчора па абедзе ў Берасьце прыехала брыгада швэдзкага
тэлебачаньня, 4-га каналу, асноўнай мэтай якой было асьвятленьне выбараў
у Польшчы. Але калі швэды даведаліся, што ў Беларусі таксама адбываюцца
значныя падзеі, яны завіталі да нас у горад. Учора яны былі затрыманыя,
калі здымалі агітацыю аднаго з кандыдатаў ад БСДП (Народная Грамада) Георгія
Руцкага. Іх пратрымалі гадзіну ў пастарунку і загадалі хутка пакінуць Берасьце”.
Алег Супрунюк, Берасьце