У Горадні ў мітынгу і шэсьці ўзялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек. Перд
імі выступіў старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Акцыі апазыцыі адбыліся таксама
ў Слоніме і Лідзе.
(Радкевіч: ) “Як адбываліся акцыі ў Горадні? Там, як нам вядома, акцыя
была дазволеная”.
(Астраўцоў: ) “Сёньня ў нас адбылася сустрэча з выбаршчыкамі і шэсьце,
у якім узялі ўдзел каля 2-х тысячаў чалавек. Пачалася яна выступам мастака
Дзьмітрыя Іваноўскага. Ён, а пасьля настаўніца Ірына Данілоўская, заявілі,
што асабіста яны ўдзельнічаць у выбарах ня будуць.
Затым Мікола Воран зачытаў зварот сваіх суседзяў у Цэнтральную выбарчую
камісію, у якім яны адмаўляюцца браць удзел у выбарах.
Кінулася ў вочы тое, што ўпершыню сярод сабраных было шмат падлеткаў.
Нават гадоў па 10. На грудзях яны прышпілілі карткі з надпісам “Патрабую
сапраўдных выбараў”. Хаця яны – выбаршчыкі будучыя”.
(Радкевіч: ) “Сяргей, ці былі выступоўцы зь Менску? Бо, як мы ведаем,
прадстаўнікі Каардынацыйнай рады дэмакратычных партыяў мусілі наведаць
усе рэгіёны, дзе адбываюцца акцыі”.
(Астраўцоў: ) “Для сабраных сапраўды быў нечаканым выступ старшыні БНФ
Вінцука Вячоркі. Ён нагадаў пра югаслаўскі прыклад і на беларускай, сэрбзкай
і ангельскай мовах сказаў “Сёньня - Мілошавіч, заўтра – Лука”. Прамоўца
падкрэсьліў, што выбары Палаты пагражаюць узаконеньнем саюзнай дамовы з
Расеяй. Няўдзел у фарсе бароніць незалежнасьць, як сказаў старшыня БНФ.
Пасьля гэтага была прынятая рэзалюцыя з асуджэньнем недэмакратычных выбараў.
Пасьля сабраныя калёнай прайшлі па вуліцах. Падрыхтаваная да дзеяньняў
міліцыя, загаду спыніць шэсьце не атрымала. Зьвестак пра затрыманьні пакуль
няма”.
(Радкевіч: ) “Сяргей, як нам вядома, сёньня і ў Гарадзенскай вобласьці
ў некаторых гарадох павінныя былі адбыцца акцыі апазыцыі. У прыватнасьці,
у Слоніме і Лідзе. Ці ёсьць інфармацыя адтуль?”
(Астраўцоў: ) “У Слоніме быў пікет, дазволены ўладамі. Некалькі дзесяткаў
чалавек каля дзьвюх гадзінаў раздавалі ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў.
Усё прайшло спакойна. У Лідзе ўлады мітынгу не дазволілі. Тады на плошчу
Леніна апазыцыя выйшла і правяла сустрэчу з выбаршчыкамі. Сабраліся людзі,
пайшлі да Кургану славы. Міліцыя таксама іх не чапала. Людзей было няшмат,
некалькі дзесяткаў чалавек”.
(Радкевіч: ) “Ці гэтая акцыя нечым адметная ў параўнаньні зь іншымі
гарадзенскімі акцыямі апазыцыі?”
(Астраўцоў: ) “Усё адбылося вельмі зладжана. Добра. Людзі навучыліся
выступаць сьцісла. І істотна”.
Сяргей Астраўцоў, Горадня