Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі плянуюць шырока адзначыць
10 сьнежня 52-ю гадавіну абвяшчэньня Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чалавека.
У Менску ды іншых буйных гарадох краіны пройдуць вулічныя акцыі ў абарону
правоў чалавека.
Менскі гарадзкі выканкам адмовіў прадстаўнікам Праваабарончага цэнтру
“Вясна” ў правядзеньні пікету ў Міхайлаўскім сквэры, што ў цэнтры гораду,
і дазволіў акцыю на пляцы Бангалёр. Дамоўленасьць пра сьвяткаваньне Дня
правоў чалавека дасягнутая паміж прадстаўнікамі цэнтру “Вясна”, Беларускага
Гэльсынскага Камітэту, групы “Гэльсынкі–21” ды іншых праваабарончых арганізацыяў.
Удзельнічаць у ёй таксама зьбіраюцца сябры партыяў і арганізацыяў, што
ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў.
Як паведаміў нашаму радыё адзін з арганізатараў акцыі 10 сьнежня, супрацоўнік
цэнтру “Вясна” й былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Барыс
Гюнтэр, ніхто з праваабаронцаў і апазыцыянэраў ісьці на пляц Бангалёр намеру
ня мае.
(Гюнтэр: ) “Улада не паважае правоў чалавека і заганяе акцыю на сабачнік.
Самая галаўная каштоўнасьць чалавецтва ды любога грамадзтва – правы чалавека.
І сёньня гэтая гадавіна, якая перанесена на пляцоўку сабачніка, яна відавочна
кажа аб тым, што ў нас не паважаюцца правы чалавека. І мы ніколі не пагодзімся
з уладамі, якія парушаюць усе дэклярацыі, ратыфікаваныя нашай дзяржавай
і заганяюць людзей на высілкі.”
Праводзіць далейшыя перамовы з уладамі праваабаронцы лічаць бескарысным.
У бліжэйшы час яны накіруюць у гарадзкі выканкам афіцыйную адмову ад правядзеньня
пікету “на Бангалёры”. Замест гэтага праваабаронцы плянуюць адзначыць Дзень
правоў чалавека гуляньнямі ў цэнтры Менску.
Канкрэтнага месца збору ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі спадар Гюнтэр
не назваў, бо высьцерагаецца, што ўлады зробяць адпаведныя захады. Разам
з тым, арганізатары гуляньняў не баяцца магчымых рэпрэсіяў з боку ўладаў.
Барыс Гюнтэр працягвае: “Мы перайшлі тую мяжу, КАЛІ ТРЭБА БАЯЦЦА. Інакш
заявіць пра сябе, аб правах чалавека, аб клопатах пра нашых людзей, няма.
Мы спрабуем вывесьці людзей з пад юрыдычнае адказнасьці, і таму гэта будуць
вольныя гуляньні, дастаткова відовішчныя.”
Адным з галоўных патрабаваньняў удзельнікаў акцыі да ўладаў будзе пахутчэньне
расьсьледваньня справаў пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара,
Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.
Пікеты ў абарону правоў чалавека пройдуць 10 сьнежня і ў іншых буйных
гарадох Беларусі. А напярэдадні гэтых акцыяў Беларускі Гэльсынскі Камітэт
правядзе міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную Дню абароны правоў чалавека.
У ёй возьмуць удзел праваабаронцы з Даніі, Швэцыі, Нарвэгіі ды іншых эўрапейскіх
краінаў.
Альгерд Невяроўскі, Менск