Сёньня

Першы рэпартаж аднаго з нашых карэспандэнтаў на Маршы Свабоды-3. Ён знаходзіцца на месцы збору ўдзельнікаў сёньняшняй акцыі.

(Каліноўскі: ) “Зараз у Менску 12:20. Пачынаецца Марш Свабоды-3. Адразу трэба адзначыць два адрозьненьні ад папярэдніх Маршаў. Гэтая акцыя дазволеная гарвыканкамам, і другое – у Менску надзвычай добрае: цёплае і сонечнае надвор’е. Арганізатары разьлічваюць у гэтай акцыі на посьпех.

На пляцоўцы ля Акадэміі Навук сабралася недзе 5-7 тысяч чалавек. Ня так добра відаць з-за дрэваў. Калі людзі пастануць у калёну, дык будзе лепш відаць. Вельмі шмат моладзі. Актывісты Маладога Фронту ўзброіліся рознымі пішчалкамі, сьвісткамі, гучыць музыка.

Лёзунгі на плякатах заклікаюць да байкоту выбараў у “палату прадстаўнікоў”, да змаганьня за незалежнасьць Беларусі і да свабоды палітвязьням. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, сьцягоў Эўразьвязу, сьцягоў краінаў-суседзяў Беларусі.

Я заўважыў тут назіральнікаў ад замежных пасольстваў, ад Канстультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, некалькі сьвятароў.

Міліцыі тут няшмат, але як мне паведаміў толькі што адзін з арганізатараў акцыі Вячаслаў Сіўчык, адзін інцыдэнт ужо адбыўся.
Сталічная аўтаінспэкцыя затрымала два мікрааўтобусы, на якіх перавозілася гукаўзмацняльная апаратура і рыштунак – сьцягі і транспаранты. Аўтобусы ўдалося адбіць, але яны спазьніліся сюды на пляц ля Акадэміі. Але арганізатары і міліцыя мяркуюць, што ўсё пройдзе вельмі дысцыплінавана.

Толькі што да людзей зьвярнуўся старшыня аргкамітэту Юры Хадыка. Ён заклікаў да дысцыпліны. Ён сказаў: “Масавасьць і дысцыпліна – гэта галоўныя нашыя аргумэнты”. Ён заявіў, што сутнасьць акцыі – гэта патрабаваньне роўных і свабодных выбараў. “Нашая мэта – перамога над рэжымам Лукашэнкі і перамены ў жыцьці, абарона незалежнасьці і дэмакратыі”, – заявіў Юры Хадыка.

Валер Каліноўскі, Менск