Восьмага кастрычніка ў 22-х гарадох Беларусі пройдуць акцыі апазыцыі
ў падтрымку вольных і дэмакратычных выбараў, супраць выбарчага фарсу. У
палове гэтых гарадоў акцыі адбудуцца несанкцыянавана, бо мясцовыя ўлады
не далі дазволу на іх правядзеньне.
Рэгіянальныя апазыцыйныя акцыі 8 кастрычніка будуць праходзіць у розных
формах. У тых гарадох, дзе ўлады далі дазвол на правядзеньне акцыяў, пройдуць
мітынгі і, магчыма, шэсьці. Там, дзе дазволу атрымаць не ўдалося, адбудуцца
проста сустрэчы з выбаршчыкамі, што дазваляецца Выбарчым кодэксам. У гэты
дзень у рэгіёны зь Менску паедуць лідэры ўсіх палітычных партыяў, што ўваходзяць
у аб’яднаную апазыцыю. У сталіцы застануцца ўсяго некалькі каардынатараў,
якія будуць зьбіраць інфармацыю пра тое, як праходзяць акцыі.
Вось што паведаміў нашаму радыё адзін з каардынатараў акцыі апазыцыі
8 кастрычніка, сакратар управы БНФ Юрась Пальчэўскі:
(Пальчэўскі: ) “Акцыі падрыхтавалі ў цэлым нармальна. Могуць быць нейкія
збоі па асобных гарадох – усе людзі жывыя. Міліцыя пачала асабліва гэты
тыдзень моцна ціснуць на ўсіх. Даходзіць да таго, што проста ў адкрытую,
у прыватнасьці, з Мазыра ад каардынатара прыйшло паведамленьне – яму паведамілі,
што калі толькі 8-га паспрабуеш выйсьці з дому, то цябе проста ля па’езда
арыштуем, і нікуды ты ня пойдзеш увогуле. Так што, можа, асечкі і будуць,
але прайсьці павінна нармальна. Людзі рыхтуюцца”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму, на Вашую думку, у большасьці гарадоў улады адмовілі
арганізатарам акцыяў у іх правядзеньні?”
(Пальчэўскі: ) “Як цэнтральнае кіраўніцтва сябе паводзіць, так і на
месцах. Проста баяцца, бо іншых падставаў не было. І ў Менску мы стараліся
як маглі больш цывілізавана і спакойна правесьці акцыю. За гэта мелі нараканьні
і ад моладзі, і ад больш гарачых прыхільнікаў, але каб не даваць падставаў
забараняць акцыі ў іншых гарадох 8-га, мы тут мірна ўсё правялі. І тым
ня менш, бачыце, усё роўна ўлады паводзяць сябе па-свойму”.
(Карэспандэнт: ) “Лідэраы аб’яднанай апазыцыі разьяжджаюцца ў гэты дзень
па рэгіёнах. Што іх прысутнасьць у розных гарадах дасьць?”
(Пальчэўскі: ) “Калі прыяжджае нехта са сталіцы, гэта адразу падвышае
статус мерапрыемства. Па-другое, ужо колькі часу ўлады абвінавачваюць апазыцыю,
што тая з насельніцтвам не працуе. Ну вось хай паглядзяць – усе разьяжджаюцца
па ўсіх гарадах. Гэта будзе прыцягненьне новых людзей і падняцьцё баявога
духу тых, хто ўжо зьяўляецца сябрамі адпаведных партыяў”.
Гэта быў каардынатар апазыцыйнай акцыі 8 кастрычніка Юрась Пальчэўскі.
Спадар Пальчэўскі таксама паведаміў, што за правядзеньнем апазыцыйных
акцыяў у рэгіёнах будуць назіраць прадстаўнікі Бюро правоў чалавека АБСЭ,
каб фіксаваць кожны факт рэпрэсіяў уладаў супраць апазыцыі. Паколькі лідэры
апазыцыі маюць намер заклікаць удзельнікаў акцыяў ня браць удзелу ў выбарах,
дык арганізатары лічаць, што пазьбегнуць затрыманьняў у часе акцыі 8 кастрычніка,
хутчэй за ўсё, ня ўдасца.
Альгерд Невяроўскі, Менск