Першыя ж галасаваньні ў камісіях новаабранае “Палаты прадстаўнікоў”
выявілі шэраг меркантыльных інтарэсаў, зь якімі дэпутаты прыйшлі ва ўладу.
Пры поўнай пасыўнасьці пад час вылучэньняў у камісіі, якія займаюцца эканамічнымі
ды сацыяльнымі пытаньнямі, колькасьць тых, хто пажадаў трапіць у міжнародную
камісію, перавысіла ўсе чаканьні. Між тым, міністэрства фінансаў усталявала
нормы выдаткаў пад час замежных паездак дэпутатаў.
Сытуацыя, калі заканатворцы неахвотна ідуць працаваць, напрыклад, у
камісіі па навуцы, эканоміцы ці адукацыі, затое любым чынам імкнуцца трапіць
у міжнародную камісію, наўпрост паўтарае тое, што нядаўна адбывалася ў
расейскай Дзяржаўнай думе. Там ажно 56 групаў міжнароднага сяброўства і
абсалютны рэкардсмэн ад фракцыі “Единство”, нехта Копцеў-Дворнікаў, які
запісаўся сябраваць з 29 краінамі сьвету. Тлумачыцца гэта проста: ёсьць
рэальная магчымасьць ня толькі сьвет пабачыць, але й крыху зарабіць.
Мы атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з памерамі “камандзіровачных” выплатаў,
вызначаных Міністэрствам фінансаў адмыслова для дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”.
Гіпатэтычны візыт у Вялікую Брытанію падмацоўваецца 35 фунтамі стэрлінгаў
сутачных і да 100 фунтаў на жытло. Ганконг — $45 сутачных і да $300 за
гатэль. Намібія — адпаведна $50 і $80, Славенія — 50 і 55, Чэхія — 35 і
90. Зь фінансавага пункту гледжаньня самая непрывабная паездка — у Эстонію
(усяго 15 нямецкіх марак за суткі). Праўда, самыя прыбытковыя паездкі (напрыклад,
на паседжаньні Эўрапарлямэнту ў Страсбург (а гэта $200–300), беларускім
дэпутатам недаступныя.
На якіх падставах у Менску вызначаліся кандыдаты на аднабаковае сяброўства,
цяжка сказаць. Усяго ў сьпісе 53 краіны: ад суседняе Польшчы да экзатычнае
Кабо-Вэрдэ. Краіны са спэцыфічнай рэпутацыяй (Ірак, Іран, КНДР, Калюмбія,
Куба, Лівія ды шэраг іншых) складаюць большасьць патэнцыйных партнэраў
беларускіх заканадаўцаў. Затое нават тэарэтычна ня маюцца на ўвазе кантакты
з калегамі з Францыі, Нямеччыны, ЗША, Швайцарыі ды іншымі краінамі сталае
дэмакратыі.
Вось што мяркуе наконт пэрспэктывы міжнароднай актыўнасьці “Палаты прадстаўнікоў”
Анатоль Лябедзька, які ўваходзіў у склад міжнароднай камісіі Вярхоўнага
Савету Беларусі.
(Лябедзька: ) “Пакуль што ідзе рэакцыя на “лэйбу” Камісіі міжнародных
справаў. Гучыць прывабна, адразу асацыяцыі – Бэрлін, Парыж… Пра гэта можна
толькі марыць, знаходзячыся ў “Палаце”. Людзі не вывучаюць некторыя дакумэнты
міжнародных арганізацый, нацыянальных урадаў і парлямэнтаў. Адназначная
пазыцыя ў адносінах да выбараў, да “Палаты прадстаўнікоў”… Можна, натуральна,
плянаваць нейкія паездкі ў экзатычныя краіны ў фармаце Міжпарлямэнцкага
саюза, які, відаць, і далей будзе прызнаваць “Палату прадстаўнікоў”. Няма
нічога дзіўнага – там ёсьць падстаўнікі Фідэля Кастра, Садама Гусэйна,
Муамара Кадафі. Таму могуць быць выезды ў афрыканскі рэгіён, калі-нікалі
ў Эўропу, ну і ў СНД. Таму спадзяваньні вялікія, а рэальнасьць і пэрспэктывы
– ня вельмі прывабныя”.
Мінулы склад “Палаты прадстаўнікоў” цягам усяго тэрміну толькі 6 разоў
здолеў выправіцца ў госьці. Прымалі беларускіх дэпутатаў Куба, Кітай, Віетнам,
Іран, Югаславія ды Ізраіль. Чарговае непрызнаньне ўсясьветным супольніцтвам
вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Беларусі азначае, што спадзяваньні на палітычны
турызм заўчасныя.
Ігар Карней, Менск