У часе прэсавае канфэрэнцыі, прысьвечанай праблемам
СНІДу, прадстаўнік ААН у Беларусі Ніл Бунэ паведаміў, што, паводле экспэртаў,
сытуацыя з гэтай хваробаю ў Беларусі пакуль не выглядае катастрафічнай
— у краіне зафіксавана 3 тысячы 158 ВІЧ-інфікаваных. Усяго ў свеце з-за
СНІДу загінулі ўжо 22 мільёны чалавек, а больш за 36 мільёнаў жывуць з
гэтай хваробаю.
Сёлета ў Беларусі зарэгістравана яшчэ 406 чалавек, інфікаваных вірусам
СНІД. Усяго ў краіне цяпер 3 тысячы 158 ВІЧ-інфікаваных. Больш як 72% зь
іх — мужчыны, 85% інфікаваных — моладзь у веку ад 15 да 29 гадоў. У параўнаньні
зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, сытуацыя ў Беларусі ня лічыцца катастрафічнаю,
але, як адзначыў у часе прэсавае канфэрэнцыі прадстаўнік ААН у Беларусі
Ніл Бунэ, супакойвацца нельга.
Ніл Бунэ:
“Нягледзячы на добрую працу, якая была зробленая ў Беларусі ў справе
прафіляктыкі СНІДу, мяне часта пытаюць, чаму мы ўкладваем рэсурсы ў Беларусь,
— бо колькасьць заражоных тут даволі невялікая. Але, калі йсьці зь міжнароднага
досьведу, тады зразумела, што СНІД — гэта хвароба, якая можа вельмі хутка
распаўсюджвацца. Толькі за апошні год ва Ўсходняй Эўропе колькасьць інфікаваных
СНІДам павялічылася ўдвая. У афрыканскай краіне Бацване цяпер 36 адсоткаў
жанчынаў у веку ад 15 да 36 гадоў інфікаваныя СНІДам. А пятнаццаць год
таму сытуацыя там таксама не была катастрафічнаю. Да таго ж міжнародны
досьвед сьведчыць, што ў часе сацыяльных катаклізмаў гэтая хвароба распаўсюджваецца
вельмі хутка”, — распавёў Ніл Бунэ.
Што да Беларусі, то тут апошнім часам былі зарэгістраваныя асобныя ўспышкі
захворваньня на СНІД — у Лідзе, Пінску, Бабруйску ды іншых гарадох. Але
такой колькасьці заражоных, як гэта было ў 96-м годзе ў Сьветлагорску,
каля 2 тысячаў чалавек, у гэтых выпадках не зарэгістравана (напрыклад,
у Лідзе — больш за 100 выпадкаў). Што да Сьветлагорску, дык у гэтым горадзе
Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя ўжо тры гады рэалізуе супольны адмысловы
праект. Адзін зь ягоных вынікаў — сёлета распаўсюджаньне СНІДу ў Сьветлагорску
павялічылася толькі на 2%.
У Беларусі пакуль няма бюджэтнага фінансаваньня дзяржаўнае праграмы
прафіляктыкі СНІДу, яна фінансуецца за кошт неафіцыйных ахвяраваньняў шматлікіх
дзяржаўных і недзяржаўных установаў, а таксама пры дапамозе міжнароднае
супольнасьці. Усе беларускія інфікаваныя на СНІД пакуль атрымліваюць бясплатнае
лячэньне.
Ганна Соусь, Менск