Сёньня

Былы кіраўнік справаў Аляксандра Лукашэнкі Іван Ціцянкоў, які ў свой час узначальваў таксама Беларускі фонд запаведнікаў, калісьці пачаў будаваць у Белавескай пушчы вялікую царкву. Ужо год, як Ціцянкоў зьняты з высокай пасады, а царква так і засталася надабудаванаю. Дарэчы, ў Белавескай пушчы багата адмысловых новабудоўляў, распачатых пры Іване Ціцянкове…

Паводле галоўнага рэдактара экалягічнае газэты “Белавеская пушча” Валерыя Дранчука, які нядаўна наведаў запаведнік, знакаміты нацыянальны парк паступова ператвараецца ў камэрцыйную ўстанову. На тэрыторыі цэнтральнае сядзібы апошнім часам пабудаваныя тэнісныя корты, два гатэлі, шыкоўная рэстарацыя. Да таго ж пушча высякаецца і актыўна эксплюатуецца.

Распавядае Валеры Дранчук.

(Дранчук: ) “Калі раней гэта ўсё было больш прыродалюбна, больш прыродаахоўна, то цяпер гэта ўсё стала абсалютна камэрцыйным, стала па-ціцянкоўску. Там ніякай прыродааховы, фактычна, не засталося. Там буйная камэрцыя квітнее. Таму там і рэстаран, і пастаянныя нямецкія паляўнічыя. І раптам зьяўляецц вось царква”.

Гаварыў Валеры Дранчук.

Царкву пабудавалі на ўскрайку вёскі Камянюкі, дзе знаходзіцца цэнтральная сядзіба нацыянальнага парку “Белавеская Пушча”. Навошта было ўзводзіць храм менавіта там? Паводле Валерыя Дранчука, гэта досыць далікатнае пытаньне.

(Дранчук: ) “Можа яна і патрэбная, але нейкая невялічкая, маленькая, бо побач, у Зьмітравічах таксама царква – можа і пяць кілямэтраў няма. Тым ня менш у Камянюках, у цэнтральнай сядзібе вырашылі пабудаваць гэтую царкву. Яна сапраўды вельмі вялікая, вельмі шыкоўная, вышынёй паверхаў пяць, як мінімум. Прычым абсалютна з бруса. Для чаго такая царква? Тут магла б быць царква, але значна больш сьціплая. Ціцянкоў, відаць, вырашыў сябе паказаць”.

Зазначыў Валеры Дранчук.

У Белавескай Пушчы ёсьць яшчэ адна цікавая новабудоўля — шыкоўны катэдж былога генэральнага дырэктара нацыянальнага парку Васіля Жукава. Будынак вылучаецца сваім сучасным выглядам і заможнасьцю. Васіль Жукаў узначальваў нацыянальны парк у час Івана Ціцянкова, і сыйшоў са сваёй пасады амаль адразу ж пасьля адстаўкі шэфа. Цяпер Васіль Жукаў працуе ў адміністрацыі Лукашэнкі. Як адзначаюць асобы, блізкія да цяперашняга кіраўніцтва нацыянальнага парку, ён і дагэтуль шчыльна зьвязаны са справамі Белавескае пушчы.

…Недабудаваная царква, высячэньне пушчы й паступовая камэрцыялізацыя нацыянальнага парку — менавіта такі адбітак застаўся ў Белавескай пушчы ад Івана Ціцянкова. Як мяркуе Валеры Дранчук, Іван Іванавіч пакінуў ня самы лепшы сьлед у Белавескай Пушчы.

Ганна Соусь, Менск